Дома сумна. Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)

Хто і калі прыдумаў назву Гарохаў — мясцовыя не ведаюць, таксама кажуць, што ў вайну і архівы згарэлі...

 


Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!



Падарожжа першае. Івакі
Падарожжа другое. Кольна
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
♦ 
Падарожжа пятае. Неглюбка
Падарожжа шостае. Зялёны Мох


Вёску Гарохаў мы знайшлі недзе ў кіламетрах дваццаці ад Калінкавічаў. Гэтае маленькае палескае сяло заснавалі ў 19-м стагоддзі чэхі. Тады Чэхія была ў адной (Аўстра-Венгерскай), а Беларусь — у другой вядомай імперыі. А прадстаўнікам нашых народаў даводзілася часам бегаць туды-сюды, каб недзе прытуліцца ды выжыць. Вёска да вайны так і называлася — Чэхі. Хто і калі прыдумаў ёй назву Гарохаў — мясцовыя не ведаюць, таксама кажуць, што ў вайну і архівы згарэлі.

 

 

 

 

 

 

 

«Яны, дзед мой, і другія людзі, ехалі з Чэхіі, сямей дзесяць, убачылі тут харошы бугор, думалі, тут добрая зямля, вырашылі пасяліцца. А зямля тут, праўда, не надта. І пасяліліся. Жылі, спачатку жаніліся толькі са сваімі, свая мова была, усё. А потым ужо пачалі жаніцца і з беларускамі, сваіх ужо не хапала — гэта ўжо перад вайной было. А сюды прыехалі чэхі, калі — ніхто ўжо і не памятае, яшчэ да рэвалюцыі», — распавядае мясцовая жыхарка, 87-гадовая Марфа Андрыянаўна Новік (Смыкал)

 

Па яе словах, бацька яе, Андрыян Смыкал, быў «чысты чэх». І першая ягоная жонка была «чыстая чэшка», ды рана памерла, пакінуўшы шэсць дзяцей. Тады ажаніўся бацька Марфы на беларускай жанчыне. «Бацька казаў і па-чэшску, і па-беларуску. Часам скажа мне: ідзі прынясі нешта, а я і не разумею, што ён хоча. Зараз ужо ніхто і не памятае той мовы, і я, што ведала — дык усё пазабывалася», — журыцца пенсіянерка.

Яна ўзгадвае пра бацьку-чэха, які быў «багатыр» (багатыр — заможны чалавек). «Два двары было, хлявы, шмат зямлі, гаспадаркі, лес прадаваў, такі быў заможны, чатыры каровы меў, коней, усе крупы былі свае, усё было сваё. Вельмі добра жылі, яго потым нават раскулачыць хацелі, дык ў яго было шмат знаёмых у Калінкавічах — ён у іх, што мог, пахаваў, але так гараваў, так хваляваўся, што рана і памёр — было яму 55 гадоў», — дадае Марфа Андрыянаўна.

Распавядае пра жыццё ў вёсцы і дэпутат сельсавету Валянціна Смыкала. Яе дзед таксама быў чэх.

«Раней, як я малой была, дык бабулькі збіраліся, на чэшскай мове размаўлялі, песні спявалі, а мы нічога не разумелі. А зараз ужо памерлі многія, мала хто што помніць. Раней мы тут вельмі заможна жылі — столькі было садоў, ферма была, пачатковая школа, клуб. Людзі так добра працавалі на зямлі, што ўсе вакол зайздросцілі. У іншую вёску прыйдзеш — яны яшчэ толькі прачынаюцца, а ў Гарохаве ўжо і кароў выгналі на пашу, з чатырох раніцы, і есці прыгатавалі, і зямлю так абраблялі, што нідзе травінкі не было. А зараз тут працы не знойдзеш, заробкі малыя, раней быў вельмі добры кіраўнік у Шыічах, ды ён памёр, а потым то далучалі гаспадарку, то адлучалі, то зноў зараз да іншай сельскай гаспадаркі далучылі», — узгадвае Валянціна Смыкала.

Што людзі тут добрыя, гасцінныя ды працавітыя — гэта дакладна. Марфа Андрыянаўна жыве са сваім мужам Антонам Паўлавічам Новікам разам ужо больш за 60 гадоў 

 

 

Пенсіянеры, якім па 87 гадоў, і зараз самі ўсё робяць па гаспадарцы, у хаце ўтульна і чыста так, што наўрад ці ў маладых такое сустрэнеш. Калі мы толькі зайшлі ў хату, старыя снедалі і, не пытаючыся — хто мы, чаго прыйшлі, адразу пачалі смажыць яечню з салам, частаваць блінцамі, і пакуль не селі за стол — не сталі з намі і размаўляць. Якая смачная яешня з салам з печы і блінцы! (А справа была якраз на Масленіцу.) 

 

 

 

Антон Паўлавіч — апошні ветэран у сельскім савеце. Ваяваў у Літве, быў паранены там, вярнуўся дахаты, ды так і пражыў тут усё жыццё, працуючы ў сельскай гаспадарцы. Усё рабіў сваімі рукамі: і лазню, і дом — два разы адбудоўваўся. 

 

Іх дачка памерла адносна маладой, пакінула шэсць дзяцей — унукаў Новікаў, усіх яны падымалі самі на ногі. Зараз ужо і праўнукі ёсць.

Ні за што так не хвалюецца Антон Паўлавіч, як за лёс роднай вёскі і суседніх Шыічаў, за моладзь, якой няма тут добрай працы. 

Атабарыліся ў Гарохаве і фермеры — Анатоль Мікалаевіч Змушко і Рыгор Мікалаевіч Лягун. Трымаюць яны свіней, кароў, апрацоўваюць зямлю, маюць сваю тэхніку — усё робяць самі. Зараз ужо з лютага высадзілі расаду памідораў і агуркоў, таму круглыя суткі топяць у парніку. 

 

 

 

 

Фермеры ўзгадваюць лепшыя для іх часы, калі можна было і тэхніку набыць па лізінгу, і паліва ў крэдыт. «Зараз нічога няма, ніякай падтрымкі, усё самі, за свае грошы — і паліва, і насенне элітнае. Вось убухваюць усе грошы ў сельскую гаспадарку — у тую яму. Каб так фермерам дапамагалі! Вось адно сельскагаспадарчае прадпрыемства здае малака ад 50 кароў — 70 літраў, а фермер ад 10 кароў здае 50 літраў — ёсць розніца? Эх. Пакуль не будзе развіцця прыватнага бізнесу — нічога не будзе», — разважае Анатоль Мікалаевіч.

Пра развіццё прыватнай ініцыятывы, фермерства — як мары, нам гавораць у падарожжах у кожнай вёсцы. Усе, хто працаваў на зямлі, упэўнены, што там павінен быць гаспадар, а не найміт. Анатоль Мікалаевіч усё робіць сам, бо перакананы, што наўрад ці людзі, якіх ноймеш на працу, так добра яе выканаюць. Напрыклад, расада. Не пратапі цяпліцу, забудзься — і тут жа ўся расада загіне. 

Па словах фермераў, з васьмі сотак можна атрымаць восем тон агуркоў і памідораў. Пры добрым ураджаі, але пры высокіх выдатках, з адной соткі зямлі ў сезон можна атрымаць да тысячы даляраў. Фермеры — разумныя ды працавітыя людзі, якія любяць сваю зямлю, сваю працу, і робяць яе аддана. Вось каб дзе толькі начальнікаў знайсці такіх жа... 

Пасяліліся неяк у Гарохаве і цыганы. 

 

 

Жывуць яны бедна. На верандзе трымаюць свінню. Наракаюць на ўладу, якая ім не дапамагае. Жанчына распавядае, што пенсію яна атрымлівае малую — 900 тысяч, і на жыццё не хапае. Працаваць не можа праз хворую руку. Да яе прыехалі ўнукі, якія таксама казалі пра недапамогу ні ў чым улады. Пенсіянерам Новікам, іх аднавяскоўцам, і з маладосці ніхто не дапамагаў — але пабудавалі два дамы, ды паднялі на ногі шэсць унукаў, і зараз працуюць па гаспадарцы, не зважаючы на дзевяты дзесятак.

Былі тут чэхі некалі, зараз жывуць беларусы з чэшскімі каранямі. Пра Чэхію — што гэта за краіна, дзе яна, якое там жыццё — пенсіянеры мала ведаюць. Ды і чэхі, напэўна, наўрад ці ведаюць, куды закінуў лёс іх суайчыннікаў.

P.S. Вяртаемся ў Калінкавічы. У гарадскім аўтобусе разам з намі едзе сабака. Кандуктар па-добраму бурчыць, што той сабака з ранку катаецца па маршруце. Пасажыры ўсміхаюцца і працягваюць безбілетнаму пасажыру лусту хлеба. 

 


  • Лепей "Чэхі", чым "Гарохаў" ) А фразу у стылі "сельскагаспадарчае прадпрыемства здае малака ад 50 кароў — 70 літраў, а фермер ад 10 кароў здае 50 літраў" я ужо не памятаю, калі узгадвалі нашы афіцыйныя СМІ ) Дзякую!
  • я бы как-то молчал бы в тряпочку, будучи потомком чехов... а у авторши другие ценности... Чехособаки, или похождения бравых чешских солдат во время Гражданской войны Эта статья приводит нам сумму золотого царского запаса, захваченного чехами: 414.254.000 (четыреста четырнадцать миллионов двести пятьдесят четыре тысячи) царских золотых рублей. Это астрономическая сумма даже по сегодняшним временам. Если 20 миллионов долларов тогда были приблизительно миллиардом долларов сегодня, то это составляет около 20 миллиардов долларов по сегодняшнему курсу, но, поскольку монеты были золотые, то это надо умножить почти на пятьсот. В общем счёте выходит десять триллионов долларов в сегодняшних деньгах. У американцев было время посчитать царское золотишко - этими деньгами Троцкий с лихвой расплатился со своими американскими хозяевами и за революцию, и за гражданскую войну, а сам после этого занялся организацией Голодомора в Поволжье, на Кубани и Украине. Яков Шифф дал Троцкому на революцию всего 20 миллионов долларов. То есть на вложенный миллиард была получена прибыль в десять триллионов. Что ни говори, самые успешные экономические операции - это войны и захват чужого. http://hedrook.vho.org/library/sobaki.htm
  • чэхам трэба было б скрасці паболей, каб падкасіць імперыю, якая 70 год пужала увесь астстні свет ))))
  • "Отток капитала из России за февраль составил около 6 млрд долларов, сообщил замглавы Минэкономразвития Андрей Клепач в кулуарах Московского экономического форума." за АДЗІН месяц! Лук34, не каментаваць про НашуРашу! ))))))