На падставе падзей паўстання 1863 года створана настольная гульня


“Паўстанцы” — першая беларуская настольная гульня, у якой вы можаце паглыбіцца ў атмасферу 1863 года і зрабіцца знакамітай гістарычнай асобай (Каліноўскім, Урублеўскім, Мураўёвым і інш.) альбо простым беларусам і ўплываць на ход паўстання.



Гульня пабудаваная найперш на зносінах паміж людзьмі, абмеркаванні і выказванні сваёй пазіцыі. Падманваць, хлусіць, па-майстэрску блытаць прысутных і бязлітасна забіваць суперніка — права кожнага ўдзельніка. Гульня-мадэляванне паўстання 1863 года зробленая цалкам на беларускай мове, удзел могуць браць ад 6 да 20 чалавек.

Ініцыятыва стварэння гульні належыць маладому гарадзенскаму паэту і празаіку, выкладчыку рэжысуры абрадаў і святаў Антону Янкоўскаму і дызайнерцы Настассі Лукашковай.

Прэзентацыя гульні адбудзецца 28 лютага ў Гародні ў 18.00 у мастацкай галерэі “Крыга” і 2 сакавіка ў Мінску ў 18.00 у кнігарні “ЛогвінаЎ”.