Беларускія студэнты ў Польшчы склалі «Кастусёў дзёньнік»

У Менску адбылася прэзентацыя кнігі «Кастусёў дзёньнік». Кніга складаецца з 12 аповесцяў чатырнаццаці студэнтаў...

У Менску адбылася прэзентацыя кнігі Людмілы Асіпенкі і Катажыны Квяткоўскай «Кастусёў дзёньнік». Кніга складаецца з 12 аповесцяў чатырнаццаці студэнтаў, вымушаных сёння навучацца ў Польшчы. Гэта «простыя чалавечыя гісторыі пра дзяцінства, захапленні, жыццёвы выбар, малыя і вялікія справы».

Людміла Асіпенка падчас прэзентацыі кнігі

Ідэя напісання кнігі паўстала ў ліпені 2006 года ў інтэрнаце «Бабілён», дзе падчас падрыхтоўчых летніх курсаў жылі ўдзельнікі праграмы імені Кастуся Каліноўскага.

«З Касяй я пазнаёмілася ў Менску, падчас яе валантарыяту ў межах праграмы «Моладзь», — распавядае Людміла Асіпенка пра сваю сяброўку і сааўтарку. Шмат што ў іх стасунках яна лічыць незвычайным і сімвалічным. Напрыклад, тое, што 14 сакавіка 2006 года Люду адлічылі з універсітэту, а ўначы з 14 на 15 сакавіка Касю не ўпусцілі ў Беларусь пасля паўгадовага побыту. Ёсць у іх і такая супольная рыса, як жаданне рабіць задуманае без залежнасці ад матэрыяльных абставін. «Кастусёў дзёньнік» — гэта некамерцыйны праект, кніга распаўсюджваецца бясплатна. За яе напісанне аўтаркі не атрымалі ніякіх ганарараў, рабілі таму, што справа іх захапіла.

Людміла Асіпенка. Вывучае культуразнаўства ў Варшаўскім універсітэце. Выпускніца Беларускага Калегіума па спецыяльнасці журналістыка. З 2004 года актыўна ўдзельнічае ў студэнцкім руху ў Беларусі. У сакавіку 2006 года ў першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі па палітычных матывах адлічана з БДПУ імя Максіма Танка.
Катажына Квяткоўска. Вывучае міжнародныя стасункі (спецыяльнасць усходазнаўства) ва Універсітэце імені Адама Міцкевіча ў Познані і беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. Часта бывала ў Беларусі: праходзіла стажыроўкі ў Беларускім інстытуце правазнаўства ў Менску, супрацоўнічала ў межах еўрапейскага валантарыяту з незалежнымі моладзевымі арганізацыямі. У сакавіку 2006 года як міжанроднаму назіральніку АБСЕ ёй адмовілі ў наведванні Беларусі.

Пра твор і яго герояў Людміла і Катажына гавораць: «Мы стараліся паказаць свет іх вачыма і назвалі кнігу дзённікам. Кніга збудаваная нелінейна, кожная гісторыя — гэта цэлы свет, самастойны, незалежны ад астатніх. Алё ёсць кропка, у якой усе гэтыя гісторыі перакрыжаваліся — праграма Каліноўскага. Таму і дзённік менавіта Кастусёў. Мы не будавалі схемаў, не малявалі шаблонаў. Хацелася пакінуць прастору для разважанняў. Спадзяёмся, што нам гэта ўдалося».

Кніга складаецца з дзвюх частак. Адна з іх — на польскай мове, другая — на беларускай і рускай. Такое моўнае рашэнне аўтаркі называюць невыпадковым. «...Нашая Беларусь — розная: стракатая, інтэлігентная, тусовачная, etc. Каб рэалістычна паказаць сучасную беларускую моладзь у асобах нашых герояў, дзвюхмоўя не пазбегнуць», — упэўненыя Люда і Кася.

Аб прэзентацыі «Кастусёвага дзёньніка» і самой кнізе Людміла Асіпенка гаворыць: «Я пад вялікім уражаннем і ад прэзэнтацыі, і ад рэфлексіяў маіх сяброў і знаёмых на кнігу. Вельмі прыемна было бачыць светлыя твары тых, хто прыйшоў. Не менш расчулілі смскі ўначы ад дзяўчат з майго былога універсітэта, якія за гэты кароткі час праглынулі кнігу і нават плакалі. Для мяне вельмі важная МЕНАВІТА ІХ ацэнка і прызнанне. Бязмежна ўдзячная сяброўкам і сябрам, якія зрабілі неверагодную працу па падрыхтоўцы і арганізацыі самой прэзэнтацыі, а таксама гуртам, якія выступілі.

«Кастусёў дзеньнік» — наша з Касяй першая сур'ёзная праца і, натуральна, для нас гэта падзея. Вельмі цешыць, калі бачыш, што людзям цікава і патрэбна нашая кніга. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што экземпляраў на ўсіх жадаючых атрымаць у падарунак кнігу не хапіла».

Людміла і Катажына запрашаюць усіх, хто жадае пазнаёміцца з кнігай, завітаць на старонкі www.pk.pl i www.studium.uw.edu.pl, дзе выкладзены яе электронны варыянт.

Стыпендыяльная праграма імені Кастуся Каліноўскага была падпісана 30 сакавіка 2006 года прэм’ер-міністрам Польшчы Казімірам Марцінкевічам і лідэрам блоку дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам, а таксама прадстаўнікамі Канферэнцыі рэктараў польскіх ВНУ і Канферэнцыі рэктараў польскіх універсітэтаў. Каардынуецца аддзелам Праграмы пры Студыуме Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта. Першапачаткова праграма прызначалася для студэнтаў, адлічаных з беларускіх універсітэтаў, пасля пашырылася на асобаў, якія па палітычных матывах не могуць вучыцца ў Беларусі.