Беларус падаў у суд на Жырыноўскага

Выкладчык Гродзенскага інстытута павышэння кваліфікацыі настаўнікаў Міхаіл Жураўкоў падаў позву ў Басманны суд Масквы супраць дэпутата расійскай Дзярждумы Уладзіміра Жырыноўскага. Гродзенец патрабуе выплаціць кампенсацыю за нанясенне маральнай шкоды ў памеры 10 000 долараў.

Падставай да судовага разбіральніцтва стала фраза Уладзіміра Жырыноўскага , якую ён агучыў на канале НТВ. У лютым гэтага года ў перадачы “Да бар’ера” падчас спрэчкі са сваім апанентам Аляксандрам Праханавым вядомы расійскі палітык назваў беларусаў здраднікамі, якія прадалі Расію немцам, паведамляе “Радыё Рацыя”.

Гродзенца Міхаіла Жураўкова словы Жырыноўскага абразілі не толькі як грамадзяніна Беларусі, але і як чалавека, бацька якога быў удзельнікам Вялікай айчыннай вайны. Акрамя позвы Міхаіл Жураўкоў напісаў адмысловы ліст на імя спікера Дзярждумы Барыса Грызлова, у якім назваў Уладзіміра Жырыноўскага палітычным клоунам і звычайным хамам.

У выпадку, калі Басманны суд Масквы задаволіць позву гродзенца, ён пералічыць 10 000 долараў у арганізацыю, якая займаецца сацыяльнай абаронай былых непоўнагадовых вязняў канцэнтрацыйных лагераў.