Унучкі беларускага прэзідэнта пішуць казкі

Дочкі Дзмітрія Лукашэнкі перамаглі у літаратурным конкурсе, абвешчаным музеем Якуба Коласа...

Сярод пераможцаў дэбютнага літаратурнага конкурсу музея Якуба Коласа апынуліся дзве сястрычкі. Нічога дзіўнага, бо ў нас для школьнікаў праводзіцца шмат усялкіх конкурсаў, калі не браць да ўвагі той факт, што яны — Дар'я і Настасся Лукашэнкі — унучкі самі здагадываецеся чые.

Дар'я і Настасся Лукашэнкі

Ідэя зладзіць літаратурны конкурс навагодніх пасланняў беларускіх школьнікаў да Якуба Коласа «Гуляй, зіма, твая часіна!..» належыць супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Дэбютны конкурс адбыўся 7 снежня 2012-га — 10 студзеня 2013 года, на сутыкнені двух гадоў, адзін з якіх быў прысвечаны кнізе. На адрас музея прыйшло больш за 40 твораў маладых аўтараў у асноўным з Мінска і вобласці. Пераважна маленечкія апавяданні, радзей — вершыкі.

Першапачаткова планавалася падзяліць канкурсантаў па родах літаратуры, але пазней крытэр сепарацыі ўдзельнікаў завагаўся ў бок ўзроставых паказчыкаў.

Вырашаць лёс конкурсных твораў запрасілі галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлка» Уладзіміра Ліпскага, дырэктара музея Коласа Зінаіду Камароўскую, намесніка старшыні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў Анатоля Бутэвіча, старшыню мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазнякова ды галоўную рэдактарку часопіса «Бярозка» Алену Масла.

Лукашэнка вышэй за Мядзведзева?

Вучаніцы мінскай гімназіі № 16 сёстры Лукашэнка (дочкі сярэднега сына прэзідэнта Дзмітрыя), згодна з рашэннем журы, падзялілі першае месца ў катэгорыі «Творчыя работы малодшых школьнікаў 1-3 класаў». Дзевяцігадовая Настасся атрымала ад журы 9 балаў за гісторыю пра снегавіка, які пазнаёміў аўтарку з снежнай краінай. На год маладзейшая Дар'я за кароткую гісторыю сваіх прыгодаў у кампаніі аднарога атрымала 8 балаў.

Другі радок рэйтынгу гэтай катэгорыі заняў вучань сталічнай гімназіі № 2 Алесь Клікуноў. Каламбурна тройку лідараў ў гэтай катэгорыі замкнуў аднакласнік Дар'і Ярамір Мядзведзеў.

У катэгорыі «Творчыя работы школьнікаў 4-5 класаў» прызавые месцы размеркаваліся таксама сярод мінчукоў. Золата аддалі Максіму Краўчанка (гімназія № 30), срэбра — Уладзіміру Кошкіну (гімназія № 2), бронзу падзялілі навучэнцы сярэдняй школы № 34 Юлія Казак і Уладзіслаў Анікевіч.

Радавацца, што дзіця

Несумнеўна, творы сясцёр Лукашэнка не прэтэндуюць на доўгае жыццё: яны не будуць абмяркоўвацца мажнымі літаратурнымі крытыкамі з сур'ёзнымі тварамі, не патрапяць у шорт-ліст міжнародных конкурсаў для пісьменнікаў-дэбютантаў, а выдавецтвы не зладзяць тэндэр на права друку таўшчэзнага асобніка.

Да сіпаты можна спрачацца, ці паўплывала на рашэне журы прозвішча пераможцаў, ці прычэсваліся да непазнавальнасці тэксты дарослымі? У любым выпадку, мы ўсё роўна маем дзве мілыя і наіўныя казкі, поўныя дзіцячага захаплення светам, рамантычнай адарванасцю ад рэальнасці.

Большасць з конкурсных твораў працятыя менавіта гэтай шчырасцю і чысцінёй, якой бракуе тым сённяшнім літаратарам, якія ўжо забыліся, як гэта — сядзець за партай.

Калі хто сумняваецца, то тэксты, якія выбіліся ў пераможцы, адназначна належаць пяру сваіх маленькіх аўтараў, бо сапраўды па-дзіцячаму гэтак пісаць умеюць толькі дзеці і нігерыйскі класік літаратуры Амас Тутуола. Апошні, на жаль, ужо адыйшоў у лепшы свет духаў сваіх продкаў, таму выбар застаецца невялікі.

Дзеці лепшыя, чым мы пра іх думаем

Абраць лепшыя з конкурсных твораў дапамог вопыт такіх спецыялістаў у галіне дзіцячай літаратуры, як Уладзімір Ліпскі, Алена Масла, Анатоль Бутэвіч. Пра гэта карэспандэнту Naviny.by распавяла намеснік дырэктара коласаўскага музея Ганна Зайцава.

«Перавага аддавалася менавіта тым творам, дзе адчуваееца, што тэкст адпавядае ўзросту дзіця, дзе мінімальны ўплыў бацькоў, — адзначыла яна. — Нас хораша ўсцешыла, што сённяшнія дзеці не такія меркантыльныя, як мы часта пра іх думаем. Нашыя дзеці шчырыя, сціплыя і выхаваныя — гэта добра чытаецца ў іх творах. У іх такія чыстыя і светлыя думкі, яны не просяць матэрыяльных рэчаў, любяць сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль. І ўсё гэта напісана на добрай беларускай мове».

Фактарам поспеху тых ці іншых твораў Ганна Зайцава адзначыла станоўчы ўплыў настаўнікаў, якія «паважаючы сваіх выхванцаў, не перапісвалі тэксты аўтараў, не імкнуліся ўласныя думкі ўкласці ў тэксты, а проста дапамагалі і падтрымлівалі іх».

Паглядзець, якімі ёсць сучасныя дзеці і якім чынам з імі кантактаваць, менавіта гэта стала асноўнай мэтай конкурсу.

Ганна Зайцава выказала надзею, што з гэтаго часу літаратурны конкурс стане традыцыйным і штогадовым для музея Якуба Коласа.