У Малым Трасьцянцы ўсталявалі крыж у памяць пра Вінцэнта Гадлеўскага

У гадавіну забойства фашыстамі славутага беларускага ксёндза Вінцэнта Гадлеўскага грамадзкія актывісты ўшанавалі памяць сьвятара.

24 сьнежня актывісты «Маладога фронту» і сябры секцыі «Мэмарыял» Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі зладзілі акцыю памяці на месцы растрэла Вінцэнта Гадлеўскага — у Малым Трасьцянцы. Сьвятар беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч асьвяціў крыж, пастаўлены ў гонар Гадлеўскага і правёў службу ля крыжа.

Як паведаміў палітык Вячаслаў Сіўчык, гэты крыж два гады (з 2006 г.) знаходзіўся ў касьцёле, аднак прадстаўнікі каталіцкай царквы так і не адважыліся аго асьвяціць. Крыж быў усталяваны ў Малым Трасьцянцы на некалькі дзён раней за акцыю. Пакуль на ім няма нават шыльды, аднак, па словах Вячаслава Сіўчыка, з цягам часу крыж будзе прыведзены ў парадак.

Вячаслаў Сіўчык назваў месца забойства Гадлеўскага «сьвятым» і прамовіў прысутным, што толькі праз пакаяньне, праз ушанаваньне такіх сьвятых месцаў Беларусь зможа адрадзцца.

У Малым Трасьцянцы, па падліках афіцыйных уладаў, агулам ад рук НКВДшнкаў і фашыстаў загінуа больш за 500 тысяч беларусаў і габрэяў.

Пасьля супольнай малітвы моладзь усклала кветкі ла крыжа і прасьпявалі беларускі гімн «Магутны Божа».

Нагадаем, у 2006 годзе была зьдзейсьнена першая спроба ўсталяваць крыж у памяць пра Гадлеўскага, аднак тады перад акцыяй міліцыянты арыштавалі шмат актывістаў, у тым ліку айца Леаніда Акаловіча, і не дазволілі паставіць крыж, паведамляе прэс-служба «Маладога фронту».