Дыпламаты і сваякі палітрэпрэсаваных напісалі дыктоўку паводле Каліноўскага

16 мая паслы краін Еўрасаюза і Украіны, сваякі палітрэпрэсаваных і былыя палітвязні напісалі дыктоўку па беларускай мове ў знак салідарнасці з палітычнымі зняволенымі. Акцыя адбылася ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

пачынаюць дыктоўку Яўгенія Канстанцінаўна і Вольга Казуліны

(злева направа, на першым плане) — Стэфан Эрыксан і Алесь Ліпай;

Дыктоўка праводзілася паводле «Лістоў з-пад шыбеніцы» нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Прычым тэкст быў узяты з падручніка па беларускай літаратуры для 9-га класа агульнаадукацыйнай сярэдняй школы, зацверджанага Міністэрствам адукацыі.

Як адзначыў дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай, дыктоўка з'яўляецца акцыяй салідарнасці з беларускай мовай, фактычна рэпрэсаванай на Беларусі.

пасол Венгрыі Ферэнц Контра

(злева направа) пасол Славакіі Марыян Серватка і Чэхіі — Іржы Карас

Валер Шчукін

Ініцыятар акцыі, кандыдат філасофскіх навук дацэнт Уладзімір Падгол, растлумачыў правілы правядзення эстафетнай дыктоўкі, калі кожны яе ўдзельнік піша і дыктуе толькі адзін сказ, а затым ставіць сваё імя, прозвішча і пасаду. Ён прапанаваў удзельнікам акцыі зрабіць копіі напісанага тэксту дыктоўкі і накіраваць іх беларускім палітзняволеным.

Дыктоўку пачалі пісаць маці і дачка былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, а завяршылі — пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і Уладзімір Падгол. 

(злева направа) пасол Францыі Мішэль Рэнеры і Алесь Талстыка;

пасол Украіны Раман Бяссмертны і Літвы — Эдмінас Багдонас.

У акцыі ўзялі ўдзел прыблізна 30 чалавек, у тым ліку маці Вячаслава Сіўчыка, Славаміра Адамовіча, Эдуарда Лобава, Яўгена Афнагеля, Міколы Астрэйкі і Фёдара Мірзаянава, а таксама праваабаронца, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека Валер Шчукін, прадпрымальнік Алесь Талстыка і распаўсюджвальнік незалежнага друку лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Барыс Хамайда.

Падчас дыктоўкі дыпламаты пазнаёміліся з былымі палітзняволенымі і іх сваякамі, прадэманстравалі добрае веданне беларускай мовы.

Фота Вольгі Кляшчук