Алесь Пашкевіч: беларускія кнігі чытаюць мала, бо іх няма каму чытаць

"Беларускія навіны" зладзілі анлайн-канферэнцыю з удзелам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў...

 

"Беларускія навіны" зладзілі анлайн-канферэнцыю з удзелам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесем Пашкевічам, пераабраным на гэтую пасаду на з'ездзе літаратарскай арганізацыі ад 22 кастрычніка. Да яго Саюз ачольвалі такія пісьменнікі, як Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Васіль Зуёнак, Уладзімір Някляеў, Вольга Іпатава.

Алесь Пашкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Набушава пад Слуцкам. Скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, потым аспірантуру пры ім, абараніў кандыдацкую дысертацыю, выкладаў да вясны гэтага года на родным філфаку беларускую літаратуру. Звольнены адтуль, як ён лічыць, з палітычных матываў. Варта таксама зазначыць, што ў 2003 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія не зацвердзіла яго доктарскую дысертацыю "Канцепцыя нацыянальнага быцця ў прозе беларускага замежжа XX стагоддзя".

Алесь Пашкевіч — адзін з заснавальнікаў часопіса маладых літаратараў "Першацвет", кіраваў аддзелам паэзіі ў часопісе "Нёман". У 1994 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік "Нябёсная сірвента". У 2001 годзе выйшаў мастацка-дакументальны раман "Пляц Волі". Адносна нядаўна быў напісаны раман "Круг".

У Саюзе беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч апынуўся яшчэ студэнтам. Ачольвае яго з 2002 года.

Алесь Пашкевіч 

— Алесь, добрага дня! Віншую з перабраннем! Калі, канечне, для Вас гэта поспех, а не грамадская нагрузка с турботамі. Гілевіч на з'ездзе казаў пра тое, што пісьменнікі ёсць вядучай сілай грамадства. Мо так і добра было б, але так не ёсць цяпер у Беларусі. Дый не ў Беларусі таксама. Што Вы думаеце на гэты конт?
Не-пісьменнік (толькі вучуся), Мінск

— Шчырая ўдзячнасьць за віншаваньне. Для мяне асабіста гэта і нагрузка, і турботы, але і, шчыра прызнаюся, посьпех. Пра тое, што пісьменьнікі заўсёды былі наперадзе не толькі духоўных, але й грамадзкіх, ды і палітычных працэсаў, засьведчыла сама беларуская гісторыя.

Не зважаючы на тое што цягам мінулых дзесяцігодзьдзяў беларускія пісьменьнікі не надзяляліся адпаведнай высокай увагай дзяржавы, гэта не адабрала ў іх пачуцьця адказнасьці ня толькі перад днём сёньняшнім, але й перад нашай нацыянальнай будучыняй. Беларусь абавязана сваім літаратарам і сёньняшняй дзяржаўнасьцю, і нават сваёй назвай. Успомнім Францішка Багушэвіча, які адзін зь першых запачаткаваў назву сучаснай нашай дзяржавы. Гэта яны, беларускія пісьменьнікі (Янка Купала, Якуб Колас, Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны і дзесяткі іншых) яшчэ на пачатку XX стагодзьдзя распачыналі Адраджэньне. Засноўвалі першыя беларускія газеты ("Свабода", "Наша Доля", "Наша Ніва") і празь іх вялі гаворку са сваім народам. Гэта яны спрычыніліся да стварэньня першых беларускіх дзяржаў новага часу: БНР і БССР. Урэшце, нацыянальныя пісьменьнікі, хай гэта не прагучыць па-максімалісцку, стварылі беларускі народ і абудзілі беларускую нацыю.

У еўрапейскіх краінах сёньня перад творцамі дзяржаватворчая задача не паўстае. Беларусам жа наканавана да ўсяго, акрамя уласна эстэтычных праблемаў, вырашаць і нацыянальна-адраджэнскія клопаты. У гэтым і іх сіла, у гэтым і іх высокая гістарычная місія. 

— Памятаецца, як вас толькі абралі старшынём, з вамі меў намер сустрэцца прэзідэнт. Ці адбылася такая сустрэча з ім ці з некім іншым з уладаў?
Ганна

— Сустрэча з прэзідэнтам адбылася яшчэ ў 2003 годзе. На ёй прысутнічалі таксама страшыні і іншых творчых арганізацый краіны. Прэзідэнт паставіў пытаньне, ці ёсьць увогуле сучасная беларуская літаратура, і калі ёсьць, то каб мы паклалі на стол "патрэбную народу кнігу".

Я перакананы, што такімі кнігамі, выдадзенымі нават пасьля той сустрэчы, можна закласьці любы самы вялікі стол. Іншая рэч, што гэтыя кнігі трэба прачытаць, гэтыя кнігі трэба данесьці да народа. Не сакрэт, што многія сучасныя беларускія літіратары сёньня больш запатрабаваныя і больш вядомыя за межамі Беларусі, дзе актыўна друкуюцца ў перакладах. Непублікаваныя раней аповесьці і апавяданьні Васіля Быкава, паэтычныя зборнікі Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, дзесятка маладых паэтаў, проза Сьвятланы Алексіевіч выходзяць у перакладах па-расейску, па-ўкраінску, па-польску. На Беларусі ж іх творы зьяўляюцца толькі ў недзяржаўных выдавецтвах накладамі ня больш тысячы асобнікаў. Многія з гэтых кніг дзяржаўны гандаль адмаўляецца браць на рэалізацыю.

Аднак напісанае застаецца... 

— Нужен ли Союз писателей вообще? Каковы ваши контакты с Союзом Чергинца?
Виктор Розум, Минск

— Саюз беларускіх пісьменьнікаў быў і застаецца патрэбным і як своеасаблівы прафсаюз літаратараў, і як асьветніцкая арганізацыя. Гэта факт. Падобныя Саюзы існуюць амаль ва ўсіх еўрапейскіх дзяржавах. Больш за тое, у сьвеце дзейнічае некалькі адпаведных міжнародных асацыяцый: Міжнародны пісьменьніцкі парламент, Міжнародная супольнасьць пісьменьніцкіх саюзаў, Міжнародная піьсменьніцкая асацыяцыя "Слова бязь межаў". Сузаснавальнікамі двух апошніх зьяўляецца менавіта наш Саюз.

Што ж тычыцца кантактаў з новаствораным Саюзам... На ўзроўні арганізацый іх няма. Перакананы, што не па нашай віне. 

— Цікава было б даведацца ў спадара Пашкевіча ня толькі аб яго грамадскіх плянах (наконт сітуацыі вакол СБП), але і пра творчыя. Пра што зараз піша, альбо зьбіраецца пісаць. Якая тэма зараз найбольша хвалюэ, пра што часьцей думаецца. Дзякуй.
Сяргей, Магілёў

— Грамадзкія планы простыя, яны вынікаюць з маёй пасады. Найперш неабходна актывізацаць дзейнасьць Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, запачаткаваць свой бюлетэнь, інтэрнэт-бібліятэку, знайсьці і набыць памяшканьне. Саюз павінен спрыяць выданьню кніг сваіх сяброў, іхняй прапагандзе, адстойваць свабоду творчасьці, свабоду выказваньняў. А таксама дбаць пра захаваньне літаратурнай спадчыны. У гэтым накірунку найперш будзем намагацца завяршыць выданьне поўнага збору твораў Васіля Быкава.

Што да маіх асабістых творчых планаў, то хацелася б, каб яны асабістымі пакуль і засталіся. Пра ўсё скажуць публікацыі і, калі дасьць Бог, новыя выданьні. А найбольш хвалюе мяне зараз старонка з гісторыі Беларусі і ня толькі яе. Маю на ўвазе часы Івана Жахлівага і кнігавыдавецкую дзейнасьць беларуса Івана Федаровіча...

— Алесь, скажыце, калі ласка, а дзе вы зараз працуеце? З чаго жывяце?
Plus, Віцебск

— На гэты момант я афіцыйна беспрацоўны. Пасьля звальненьня з Белдзяржуніверсітэту у сакавіку гэтага года працу пакуль не знайшоў. Каб выжыць, давялося прадаць сваё аўто... 

— Колькі вы пішаце ў сярэднім на дзень? У знаках...
Вячаслаў

— Ніколі не рабіў такія падлікі. Ды й не знакамі вымяраецца напісанае. Але штодня ніколі не пісаў.

— Ці пішаце вы яшчэ вершы? Ці пісалі калі ўвогуле па-расейску?
Ірына, Мінск

— Вершы яшчэ прыходзяць. Ды і, па шчырасьці, не зважаючы на дзьве выдадзеныя кнігі прозы, унутры пачуваюся паэтам. Як паэт, зрэшты, я і быў прыняты ў Саюз пісьменьнікаў. А па-расейску пісаў толькі школьныя сачыненьні.

— Я слышал, что Адам Глобус не входит ни в один Союз писателей? Как Вы думаете, почему?
В.Ануфриев, Минск 

— Гэта пытаньне перадусім да Адама Глёбуса. З Саюза беларускіх пісьменьнікаў ён не выходзіў. Дарэчы, у гэтым жа Саюзе быў і ягоны бацька, вядомы празаік, Вячаслаў Адамчык, ёсьць і ягоны брат Міраслаў Шайбак.

— Прывітаньне спадар Алесь! 1) Як магчыма сёньня ў нашым спрэс русіфікаваным грамадзтве павялічваць колькасьць чытачоў беларускае беларускамоўнае (!) літаратуры?

— Павелічэньне колькасьці чытачоў такой літаратуры павінна быць найперш клопатам дзяржавы. Дбаць пра гэта трэба, натуральна, і пісьменьнікам: якасьцю твораў, іх запатрабаванасьцю. Наогул жа, гэтае пытаньне найбольш балючае, асабліва калі прыгадаць вопыт суседніх дзяржаваў — Літвы, Латвіі, Украіны. Вырашыць згаданую праблему, акрамя дзяржаўных інстытутаў, здольная, як мне думаецца, толькі беларуская моладзь.

2) Ці лічаце беларускімі пісьменьнікамі тутэйшых творцаў, што пішуць па-расейску? Або для іх варта вынаходзіць нейкае іншае азначэньне? Увогуле, ці дастаткова іх уласнага цьверджаньня — "я белорусский писатель", каб сапраўды прызнаваць "оных" беларускімі?

— У Беларусі пішуць ня толькі па-беларуску, але і па-расейску, па-польску, нават па-курдску. Асабіста я перакананы: нацыянальная літаратура творыцца на мове нацыі. Аднак галоўнай пры гэтым застаецца душа літаратара. Калі яна беларуская, беларускі і творца.

3) Выканаўца абавязкаў дырэктара Інстытута літаратуры, маніфэстуючы барацьбу за духоўнасьць у сучасным беларускім пісьменстве, імкнецца навязаць нэгатыўнае стаўленьне да пэўных мастацкіх кірункаў. Тычыцца гэта найперш постмадэрнізму. Чаму беларускі постмадэрнізм апынуўся ўпоравень зь беларускім нацыяналізмам непажаданай зьявай?
Сяргей Балахонаў, Галацічаск

— Згаданы спадар ня вынайшаў "веласіпеда", а толькі паўтарыў неразумныя захады некаторых "савецкіх начальнікаў". Літаратуру забараніць немагчыма, як і асобныя мастацкія плыні. Успомнім, што нават Хрушчоў ня змог справіцца з авангардызмам. А што ўжо казаць пра асобнага "літаратурнага дырэктара"!

Алесь Пашкевіч. Фота Глеба Лабадзенкі

— Почему вы во время выборов работали в команде Козулина?
Вика, Минск

— На гэтае пытаньне мне ўжо даводзілася адказваць неднойчы. Коратка паўтаруся: доўгі час я быў асабіста знаёмы з гэтым чалавекам, і менавіта ад яго атрымаў прапанову аб маёй сціплай падтрымцы. І ня толькі маёй.

— Паважаны Алесь, дапамажыце вырашыць адно пытаньне: я складаю беларускамоўныя песьні (гэта адно з маіх хобі) і жадаю даведацца, як іх можна правесьці ў жыццё, каб яны сталі вядомымі шырокай публіцы, тым больш што ў "рацыёне" сучаснай беларускай эстрады адна рускамоўная "папса".
Аляксей, Гомель

— Шчыра хацелася б паслухаць зробленае Вамі. З радасьцю пазнаёмлю Вас і з аўтарамі тэкстаў, і з выканаўцамі. Напішыце мне на адрас sbp@tut.by.

— Вы, наверное, самый молодой руководитель Союза писателей за все время его существования? Не слишком ли смело было соглашаться на эту должность? ведь в Союзе много более авторитетных писателей?
Виктор Иванович Сивцов, Минск

— Часткова пагаджуся. Насамрэч у Саюзе шмат больш вопытных і аўтарытэтных пісьменьнікаў. І гэта пытаньне лепш было б задаць ім, хто ўжо двойчы галасаваў за мяне на пісьменьніцкіх зьездах. Маладосьць жа, на жаль, з часам праходзіць…

— А есть ли у Вас статистика, сколько белорусские писатели пишут произведение в год на русском языке, а сколько на белорусском?
Павел, Вилейка

— Такая статыстыка не вялася і не вядзецца. Найлепш было б падлічваць якасныя творы, выдадзеныя на абедзьвюх мовах. 

— Каго з сябраў афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Вы лічыце самымі таленавітымі?
Зьміцер, Берасьце

— Вы маеце на ўвазе нядаўна створаны Саюз пісьменьнікаў? Калі так, то першай хачу назваць Раісу Баравікову.

— Я так думаю, книги читают, если они интересны. Белорусские книги сейчас читают крайне мало (школьная программа не в счет). Следовательно, нет в белорусской литературе сейчас ничего интересного. Или вы не согласны?
Конюхов Александр, Минск

— Беларускія кнігі зараз чытаюць мала не таму, што яны нецікавыя, А таму, што іх няма каму чытаць. Штогод памяньшаецца беларускамоўная аўдыторыя. Аднак, не зважаючы на гэты, думаючы пра наш агульны заўтрашні дзень, беларускія літаратары ствараюць дастойныя, вартыя ўвагі паэтычныя зборнікі, паэмы, аповесьці, раманы. Парадокс у тым, што якраз найбольш цікавыя кнігі у кнігарні не даходзяць. Нават у Менску. Гэта вынік сёньняшняй дзяржаўнай палітыкі ў галіне літаратуры.

— У нас сотні, так бы мовіць, прафесійных пісьменнікаў. Чытаюцца і вядомыя больш-менш два-тры дзясяткі. І тое гэта я загнуў, відаць. Высокага ўзроўню творы пішуць гэткая ж колькасць. А нашто пішуць астатнія? На сваё задавальненне? Але тады што плакацца, што дзяржава вам не дапамагае — не друкуе. Дзяржава эканоміць. А вартыя творы праб'юцца да чытача камерцыйным шляхам. Якая пазіцыя тут у кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў?
Уладзімір, Кіеў

— Кожны прафесійны літаратар мае права на творчасьць. А тое, што вядомымі застаюцца “два-тры дзесяткі” — гэта натуральная сітуацыя ня толькі для Беларусі, але й для ўсяго сьвету. Іншая рэч, што ў кожнага чытача гэтыя дзесяткі розныя.

— Чаму ў Беларусі няма ўласнага літаратурнага інстытуту? Ці хаця б факультэту пры нейкім вну? Мог бы Саюз пісьменьнікаў выступіць з ініцыятывай яго стварэньня?
Павал, Гродна

— Саюз пісьменьнікаў яшчэ чатыры гады таму выступіў з такой ініцыятывай. Аднак адпаведнай падтрымкі з боку дзяржавы мы не дачакаліся. Наогул жа, навучыць быць пісьменьнікам немагчыма. 

— Зараз крытычны час, татальная русіфікацыя, у выніку — духоўнае абнішчанне. Нашы маральныя аўтарытэты — пісьменнікі — павінны заняць належнае месца ў палітычным і грамадскім жыцці краіны, каб абудзіць нацыянальную свядомасць. Веру ў вас!!! Сам Бог з вамі! Як вярнуць бел.мову ў школы? Маю сына (2 кляса), на тыдзень маюць 1 урок мовы і 1 — чытанкі (фіз-ры — 4). Дзеці не разумеюць мовы. Настаўніца заклікае гаварыць дома па-беларуску! Такая колькасць гадзін — проста здзек! Тэксты па чытанцы падабраны не найлепшыя. Трымайцеся! Поспехаў!
Жанна, Гародня

— Шчыры дзякуй за Ваш грамадзянскі боль. Разам нас багата, і нас толькі тады не адолець, калі мы разам. Заклікаю зьвяртацца ў Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы з адпаведнымі лістамі пратэсту. Галоўнае ж — не зважаючы на сітуацыю, гадаваць беларусаў. І шануйце такіх сьвядомых настаўніц!

— Хто з нашых пісьменнікаў варты Нобеля? І ці дасць яго атрыманне штуршок для развіцця беларускай літаратуры?
Алесь, Салігорск

— Многія нашыя творцы годныя самых высокіх літаратурных узнагарод. На Нобелеўскую прэмію Саюзам беларускіх пісьменьнікаў быў вылучаны народны паэт Беларусі, кароль паэтычнай метафары Рыгор Барадулін. Ён стаў адным з шасьці намінантаў на гэтую высокую ўзнагароду. І ягоная кандыдатура, па правілах Нобелеўскага камітэта, будзе разглядацца пажыцьцёва. Дай Бог яму здароўя! 

— Читали ли вы книги недавнего нобелевского лауреата Орхана Памука? Если да, то что можете сказать по поводу прочіианного?
Ахмед, Стамбул :)

— Не чытаў, але маю ўкраінскі пераклад ягонага рамана "Сьнег". Так што праз пару дзён змагу выказаць сваю думку датычна ягонага твора...

— Знаете ли вы на память какие-нибудь стихи? Любите ли их читать (любимым девушкам, за столом в компании и т.п.)? Какие это стихи (прочитайте пару строф).
Юля, Минск

— Паважаная Юля! Напэўна, Вас зьдзіўлю. Я перакананы, што вучыць на памяць трэба ня вершы, а прозу. Паэзія ж ад паўтарэньня, завучваньня шмат траціць. Траціць у непаўторнасьці, у нечаканасьці. Непаўторны толькі першы пацалунак, першае ўражаньне ад водару кветкі... Гэтак і з паэзіяй. На памяць ня ведаю большасьць нават сваіх вершаў. Ніколі не чытаю вершы “за сталом у кампаніі”. Але гэта ня тычыцца дзяўчат. Асабліва "філалагіняў". :)

— Добрый день! Я — молодая поэтесса, ни в вашем Союзе, ни в каком другом не состою. Пишу по-русски. У меня вышла книжка в Минске (отсюда я родом), а потом я переехала в Москву. У меня два вопроса: 1) Могу ли я, по-вашему, считаться белорусским литератором? 2) У меня и многих моих знакомых сложилось впечатление, что русскоязычные авторы не интересны вашему союзу. Так ли это? Спасибо.
Люба, Москва

— І Вам дзякуй за шчырасьць. Калі Вы лічыце сябе беларускай, то зьяўляецеся і беларускім літаратарам. Не зважаючы на месца жыхарства. А ўражаньне Вашых знаёмых няправільныя. Аніводзін рускамоўны аўтар нашага Саюзу пісьменьнікаў ня лічыць сябе пакрыўджаным. 

— Алесь, давно ли были на Случчине? Остались ли у вас здесь родственники? И еще вопрос: когда я была школьницей, наши учителя организовывали нам встречи с писателями. А вы могли бы организовать такую встречу со слуцкими читателями? В библиотеке это будет сложно провести: отдел идеологии не допустит :)), но вполне реально под крышей газеты "Інфа-Кур'ер", где я работаю. Мне кажется, что такие встречи важны и для писателей, и для читателей. Это поможет привлечь дополнительный интерес к белорусской книге. Как считаете?
Татьяна Гусева, Слуцк

— Дзякуй за запрашэньне. На роднай Случчыне, дзе дагэтуль шмат маіх родзічаў, дзе магілы маіх дзедаў і прадзедаў, бываю часта. Нярэдка і выступаю ў школах і бібліятэках. Але ня так часта, як самому хацелася б. Ведаю і нават зрэдку чытаю Вашу газету. З радасьцю пабуду ў рэдакцыі. Напішыце, калі ласка, мне на згаданы вышэй электронны адрас.

— О личном хочу спросить. Вы же всё-таки публичная персона. Ваше семейное положение интересует.
Татьяна

— Жанаты ўжо дванаццаць гадоў. Маю дачку Алесю, пяцікласьніцу. З жонкай Вольгай пяць гадоў вучыліся на адным курсе ў адной групе філалагічнага факультэта БДУ.

— Як знайсці наш Саюз беларускіх пісьменнікаў? Калі есць магчымасць, хацелася бы паказаць вам некалькі твораў, параіцца на конт таго ці есць сэнс працягваць "пісаць"?
Макс, Менск

— Пакуль прыходзьце у Дом літаратара (Менск, вуліца Фрунзе, 5, пакой 307). Тэлефон: 394 50 69. А сэнс пісаць ёсьць заўсёды. Так што — плёну! 

— Я разумею, што зараз у СБП вялікія цяжкасьці, у тым ліку і ў пляне грошай. Аднак. Ці будзе калі ў СБП свой сайт. Бо зараз пра навіны з жыцця арганізацыі даведваюся толькі праз газеты. А тых газет, што пішуць пра вас, зразумела ж, мала. А можа сайт ёсць? Толькі я яго не знайшоў.
З павагай, Андрэй

— Фінансавыя цяжкасьці ня толькі ў нас адных. Але на сёньня Саюз беларускіх пісьменьнікаў нікому ня вінен. Стварэньне сайту – пытаньне першачарговае. Пакуль пра сучаснае літаратурнае жыцьцё можна даведацца праз сайт незалежнага часопіса "Дзеяслоў". І БелаПАН зь ягонай інтэрнет-газетай "Белорусские новости" абяцае падрабязна асьвятляць дзейнасьць нашага Саюзу і сучасны літаратурны працэс. 

— Помните первую белорусскую книгу, которая вас поразила, изменила ваши взгляды? Как вы представляете себе своего читателя?
Татьяна

— Мілая Тацьцяна! Першую беларускую кнігу я прачытаў у свае шэсьць гадоў. Гэта была казка "Цяжкі хлеб". А параіла яе бібліятэкар Вясейскай школы, дзе я вучыўся. Кожная новая прачытаная кніга дадавала сваё, зьмяняла мяне. Ну, а свайго ж чытача мне хацелася б уяўляць па-слуцку ўдумлівым, адказным і шчасьлівым. Але, якія б яны на самай справе ні былі, дзякуй кожнаму.

І дзякуй усім, хто праявіў цікавасьць да сёньняшняй размовы са мной. Перакананы, што і беларускую літаратуру, і ўсіх нас чакаюць лепшыя часы! 

Онлайн-конференция окончена