Генік Лойка: мне хацелася аднаго — атрымаць ад дзяржавы беларускай мовы

 

5 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі скульптара Геніка Лойкі на рашэнне суддзі суда Фрунзенскага раёна сталіцы Людмілы Лапо. Яна пакарала Лойку пяццю суткамі адміністрацыйнага арышту за акцыю, якую ён правёў 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, каля мінскай гімназіі № 4.

Як і на першым судзе, Лойка хадайнічаў, каб пасяджэнне вялося па-беларуску. Але суддзя Аляксей Бычко адхіліў хадайніцтва, а затым пакінуў скаргу без задавальнення.

«Мне хацелася аднаго — атрымаць ад дзяржавы беларускай мовы, — расказаў Лойка. — І зноў упёрся ў сцяну, на гэтым судзе беларуская мова таксама забаронена. Я, як грамадзянін, паводле Канстытуцыі, яе 50-га артыкула, маю права на выбар мовы зносін. А суддзя, які прадстаўляе дзяржаву, ужо не мае гэтага выбару. Я выбіраю мову, а яны не выконваюць маё жаданне».

Паводле слоў скульптара, у Міжнародны дзень роднай мовы дзяржава паказала, як яна жорстка абыходзіцца з беларускай мовай. «Дзяржава зноў пацвердзіла мае ўражанні, уяўленні аб тым, што яна вынішчае сваю ж дзяржаўную мову. — кажа ён. — Напэўна, і далей буду абскарджваць судовае рашэнне ў вышэйстаячых судах».

«Самае галоўнае — гаварыць на беларускай мове, даваць ёй жыццё, — кажа Лойка. — Каб яна была жывая мова. Трэба паказаць, што яна табе патрэбна, што ты жывеш з гэтай мовай, што без яе не можаш. Тады яна будзе жыць».

На думку скульптара, парушаюцца трэці і шосты артыкулы закона аб мовах, а пакараных усё няма. «Я спрабую знайсці якога-небудзь дробнага дзяржаўнага клерка, які абавязаны гаварыць па-беларуску, а не гаворыць, і давесці яго да суда, — разважае Генік Лойка. — Пакуль што гэта не ўдаецца. Буду пісаць заяву ў суд ці ў Мінюст на тое, што суддзя Людміла Іванаўна Лапо парушыла шосты артыкул закона аб мовах, што чыніць перашкоды ў карыстанні дзяржаўнай мовай».

Відэа БелаПАН