Дома сумна. Падарожжа трынаццатае (шчаслівае). Грушачка

Ды ніхто ў такую маленькую Грушачку не павядзе, маўляў, тую ваду і газ, бо «неперспектыўная вёска». У нас жа дзяржава для народа, а не для людзей...

 


Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!


♦  Падарожжа першае. Івакі
♦  Падарожжа другое. Кольна
♦ 
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
♦ 
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
♦ 
Падарожжа пятае. Неглюбка
♦  Падарожжа шостае. Зялёны Мох
♦  Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
♦  Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
♦  Падарожжа дзевятае. Губарэвічы
♦  Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны
♦  Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
♦  Падарожжа дванаццатае. Вулкан


Вёска Грушачка (Жлобінскі раён) схавалася паміж палеткаў, узгоркаў, меліярацыйных каналаў, нават з шашы з цяжкасцю можна разглядзець паміж дрэвамі некалькі стрэх. Вёсачка вельмі мілая і прыгожая, адпавядае сваёй ласкавай назве. І такія ж тут жыхары.

Заснаванае паселішча было ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Назвалі так вёску, таму што будаваць свае дамы пачалі людзі ў чыстым полі, каля грушы-дзічкі. Вось такая гісторыя. Зараз грушы той няма, памерла, на месцы дзічкі, якая дала назву вёсцы — маленькія могілкі. Жыве ў вёсцы жыхароў да дзесяці, але і ў лепшыя часы тут былі толькі дваццаць два дамы.

Пяць гадоў таму атабарыўся ў Грушаўцы армянін Грач Аракелян з сям'ёй, хата яго — паміж хат дзвюх мясцовых жанчын, якія пражылі тут ўсё жыццё. Дзве Ніны Карпавы. Толькі адна Ніна Іванаўна, а другая — Васільеўна. Ніна Васільеўна ў маладосці выйшла замуж за стрыечнага брата Ніны Іванаўны. А армянін Грач ахвотна згадзіўся быць нашым гідам па вёсцы.

Грач Аракелян займаецца сціплым бізнесам, традыцыйным для Жлобіна — шые цацкі. Пра сябе распавёў коратка: прыехаў сюды жыць, з сям'ёй, спадабалася тут, вось і жыве.

Ніна Іванаўна пры сустрэчы з намі жартам успомніла, што неяк бачыла па тэлевізару, што вось такія кшталту нас хадзілі па хатах, а потым у пенсіянераў грошы зніклі. Мы пачалі размахваць пасведчаннямі, але пенсіянерка махнула рукой: «Ат, якія дакументы?! Вось Грач — ваш дакумент, ён жа вас да мяне прывёў». Дзве Ніны ахвотна распавялі нам пра жыццё ў вёсцы пачынаючы яшчэ з даваеннага часу.

Адна з Нінаў нарадзілася ў суседняй вёсцы Гуляй-Поле. Вёска мае такую назву, што на тым полі нічога не расло, таму так назвалі паселішча. А назва вёскі Пералазы ўзнікла таму, што яе насельнікі прыйшлі сюды з-за чыгункі, пералезлі праз рэйкі, таму і ахрысцілі паселішча Пералазы.

Ніна Іванаўна і Ніна Васільеўна разважаюць — чаму раней, жывучы вельмі сціпла, сем'і мелі па пяць дзяцей (як у Ніны Васільеўны), а зараз і дзвюх баяцца маладыя заводзіць. «Таму што зараз дзецям купляюць рогі, а раней і так раслі, і ўсе дзеці нашы людзьмі сталі», — робяць выснову жанчыны.

Ніна Іванаўна, па выразу яе суседа армяніна Грача — «самая крутая ў вёсцы, і самая галоўная тут». Яна нам распавяла страшную гісторыю пра чорных рыэлтараў. Некалі суседскі дом Ніны Іванаўны купілі дзіўныя людзі, яны прывезлі сюды мэблю і чалавека, Сашку. Кінулі яго тут і паехалі, толькі наведваліся раз у дзень ці ў два дні, каб пакарміць яго. Ён ляжаў, і быў у нейкім дзіўным стане. Пенсіянерка неяк хацела трапіць да яго ў хату, каб пакарміць небараку, ды дзверы былі зачынены. Неяк з мужам яны вынялі шкло з вакна, ды перадалі міску супу таму Сашку. Але калі прыехалі тыя «гаспадары», то насварыліся на жанчыну, маўляў, ты сюды не лезь і Сашку нашага не кармі.

Потым аказалася, па словах жанчыны, што яны прывозілі Сашку наркотыкі, і калолі яго, забраўшы недзе ў горадзе ў яго кватэру і аформіўшы на сябе. А потым таго Сашку забілі і закапалі недзе на агародзе. Прыехала міліцыя, знайшлі труп, знайшлі потым і тых забойцаў, чорных рыэлтараў. Такія былі страшныя справы ў Грушачцы.

Каля хаты Грача Аракеляна на слупе жыве бусел. Адзін-адзінокі бусел. Гэта не проста бусел, ён таксама мае сваю дзіўную гісторыю.

«Вясной тут была каля месяцу вайна! Прыляталі іншыя буслы, каб біць нашага, яны хацелі яго выжыць, каб адбіць у яго гняздо. Як наляталі яны, ляцелі з чатырох бакоў, крычалі злосна «ча-ча-ча-ча-ча», кідаліся на нашага бусла. Звычайна ж кожны бусел сам павінен будаваць сабе жытло, а гэтыя былі нейкія п'яніцы, ці што, што свайго не мелі, а чужое хацелі забраць. У выніку скінулі яны пяць яечкаў з гнязда на зямлю, тыя пабіліся, і застаўся наш бусел адзін, без дзяцей, але ў сваім гняздзе», — распавяла Ніна Іванаўна.

Ідучы па вёсцы, мы бачылі нахабнага зайца, які няспешна пераходзіў праз дарогу. Спачатку мы падумалі, што гэта кот, але такія былі вялізарныя вушы! Глянулі — аж гэта заяц. Ён неяк незадаволена азірнуўся на нас і панёсся праз поле па сваіх справах. Зайца мы сфатаграфаваць не паспелі.

Мясцовыя жыхары на развітанне далі нам наказ, тры словы: вада, газ, дарога. З гэтым у Грушачцы бяда. Калодзежы разбурыліся, адзін толькі, у пачатку вёскі, спраўна працуе, адрамантаваны сельсаветам. Але старыя жанчыны не здолеюць хадзіць туды па ваду, таму што хворыя, цяжка ім. Просяць аднаго мужчыну, каб насіў ім ваду, плацяць яму грошы. Нам паказваюць, што можна было ваду правесці ў вёску — вадаправод блізка, літаральна ў кіламетры, і газ там жа.

Ды ніхто ў такую маленькую Грушачку не павядзе, маўляў, тую ваду і газ, бо «неперспектыўная вёска». У нас жа дзяржава для народа, а не для людзей. Народ тут, у Грушачцы, не жыве, толькі людзі. Праблемы і з дарогай, часам і аўталаўка не магла праехаць, сядзелі старыя без хлеба.

Жанчыны кажуць, што дарма спісваюць у архіў іх вёску. Мясціны тут маляўнічыя, недалёка ў лесе — прыгожае возера. Мясцовыя ўпэўнены, што раскупілі б тыя дамы, што засталіся, людзі на дачы, каб хоць вада была ў вёсцы, каб хоць дарога была нармальная! Не сцерлі б тады вёску з картаў.

Дарэчы, ніякіх указальнікаў на Грушачку няма, як і дарожных знакаў. Але калі будзеце ісці па шашы каля чыгункі, каля павароту на Лукскі, то недзе там, на полі, сярод дрэў, калі добра прыглядзецца, можна заўважыць некалькі стрэх. Гэта — Грушачка. Няўжо яе чакае такі ж лёс, як і той дзічкі, ад якой і пайшла вёска?

Вяртаемся да чыгункі. Праходзім нейкія парэшткі былой савецкай велічы. Завод тут нейкі быў, ці што. Зараз — разваліны, на якіх, на вышыні некалькіх паверхаў, выраслі бярозы.

Прырода — яна сваё заўсёды верне. І адваяваную некалі людзьмі тэрыторыю пад хаты і заводы зноў верне ў сваю ўласнасць, засадзіць бярозамі і кустамі, будзе тут уладарыць. А вось людзі ці вернуцца калі да сваіх каранёў? Тым больш, калі не будзе ўжо і куды вяртацца.

Грушачка. Грушачка. Я ўспамінаю гэтае слова, ідучы па шашы ўсё далей і далей ад вёскі, і бліжэй да гораду.


  • Звычайна ж кожны бусел сам павінен будаваць сабе жытло, а гэтыя былі нейкія п"яніцы, ці што, што свайго не мелі, а чужое хацелі забраць. У выніку скінулі яны пяць яечкаў з гнязда на зямлю, тыя пабіліся, і застаўся наш бусел адзін, без дзяцей, але ў сваім гняздзе», ===== а хто снёс те яйца? где самка? буслы гермафродиты?
  • И - сюда ты влез, глупая Чипполина?!!!! Уважаемая г-жа Германович! Спасибо Вам, за этот прекрасный репортаж. Такие - прекрасные виды. Такая - красотища необыкновенная. И - люди.... Правда, прямо скажем, время теперь такое, май - июнь; всё цветёт, всё, зеленеет. А то, что-то я, совсем духом упала, после всех этих историй. И - моего участия, в очень тяжёлом, болезненном форуме, с г-ном dr.Alex. Я - совершенно деморализована. Спасибо Вам! За фотки, за виды... Но, что-то, эта история с "Сашком", бодрости не прибавляет. И - вообще. Остались, лишь старики доживать; костылём, места показывать... Нет! Разумеется, я не говорю, что Вы - обязаны позитив продуцировать, когда, он отсутствует, в реале. Но - всё это так грустно. Так - печально.... Такие земли; виды такие, оставлять в запустении, либо, на откуп, чужеземцам....
  • самотны бусел - болей яму пасуе