Касцёл сабраў на шэсце больш людзей, чым апазіцыя

У працэсіі Божага Цела 26 мая ў Мінску ўзяла ўдзел рэкордная за ўвесь час правядзення шэсця колькасць каталікоў — 10-12 тысяч...

 

У працэсіі Божага Цела 26 мая ў Мінску ўзяла ўдзел рэкордная за ўвесь час правядзення шэсця колькасць каталікоў — 10-12 тысяч, паведаміў БелаПАН часовы выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько.



Традыцыйная працэсія Божага Цела адбылася з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Госпада, якая сёлета адзначаецца 30 мая. Святочныя мерапрыемствы праходзяць у гарадах і вёсках Беларусі пры каталіцкіх парафіях.

Паводле слоў ксяндза Юрыя, сёлетняя працэсія, якая сабрала ўдвая больш ўдзельнікаў, чым летась, стала самай масавай за ўсю гісторыю правядзення гэтай акцыі ў сучаснай Беларусі. Ён упэўнены, што такая колькасць удзельнікаў сведчыць пра развіццё каталіцкай веры ў Мінску, дзе ўсё часцей парафіі з'яўляюцца ў раёнах сталіцы. "Колькі год таму ў Мінску працавалі толькі некалькі касцёлаў у цэнтры горада, сёння сітуацыя змянілася", — падкрэсліў святар.

Як паведаміў прэс-сакратар, акцыя пачалася са Святой імшы перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы, якую ўзначаліў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці.

Звярнуўшыся да вернікаў, арцыбіскуп адзначыў, што ў гэтае свята "з намі тая Божая мудрасць, якая весялілася і танцавала перад Божым абліччам, калі Бог ствараў свет". "Ваша прысутнасць — радасць, падобная да той радасці Бога быць разам з вамі. Бог шчаслівы быць у гэтым горадзе, шчаслівы прайсці з вамі, каб несці радасць і благаслаўленне ўсім яго жыхарам, нават тым, хто не верыць", — прамовіў апостальскі нунцый, дадаўшы, што "Езус благаславіць усе будынкі гэтага горада, структуры, якія дапамагаюць у супрацоўніцтве чалавека з Богам".

Пасля імшы працэсія рушыла на плошчу Перамогі, на Кастрычніцкую плошчу, адтуль да касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). На кожным з гэтых знакавых месцаў вернікі з працэсіі спыняліся, каб памаліцца.

Шэсце завяршылася каля архікафедральнага сабора Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе да ўдзельнікаў звярнуўся мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падзякаваў Богу "за магчымасць для католікаў Беларусі сведчыць сваю веру, за добрае надвор'е".

Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся са словамі падзякі да апостальскага нунцыя, а таксама да прысутнага архімандрыта грэка-католікаў Сяргея Гаека і іншых святароў, якія бралі ўдзел у працэсіі, да вернікаў.

Ксёндз Юрый Санько адзначыў, што працэсія да ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Госпада заўсёды важкая падзея: "Гэта не толькі маніфестацыя нашай веры, але і час, калі католікі Мінска збіраюцца ў адну супольнасць, вялікую групу, каб маліцца, просячы аб бласлаўленні для горада, краіны, развіцця касцёла".

Улады горада і краіны значна паспрыялі таму, каб працэсія адбылася годным чынам, падкрэсліў ксёндз Юрый. Шэсце суправаджалі некалькі аўтамабіляў хуткай дапамогі, а таксама супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія стваралі бяспечную сітуацыю для пераходу людзей на скрыжаваннях.

Фотаздымкi Белсат i з сайта Catolic.by