«Леанарда» ў дапамогу абаронцам Мінскага замчышча

У міжнародным конкурсе праектаў маладых архітэктараў «Леанарда 2011» перамог праект Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры...

У міжнародным конкурсе праектаў маладых архітэктараў «Леанарда 2011», што праходзіў падчас 9-га нацыянальнага фестывалю архітэктуры «Мінск-2011», перамог праект Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры «Эскізны праект рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення правага боку вуліцы Гандлёвай у Мінску», распрацаваны Антонам Вантухам, Андрэем Ларры, Антонам Астаповічам і Уладзімірам Папругам. У таварыстве спадзяюцца, што конкурс дапаможа звярнуць увагу грамадскасці на праблему разбурэння гістарычнага цэнтра.

Эскізны праект рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення правага боку вуліцы Гандлёвай у Мінску

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч падкрэсліў у інтэрв’ю Naviny.by, што журы конкурса «Леанарда 2011» было складзена з прадстаўнікоў Германіі, Грэцыі, Арменіі, Расіі, Венгрыі, Літвы, Турцыі, Маўрыкія і Беларусі. «Баюся, — сказаў Астаповіч, — што калі б у журы былі только беларускія архітэктары, наўрад ці мы б перамаглі. Даць перамогу праектам нашай арганізацыі — азначае афіцыйна прызнаць, што мы стаім на правільным шляху ва ўспрыманні праектавання. На мой погляд, многае з таго, што зараз адбываецца ў галіне праектавання ў Беларусі — гэта неадэкват».

На конкурсе «Леанарда 2011» таварыства прадстаўляла тры праекты архітэктурнай секцыі: «Эскізны праект рэгенерацыі забудовы Гістарычнага цэнтра Мінска», «Эскізны праект рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення правага боку вул. Гандлёвай у Мінску» і «Эскізны праект рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення паўднёва-ўсходняй часткі Мінскага замчышча».

Праекты былі прадстаўлены пры падтрымцы агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі» ў намінацыі «Рэстаўрацыя, рэгенерацыя, рэканструкцыя і аднаўленне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны».

Праект-пераможца, падкрэслівае Астаповіч, стаў адзіным беларускім на «Леанарда», а намінацый на конкурсе было сем.

«Перамога таварыства — перамога навукова-абгрунтаванага і прававога падыходу да ажыццяўлення навукова-праектных прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, паказчык правільна абранага рэчышча ў працы, паказчык высокага прафесіяналізму выканання прац грамадскім аб’яднаннем», — адзначыў Астаповіч.

Перамога таварыства — перамога Беларусі, кажа Астаповіч. Прыкра толькі, што ў самой краіне праца грамадскага аб’яднання не знайшла аб’ектыўных адзнак, як з боку інстытутаў улады, што адказваюць за прававое і навукова-метадычнае забеспячэнне аховы помнікаў, так і з боку выканаўчай улады.

На жаль, практычнае ўвасабленне ідэй маладых архітэктараў застаецца пад пытаннем. Тым не менш, адзначае Астаповіч, з’явілася надзея на тое, што ў членаў таварыства будзе больш магчымасцяў адстойваць свае пазіцыі.

Напрыклад, кажа Астаповіч, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Анатоль Бутэвіч ужо тэлефанаў Астаповічу з прапановай правесці пасяджэнне камісіі па пытанні Мінскага замчышча з запрашэннем шырокага кола спецыялістаў. Пры гэтым размова будзе ісці не толькі пра праект Сяргея Багласава, які раней быў ухвалены ўладамі горада, а таксама пра альтэрнатыўны праект, які прапаноўвае Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Цікава, што тыдзень таму назад Антон Астаповіч атрымаў ліст з Мінгарвыканкама, якім таварыству ў чарговы раз адмовілі ў правядзенні грамадскага абмеркавання праектаў аднаўлення Мінскага замчышча. Аргументацыя была такая — праект архітэктараў таварыства навукова не абгрунтаваны.

«Такім чынам перамога ў конкурсе нават з праектам па вуліцы Гандлёвай, які быў зроблены ў адным рэчышчы з праектам па Замчышчу і зроблены па тых жа крытэрыях, дае магчымасць яшчэ раз звярнуцца да Замчышча і дамагацца грамадскага абмеракавання», — кажа Антон Астаповіч.

Дарэчы, ідэя грамадскіх абмеркаванняў яшчэ за савецкім часам хоць і не вельмі падабалася ўладам, але самі абмеркаванні ўсё ж ладзіліся. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі падчас сваёй лекцыі ў галерэі Шчамялёва зазначыў, што чыноўнікі ў савецкія часы скрыгаталі зубамі, але не асмельваліся не праводзіць грамадскія абмеркаванні. Можа, яны і не прыслухоўваліся да альтэрнатыўных думак, але хаця б выконвалі фармальнасці.

Раней паведамлялася, што, абапіраючыся на гістарычныя, у тым ліку археалагічныя даследаванні, грамадскасць выступае за змяненне трасы валоў замчышча і яго планіроўкі, за аднаўленне аб'ёмна-планіровачнай структуры Ніжняга і Мяснога рынкаў на перыяд сярэдзіны XIX — пачатка XX стагоддзяў са страчанай забудовай паміж гэтымі архітэктурнымі комплексамі.

Сутнасць канфлікту праектаў перад усім у тым, што Сяргей Багласаў прапануе аднаўленне мураванага недабудаванага храма, які знаходзіцца на тэрыторыі Замчышча, у адным месцы, а паплечнікі Астаповіча — ў іншым, строга над аўтэнтычнымі падмуркамі храма.

Сяргей Харэўскі наогул лічыць за лепшае не чапаць недабудаваны храм. Ён не разумее, дзеля чаго раскапваць храм, у якім былі магілы і саркафагі. «Помнікі не існуюць самі па сабе, а ствараюцца нашай свядомасцю», — адзначае мастацтвазнаўца.

Менавіта неразвітая свядомасць дазваляе абыякавае стаўленне да гістарычнай спадчыны. Астаповіч падкрэсліў, што грамадскае абмеркаванне работ у гістарычным цэнтры юрыдычна вызначана пастановай Савета міністраў. Такім чынам, у таварыстве спадзяюцца, што дзякуючы перамозе ў конкурсе змогуць правесці шэраг грамадскіх абмеркаванняў і заблакаваць праект Багласава па Замчышчу, а таксама па вуліцы Гандлёвай.

Астаповіч падкрэслівае: Замчышча і Гандлёвая вуліца з’яўляюцца вельмі важнымі аб’ектамі, адзінымі ў Мінску, дзе ў гістарычным цэнтры можна правесці работы на навукова-метадычным і прававым узроўні: «Калі гэтыя пляцоўкі будуць засвоены неадэкватна, на гістрычным цэнтры сталіцы паставяць тлусты крыж і можна будзе казаць, што ў Мінску няма гістрычнага цэнтра».

Стаўленне ўлад і беларусаў у цэлым да аднаўлення гістарычнага цэнтра, да разумення каштоўнасці ландшафту, а таксама да будаўнічых работ там уражвае і міжнародную грамадскаць.
Прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры, акадэмік Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук Леанард Маскалевіч на нацыянальным фестывалі архітэктуры «Мінск 2011» падзяліўся з БелаПАН меркаваннем адносна планаў будаўніцтва ў цэнтральнай частцы Мінска вышынных гатэляў: «Гэта нельга дапусціць ні ў якім разе! У Мінску ёсць цэнтр горада, які ўвайшоў у энцыклапедыю сусветнай архітэктуры ХХ стагоддзя. А ўчастак галоўнага праспекта ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі уключна ЮНЕСКА ўнесла ў збор помнікаў сусветнай архітэктуры. Мы павінны гэта захаваць. Вышынныя дамы ў цэнтры Менска недапушчальныя. Яны павінны вырастаць бліжэй да ўскраін горада, у месцах скрыжавання асноўных магістраляў і кальцавой. Не дай бог гэта здарыцца — гмах замест музея гісторыі Вялікай Айчыннай! Хто яго паставіць, той і прыбіраць будзе!».

  • калгаснікі ад архітэктуры замест гэтага ужо прыгатавалі сваю чарговую пачвару са шкла і бетону: http://www.facebook.com/notes/siarhej-chare%C5%ABski/%D0%B4%D0%B0%D0%B1%D1%96%D0%B2%D0%B0%D1%8E%D1%86%D1%8C/231856430211200
  • таварыства прадстаўляла тры праектЫ (праектА - родны склон, а не множны лік)