Стаць удзельнікам агульнанацыянальнай дыктоўкі можа кожны

Дыктоўка паводле тэксту «Ліста з-пад шыбеніцы» прымеркавана да 175-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага…

 

Дыктоўка паводле тэксту «Ліста з-пад шыбеніцы» прымеркавана да 175-годдзя з дня нараджэння Кастуся КаліноўскагаБеларусы адзначаюць 175-годдзе з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Да гэтай даты прымеркавана агульнанацыянальная дыктоўка паводле тэксту «Ліста з-пад шыбеніцы» — перадсмяротнага завяшчання Кастуся Каліноўскага.

Стаць удзельнікам акцыі можа любы ахвотны, выкарыстоўваючы відэазапіс, на якім тэкст дыктоўкі чытаюць вядомыя беларускія палітычныя, грамадскія і культурныя дзеячы.

Запісы відэадыктоўкі можна знайсці на розных інтэрнэт-рэсурсах. На сайтах інфармацыйнай кампаніі БелаПАН тэкст чытаюць мастакі творчага аб'яднання «Пагоня», прадстаўнікі аб'яднання бацькоў рэпрэсаваных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў і лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Тэкст дыктоўкі чытаюць мастакі творчай суполкі «Пагоня» Мікола Купава, Аляксей Марачкін, Ягор Батальёнак, Галіна Горава і Алесь Цыркуноў.

Паводле слоў Купавы, роля Каліноўскага ў айчыннай гісторыі вельмі вялікая. Мастак звярнуў увагу на маштабы паўстання 1863—1864 гадоў, якое ахапіла Жмудзь, Літву, Беларусь, Украіну, Польшчу. «Каліноўскі апрача таго, што кіраваў паўстаннем, — дадае Мікола Купава, — быў рэдактарам першай нелегальнай беларускай газеты. У гэтай газеце, у яе мове — адбітак думкі, энергіі, меркаванняў Кастуся Каліноўскага пра тое, што трэба беларускаму народу».

Як адзначыў мастак, вобраз Каліноўскага, яго месца ў гісторыі грунтоўна адлюстраваны ў беларускай культуры, мастацтве, у палітычным жыцці. У выяўленчым мастацтве створана вялікая галерэя вобразаў патрыёта і яго паплечнікаў. Адзін з першых, хто пачаў працаваць над тэмай паўстання, — яго удзельнік, віленскі мастак Міхал Андрыёлі.

Тэкст дыктоўкі чытаюць сябры аб`яднання бацькоў рэпрэсіраваных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў: Галіна Сіўчык, маці грамадскіх актывістаў Вячаслава Сіўчыка і Кастуся Лукашова, Вольга Завадская, маці зніклага без вестак тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага, Валянціна Аліневіч, маці палітзняволенага Ігара Аліневіча, Таіса Кабанчук, маці актывіста аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вадзіма Кабанчука.

Як адзначыла Галіна Сіўчык, маці хацелі б звярнуцца з несмяротнымі словамі Каліноўскага да ўсіх людзей краіны. Кожная з жанчын выказала суачыннікам кароткае пажаданне.

Вольга Завадская: «Будзьце разам з намі».

Валянціна Аліневіч: «Не забывайце сваю спадчыну і сваіх герояў».

Таіса Кабанчук: «Гэта нам патрэбна, вельмі патрэбна — ўсім, кожнаму беларусу».

«Слава героям! Жыве Беларусь!» — гэтыя словы жанчыны выгукнулі разам.

Тэкст дыктоўкі зачытаў лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

«Кастусь Каліноўскі для мяне — нацыянальны герой, адна з найбольш выдатных асобаў у нашай гісторыі, — сказаў палітык перад тым, як зачытаць запавет патрыёта. — Паўстанцы змагаліся за свабоду нашу і вашу, змагаліся за права людзьмі звацца. Яны не выйгралі, але і не прайгралі, бо з гэтага паўстання распачалося беларускае нацыянальнае Адраджэнне, паўстала нацыянальная ідэя. Сёння мы маем, дзякуючы паўстанцам, нашу незалежную дзяржаву. Я вельмі ганаруся тым, што мае продкі ўдзельнічалі ў паўстанні. Мой прадзед Казімір Мілінкевіч і ягоны бацька, мой прапрадзед Юрка Мілінкевіч былі жорстка пакараныя за тое, што бралі ўдзел у паўстанні. Іх выселілі з роднай вёскі, у іх забралі ўсю маёмасць, яны распачыналі з зямлянкі адраджаць сваё жыццё. Адбудавалі дом, таму што жылі ў веры, у надзеі, таму што любілі Бацькаўшчыну.

Кастусь Каліноўскі перад тым, як адысці з жыцця, перад тым, як быць пакараным, напісаў зварот да сваіх суайчыннікаў, да беларусаў. Гэта быў зварот і ў будучыню, і да нас, гэта быў яго духоўны тэстамент. І я яго хачу зачытаць, бо ён мае вялікае значэнне для нашай духоўнай моцы».

Паводле ідэі ініцыятара дыктоўкі філосафа Уладзіміра Падгола, агульнанацыянальная дыктоўка заклікана стаць «інтэрнэт-дэманстрацыяй у абарону незалежнасці».

«Пісаць завяшчанне Каліноўскага можна будзе і 22 сакавіка, у дзень, калі памагатыя цара Расіі забілі змагара за незалежнасць, і цэлы год, які з'яўляецца годам 150-годдзя паўстання», — гаворыцца ў адкрытым лісце Падгола.

Ён заклікае адсылаць напісаныя падчас дыктоўкі тэксты ў гродзенскую турму № 1, дзе адбывае пакаранне палітзняволены, лідар міжнароднага грамадскага аб'яднання «Малады фронт» Дзмітрый Дашкевіч.

Трэба заўважыць, што 2013 год дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначае як Год Кастуся Каліноўскага.

Напярэдадні 175-годдзя з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі ў офісе Партыі БНФ прайшла вечарына, прысвечаная паўстанню 1863 года, якое ўзначаліў Каліноўскі.

Як адзначыў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, падзеі 150-гадовай даўнасці надзвычай важныя для гісторыі Беларусі. «Паўстанне было задушана, але з гістарычнага пункта гледжання гэтую падзею нельга назваць няўдалай. Была знішчана значная частка беларускай эліты, сялян, але ідэі Каліноўскага пайшлі ў шырокія масы. Без паўстання не было б ні БНР, ні БССР, ні сучаснай Рэспублікі Беларусь», — перакананы палітык.

Янукевіч са шкадаваннем канстатаваў, што сённяшнія беларускія ўлады фактычна ўхіліліся ад таго, каб адзначаць гэтую важную гістарычную дату. «Задача грамадскасці — каб падзеі тых гадоў не былі забытыя», — падкрэсліў ён.

На думку лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» паэта Уладзіміра Някляева, Кастусь Каліноўскі — адзін з самых значных нацыянальных герояў Беларусі. «Ён быў першым, хто зразумеў, што ёсць Беларусь, хто палюбіў яе», — адзначыў Някляеў.

Лідар «Гавары праўду!» правёў паралель паміж задушэннем паўстання 1863 года і разгонам мітынгу пратэсту ў Мінску 19 снежня 2010 года. «І 150 гадоў, і два гады таму разганялі не паўстанне, а любоў да Беларусі. І тады, і цяпер у турмы саджалі патрыётаў, якія выступалі за Беларусь, а не за ўладу і таго, хто яе ўвасабляе», — падкрэсліў Някляеў.