Да Маці Божай Будслаўскай. Анлайн-дзённік пілігрыма

Кажуць, што кожны беларус павінен хоць раз у жыцці наведаць касцёл у Будславе...

Сёлета адзначаецца 400-годдзе з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. З гэтым абразам звязан шмат неверагодных і цудоўных гісторый, за 400 гадоў іх ужо вельмі шмат. Людзі прыходзяць сюды, каб падзякаваць на што-небудзь Маці Божай, ці папрасіць што каму трэба, ці пазбавіцца нечага, ці атрымаць нешта.

Будслаў

Ужо з мінулага тыдня пешыя пілігрымкі рушылі ў шлях да Маці Божай Будслаўскай. У пятніцу, 5 ліпеня, тысячы пілігрымаў з Баранавічаў, Віцебску, Мінску, Браслава, Смаргоні, Вілейкі, Маладзечна, Жодзіна, Вілейкі і іншых гарадоў і вёсак сустрэліся ў Будславе, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях.

Маці Божая Будслаўская — нацыянальная святыня. Кажуць, што кожны беларус павінен хоць раз у жыцці наведаць касцёл у Будславе. Паглядзеўшы коса на свой пашпарт з сіняй вокладкай, вырашыла і я першы раз схадзіць у пешую пілігрымку.

Пачатак

Мой шлях пачаўся сёння, 1 ліпеня, з Івянца. Кажуць, што пілігрымка — гэта сціслы пераказ усяго жыцця чалавека. Маё жыццё пачалося непадалёк ад Івянца, таму будзе лагічна, калі і пілігрымка пачнецца там жа. Дзе яна скончыцца — я пакуль не ведаю. Таму што, згодна маршруту, штодзень трэба будзе праходзіць пешшу каля 30 кіламетраў. О. Як жа я буду жыць без сваіх трох К? (Канапы, Камп'ютэру і Кухні?). Застрэльце мяне хто-небудзь!

30 кіламетраў у дзень, 150 км — за пяць дзён. 150 км=150 000 метраў! Калі чалавечы крок — паўметра, то гэта выходзіць недзе 300 тысяч крокаў!

Збіраючыся ў вандроўку, я зазірнула ў аптэку. Купіла неабходныя лекі. Ад вірусаў, інфекцый, мігрэні, ад хвароб ног і страўніка, нырак... На ўсялякі выпадак, што, калі нешта раптам забаліць? Трывожна пазіраючы на вітрыну, заўважыла там лекі ад варыкознага расшырэння вен, сасудаў, суставаў, пячонкі, горла, алергіі, гіпертаніі.... А што, калі ўсё гэта ў мяне пачнецца ў дарозе?! І засталася ўпэўнена, што набыла я не тое, што трэба. А балець будзе нешта іншае, ад чаго лекаў я не прадугледзела ўзяць.

Пілігрымка пачалася з Імшы ў сем раніцы ў белым івянецкім касцёле (там ёсць яшчэ і чырвоны, белы — Святога Міхаіла, чырвоны — Святога Аляксея).

Івянец — адметнае і прыгожае мястэчка, з цудоўнай гісторыяй, легендамі і паданнямі. Гэта традыцыйнае месца збору каталіцкай моладзі на «Музычныя майстэрні» і малітоўныя сустрэчы.

Свае ўражанні ад пілігрымкі я буду пісаць сюды штодзённа.

 

Дзень першы. Івянец — Ракаў

Першы дзень вандроўкі пачаўся для мяне з Івянца — тут, ля белага касцёла Святога Міхаіла 50 мясцовых жыхароў і прыблудных, кшталту мяне, далучыліся да пешай пілігрымкі Баранавічы — Будслаў.

Тыя з Баранавіч каталікі ідуць яшчэ з 28 чэрвеня, ужо ёсць раненыя (ногі, ногі — гэта галоўнае, тут усе раненыя на ногі). Актуальныя лекі — пластыр, бінт, зялёнка і ёд. Дык з Баранавіч выйшлі недзе 160 чалавек, па дарозе яны яшчэ начаплялі пілігрымаў па вёсках, у выніку з Івянца выйшлі 290 чалавек. Ёсць такія, каторых вязуць у вазку (год-два узростам), ёсць некалькі пенсіянераў. Астатнія — падлеткі і моладзь, ад 14 да 23 гадоў.

На пачатку пілігрымкі ўсім выдалі па футболцы, бэйджу, спеўніку і шаліку. Нармальна. Хоць нешта атрымаць на дурніцу.

Калона пілігрымаў ідзе па прасёлкавым дарогам весела — пад сцягамі, з крыкамі, песнямі і танцамі. Калі ідзеш і глядзіш пад ногі, то здаецца, што трапіў у калону ваеннапалонных, а калі падымаеш вочы уверх і бачыш усялякія сцягі і рознакаляровыя стужкі, якімі бадзёра махаюць пілігрымы, то здаецца, што трапіў да вясёлых нейкіх ненармальных людзей, якім няма чаго рабіць, як крочыць па гравію ды пяску ды спяваць пра Бога, і так — тыдзень.

Сярод пілігрымаў ёсць розныя людзі. Ёсць людзі-крыжыкі (якія нясуць крыж), людзі-сцягі, людзі-калонкі (на якіх вісіць гукаўзмацняльная апаратура), людзі-рэгуліроўшчыкі (тыя ідуць наперадзе і ззаду калоны і папярэджваюць аўтамабілі, каб выпадкова не падушылі пілігрымаў). Ёсць людзі-ксяндзы, і людзі-сёстры. Яшчэ ў калоне ёсць нейкі чалавек, які ўсю дарогу нешта гаворыць-жартуе-спявае ў мікрафон, аж тое праз калонкі чуваць на ўсе навакольныя вёскі.

А, пра вёскі. Ва ўсіх вёсках, якія мы прайшлі за гэты дзень, мясцовыя людзі арганізавана сустракалі пілігрымаў — пасыпалі дарогу кветкамі, частавалі, паілі вадой і ўсё такое. Ксёндз дабраслаўляў абарыгенаў пілігрымкавым крыжам, тыя яго цалавалі (не ксяндза, а крыж), і вандроўнікі крочылі далей.

Ішлі-ішлі, спявалі, крычалі, жартавалі — і звярнулі ў лес. А там, сярод лесу — оба-на! Стаяць накрытыя сталы, а на сталах — чаго не было! Гэта так мясцовая гаспадарка не пашкадавала грошай, каб зладзіць пілігрымам прыстойны абед. Вельмі прыстойны.

Пасля абеду пайшлі далей па прасёлкаваму гравію разбіваць дашчэнту ногі, хто яшчэ не паспеў. Чалавек-мікрафон, нястомны на жарты, праз гукаўзмацняльную апаратуру даводзіў усім аўтамабілістам і абарыгенам, што «Мы ідзём з Баранавічаў, пяты дзень пяшком! Мы паелі, папілі, задаволеныя і шчаслівыя! Гэй, далучайцеся да нас, кідайце аўто, пайшлі пехатой з намі!».

Сонныя маленькія вёскі, напэўна, толькі раз у год бачаць і чуюць такі вэрхал і гвалт. Яшчэ чалавек-мікрафон паведамляў усім цікаўным, якія здзіўлена пазіралі на калону са сцягамі і здымалі пілігрымаў на мабільныя: «Так, мы рэлігійныя фанатыкі! Нас тут трыста чалавек, і ўсе мы ідзем у Будслаў, а там такіх, як мы, будзе сорак тысяч, далучайцеся!».

Каб не жарты, дык праўда там можна было памерці — ісці пад спёкай, па пяску ды гравію, 30 кіламетраў!

Некаторыя людзі ідуць у пешую пілігрымку 15 раз, і кажуць, што не апошні. Некаторыя ідуць першы раз (як я), але нават не маюць упэўненасці, што дойдуць хоць да Ракава. Ну, да Ракава дайшлі, дык хоць да Радашковічаў. Заўтра. Ногі! Здаецца, што яны існуюць аўтаномна, у царстве болю і смерці. Але як толькі пераключыш увагу ад свайго ўласнага болю на вясёлы і бадзёры «каталіцкі спецназ», то неяк яшчэ магчыма жыць. І ісці далей.

У Ракаве пілігрымаў сустрэлі мясцовыя каталікі, якія паразбіралі вандроўнікаў па хатах на начлег. Заўтра пілігрымаў чакаюць Радашковічы. Яшчэ каля 30 км. Потым — яшчэ. І яшчэ адзін раз, адзін дзень. А там ужо і Будслаў.

 

Дзень другі. Ракаў — Радашковічы

Другі дзень пілігрымкі — гэта ўжо пачатак пекла. Не верце нікому, што з Ракава да Радашковічаў — каля 30 кіламетраў. Гэта няпраўда. Іх тут недзе ў два-тры разы больш.

Па гэтым маршруце ўжо каля дваццаці гадоў праходзяць пілігрымкі ў Будслаў, раней людзі не вытрымлівалі, калі ведалі, што трэба ад Ракава да Радашковічаў піліць пад 70 кіламетраў, сыходзілі з пілігрымкі, кідалі хадзіць у касцёл і верыць у Бога. Ледзь пілігрымкі не загібелі — не было каму хадзіць, людзі сталі паняверкамі праз тую праклятую адлегласць ад пункта Р. да пункта Р. Тады Каталіцкі Касцел знайшоў выйсце: на самым высокім узроўні дамовіўся з транспартнікамі, каб тыя ўсюды пазначылі, што ўсяго-то тут нічога ад мястэчка да мястэчка — 30 км. І так вярнуліся на нашу зямлю пілігрымкі, а ў іх — людзі, а ў касцёле — вера. Толькі на ёй на той веры (ды хоць у што, хоць і ў моц аспірыну супраць СНІДу) усё і трымаецца.

Ага. Пакінуўшы супер-гасцінны Ракаў з такім жа насельніцтвам, якое 300 пілігрымаў карміла-паіла, давала спаць, мы трапілі ў іншы свет. Сапраўды, івянецка-валожынска-пушчанская зямля — найлепшая ў Беларусі. Тут і вецер быў учора, і спякоты не было, і людзі ва ўсіх вёсках нават кветкі пад ногі кідалі, як воінам-пераможцам, а як пайшлі за Ракаў — усё.

Ні кветак, ні вітанняў, ні ветру, ці цяньку — адно сонца спякае галаву, а асфальт угрызаецца, як ашалелы янот у ногі. Ногі-ногі. Тое, што я ўчора плакала пра ногі, аказалася — дзіцячы сад у параўнанні з сённяшнім болем і пеклам. Сёстры законныя, яны ж і сёстры-медыкі, не паспявалі толькі бінты ды пластыры круціць на ногі, напэўна, цэнтнер лекаў вылілі на тыя ногі. Але кульгаючы, плачучы (грызучы кактус і елкі ля дарогі), пілігрымы ідуць далей. І не проста ідуць, а яшчэ і спяваюць, і жартуюць, і махаюць рукамі (рукі-то не хворыя) мінакам і аўтамабілям.

У дарозе спяваюцца розныя песні. Большасць, канечне, па тэме (Бог і Яго Маці), але і шмат проста вясёлых, кшталту па-нямецку: «Супермутэр, топ-топ, топ, вундэрбар, ды Марыя, штангенцыркуль!». У час пілігрымкі быў утвораны гурт «Гастрастома», які спявае розныя песні па модзе акынаў «Што бачу, тое і спяваю». Вясёлы чалавек-мікрафон, якога я ні разу не бачыла, працягвае падрываць калону пілігрымаў на смех і нават рогат сваімі жартамі. Адкуль толькі ў яго гэта бярэцца? Напэўна, гэтага чалавека не існуе, гэта проста такі голас прама з неба. Бо калі ўсе паміраюць — ён працягвае ўсіх бадзёрыць, падтрымліваць і жартаваць, жартаваць, жартаваць.

Я асабіста сёння трапіла выпадкова ў каталіцкае гестапа. Нешта забалела нага, добрыя людзі параілі мне (нядобрыя, нядобрыя!), што я магу падысці да сясцёр законных, і яны мне дапамогуць. Я — святая даверлівасць, пасунулася са сваёй хворай нагой. Яны нейкія лекі туды як сунулі (паміж пальцаў, дзе балела якраз, акурат як карнікі), што я ледзь не памерла ад болю. Кажуць, гэта так выхоўваюць у каталікоў пакору і ўсё астатняе. Я дык пасля экзекуцыі вырашыла змяніць веру на больш лаяльную да цела.

Ішлі па такой спёцы, што нават мозг паменшыў у памерах, заўважна, праўда? А яшчэ ксяндзы пагражалі, ці іх паплечнікі, нехта з іх крыкнуў у мікрафон раптам: «Хто зараз жа не апране галаўны убор, я падыду і зраблю яму сонечны ўдар каленам у галаву!». Людзі, жах які. Як страшна жыць. Нават калі гэта быў не ксёндз, а яго паплечнік, дык якія тады ксяндзы? Трэба трымацца ад іх далей, праўда :) Як мага далей. Бегчы паперадзе калоны аж да Будслава.

Яшчэ сёння выявілася, што ёсць такая рэч у пілігрымцы, як «Чорны спеўнік». Калі ксёндз заўважыць, што нехта філоніць і не спявае са ўсімі, ён занясе яго прозвішча ў «Чорны спеўнік», а потым той чалавек будзе спяваць без памяці, пакуль не заўважыць іншага нямко, каторы не хоча спяваць, і перадасць яму той «Чорны спеўнік». Кажуць (шэптам пілігрымы), што калі тваё прозвішча двойчы трапіць у той «спеўнік», дык ты потым трапіш проста ў пекла. Ой, пайду спяваць. Хоць «Вазьмі на неба, Божа», а хоць і «Штангенцыркуль, топ-топ-топ». Яшчэ ёсць песні што «И на рассвете вперед уходит группа ребят.... ксёндз приказал.... приказ есть приказ... товариш старший святар, ты сейчас комбат, комбат, комбат!». І гэтак далей.

А каб стаць пілігрымам — ёсць такая песня-пасвячэнне, дзе гаворыцца, што пілігрым падымаецца ў пяць раніцы і есць варанае яйка. «Цяпер ты пілігрым... Ооооо, цяпер ты пілігрым!». Усім гэта песня падабаецца.

Шмат ёсць патрыятычных песень, пра Радзіму, пра Беларусь. Шмат. Сёння праходзілі Вязынку, дык спявалі «Мая краіна — мая Беларусь». Вельмі цудоўная песня, яна ёсць у спеўніку пілігрыма. У Вязынцы чалавек-мікрафон (якога не існуе, і які насамрэч голас з неба) сказаў, што ў гэтай вёсцы жыў Янка Купала. «Ён тут жыў нармальна, па-чалавечы, як усе. Хадзіў па гэтаму асфальту, яго з тых часоў нават не змянілі, асфальт, у памяць пра паэта. Ён тут свіней ганяў, адганяў ад іх афрыканскую чуму». Лекцыя пра Купалу была пазнавальнай, падлеткі слухалі, толькі вушамі стрыглі.

А, на абед у лесе быў суп і перавязка. Потым пайшлі-пайшлі і прыйшлі ў Радашковічы. Гэтам вам не Ракаў, дакладна. Ніхто тут нічым не частаваў, кветак не кідалі, толькі п'яныя нейкія чапляліся. Нават да ксяндза прычапіліся, маўляў, эй ты, пацан, чаго ты тут у плацці? Карацей, такі лёс. Горкі лёс.

Спаць нас паклалі ў школе. Мы тут кшталту спім. Нас тут шмат, у нас баляць ногі, і нам абсалютна няма чаго рабіць. Заўтра нас чакае самы страшны пераход пад 40 км. Але ведаючы змову Каталіцкага Касцёла з транспартнікамі, я ўпэўнена, што там недзе 100 км, не менш.

Калі я ўпаду ў дарозе, ведайце — я упала за веру, за светлую будучыню, за Беларусь! Але наўрадці будзе ў мяне такая магчымасць стаць героем. Ксяндзы не дадуць. Зацягнуць за ногі ў жыта, і ніхто не даведаецца, што я герой. Заўтра — Ілля. Гэта такая вёска.

 

Дзень трэці. Радашковічы — Ілля

Ілля — гэта не мужчына, і нават не жанчына, і не святы. Гэта такая вёска ў Вілейскім раёне, куды мы трапілі на трэці дзень пілігрымкі. Трапілі — гэта такі выраз, які не адпавядае рэчаіснасці. Мы туды ішлі (паўзлі, беглі, цягнуліся) 40 км!

Так, пачалі з 27. Другі дзень — 30 (калі верыць ксяндзам і транспартнікам, з якімі яны ў змове). Сёння — 40. Натуральна, сёння раніцай (а прачынаемся мы ў пяць, каб адпавядаць песні «Ты прачынаешся ў пяць, ясі варанае яйка — цяпер ты пілігрым»), дык сёння раніцай у пяць мае хатнія бажкі заплакалі па мне, мая канапа, мой камп'ютар, і мой душ, і мой халат, і тапкі. Я вырашыла больш нікуды не ісці. Мне так балелі ногі, што я не магла нават падняцца. Я хацела дахаты, да бажкоў, яны вапіялі да мяне, клікалі мяне — дахаты, дахаты, вярніся, дачка наша любая, і мы ўсе прабачым.

Я сказала ксяндзам, што больш нікуды не пайду, ні ў якую Іллю за 40 км па шашы, па спёцы. Ксяндзы сказалі, што той, хто кіне пілігрымку, не трапіць ні ў пекла, ні ў рай — будзе боўтацца паміж імі, і не будзе яму супакою. Нават такая перспектыва не спалохала мяне. Ну і няхай! Затое я яшчэ раз у жыцці паляжу на канапе.

А тады ксяндзам на дапамогу прыйшлі сёстры законныя. Яны мне далі нейкую таблетку, чароўную. І — о цуд! Са мной нешта здарылася. Нешта такое, што сёстры спыталіся: «Ну, і куды ты зараз хочаш?». І я сказала, радасна і натхнёна: «У Будслаў, у Будслаў, прашу вас, вазьміце мяне з сабой!». І так я пайшла далей, далей, аж да Іллі.

Пайшлі. Як заўсёды — з жартамі і песнямі. Можа, мы б і не пайшлі, але ксяндзы прыдумалі новую для нас прыманку: хто дойдзе да Іллі, будзе там мыцца ў лазні. Імпэту стала больш. На абед нам давалі плоў, на вячэру — грэчку, раніцай — нешта смачнае, але незразумелае.

У час пілігрымкі была аб'ява, што нас наведаць (ці праверыць) едзе біскуп (гэта такі начальнік ксяндзоў). Яны (ксяндзы) спалохаліся, што мы паскардзімся на іх біскупу (на спёку, на 40 км, на сонца, на забарону паліць і піць алкаголь, і так далей), і сталі яшчэ больш рахманыя і прыязныя да нас.

У дарозе пачалі прыдумваць, як будзе правільна сустрэць біскупа. Падкідаць яго? Разам з яго аўтамабілем? А, дарэчы, нас пасля Радашковічаў стала 350 чалавек, натуральна, мы маглі б падкінуць і біскупа, і яго аўто. Потым прыдумалі, што калі прыедзе біскуп — мы ўсе кінемся з крыкамі ў розныя бакі. Маўляў, дзікая пілігрымка, ніколі не бачыла біскупа. На тым і спыніліся.

А біскуп не прыехаў. Можа, яшчэ і прыедзе. Хто іх ведае. Яшчэ сказалі, што калі біскуп спытаецца ў нас, што робяць ксяндзы, то мы скажам: «Вядуць нас да Бога! Вось так, за ручку. Маўляў, Бог, здарова, вось, прывёў!».

Яшчэ сёння былі выбары лепшага ксяндза. I стварэнне свабоднай эканамічнай зоны ў хвасце калоны, дзе можна было атрымаць урокі па ангельскай мове, ці эканоміцы, ці проста пагаварыць, ці спавядацца.

Яшчэ наконт лазні. У дарозе палічылі, што каб усе здолелі памыцца ў лазні, то на кожнага прыпадае роўна 1 (адна пропіссю) хвіліна. Было прапанавана занесці гэта ў Кнігу рэкордаў Гінэса: 200 дзяўчат за паўгадзіны памыліся ў пяці тазіках.

Яшчэ прайшоў конкурс на тое, хто мае больш мазалёў. Перамагла адна дзяўчына з колькасцю 18 штук. Прыз ёй не далі — яна недзе знікла. Ну і нічога.

Яшчэ ішлі ўсю дарогу па шашы, спёка выехала нам мозг, а гарачы асфальт дабіў ногі. І тут — на ўзбочыне шашы стаіць нейкі мужчына з вядром халоднай вады! О! Як усе былі радыя. Якраз спявалі песню «Простыя рэчы». Так дарэчы была тая сцюдзёна вада! Перадаю прывітанне таму мужчыне.

Яшчэ было шмат цікавага. Напрыклад, калі мы ўжо літаральна паўзлі па шашы, вясёлыя нашыя кіраўнікі прапанавалі нам... Не, не легчы. Не прыпынак. БЕГЧЫ! І што вы думаеце? Пабеглі! Пад песню «Цяпер ты пілігрым... Ооо.. Цяпер ты пілігрым».

Калі гэта будзе выпадкова чытаць каталіцкае начальства, то ведайце: мы тут не забаўляліся! Усе ружанцы, вяночкі, літанні адмаўлялі як мае быць, у час. 350 чалавек пацвердзяць.

У Іллю тую мы зайшлі як быццам парад зомбі. Не, канечне, спявалі, крычалі, віталі абарыгенаў, але наша паходка была... Жах. Усе пакоцаныя нейкія, у бінтах, ідуць-кульгаюць. Але потым была лазня. А потым мы спалі. Заўтра мы ідзём у Даўгінава. Потым ужо будзе Будслаў.

 

Дзень чацвёрты. Ілля — Даўгінава

Даўгінава! Туды мы ішлі доўга. Людзі з Баранавічаў — восем дзён, з Івянца — чатыры, заўтра пяты дзень, і заўтра ўжо Будслаў. Да Будслава засталося 18 км! Гэта пасля пераходаў-прабегаў па 30-40 км — а, мала. Так кажуць пілігрымы.

Сёння раніцай елі макароны, у абед — халаднік, бульбу і бутэрброды, на вячэру — грэчку. Пайшлі мы, пайшлі і пайшлі. Як заўсёды — з песнямі, крыкамі, вітаннямі. Спёка была жорсткая, асабліва непрыемна ісці па асфальту. Гэта я так думала. Але як выйшлі на пыльную дарогу праз поле, то я падумала: «А, не, лепш бы па асфальту». Ды позна было.

Калі праходзілі вёску Старынкі, мясцовыя вырашылі зрабіць для нас «бізнэс-ланч»: вынеслі на дарогу ежу, усялякую, у асноўным вараныя яйкі і бульбу, і агуркі.

Потым ішлі, і ў вёску Сцешыцы прыйшлі. Там, натуральна, схадзілі ў касцёл (мы ўсюды ходзім у касцёл, дзе толькі яго бачым), а потым мясцовыя людзі зладзілі нам абед, смачны абед. Нас нават нейкае тэлебачанне там здымала, будуць, відаць, па тэлевізару паказваць.

Ну, нашы надзьмулі шчокі, пачалі крыўляцца на камеру, маўляў, мы ўсе верым у Бога, і ўсё такое, глыбока-інтэлектуальныя вернікі, духоўны спецназ. І тут жа ўсе пачалі тэлефанаваць родным, маўляў, уключайце цілівізары, січас нас паказваць будуць!

Потым мы ішлі і сустрэлі іншую пілігрымку, з Ракава, іх там 100 чалавек. Яны ад нас адрозніваюцца тым, што ў іх аранжавыя шалікі (а ў нас цёмна-сінія, бачыце, вунь на фатаграфіях). І мы так сустрэлі адзін аднаго, і махалі шалікамі, і білі далонямі па далонях адзін аднаму. Было вельмі радасна. Усе спявалі, крычалі, віталіся, намагаліся адзін аднаго перакрычаць. Потым яшчэ сустрэлі адну пілігрымку — з Мінску.

І вось прыйшлі ў Даўгінава. Хто б чуў, як мы крычалі-пелі на ўсю вёску! Куры, сабакі і людзі разбягаліся. Бо нас прыйшло да Даўгінава — 371 чалавек. Дзе яны толькі бяруцца па дарозе. З Івянца выходзіла 250, ці 280, і вось стала так больш, пакуль ішлі.

Карацей, вось мы ў Даўгінаве, ядзім грэчку. Заўтра — Будслаў.

Ногі ў нас баляць, але ісці, бегчы і пець мы можам. Калі хто будзе ў Будславе і заўважыць людзей, самых вясёлых і прыгожых, у блакітных футболках, то ведайце, што гэта мы.

Мне асабіста шкада, што пілігрымка заўтра скончыцца. Гэта быў цудоўны і чароўны час. Я ўбачыла ў адным месцы адразу больш за 300 выдатных людзей. Дзе б такое яшчэ ўбачыў?!

 

Дзень пяты. Апошні

Сёння для нас быў апошні дзень пілігрымкі. Мы прайшлі з Даўгінава ў Будслаў. Па дарозе, ля вёскі Ваўкалатка, на палетках мы збіралі каменні і неслі іх з сабой каля трох кіламетраў. Каменні — гэта сімвал нашых грахоў. Потым тыя каменні мы занеслі ў лес, і склалі іх пад крыжам.

Потым была «Горка прабачэння» — гэта калі ўсе абдымаліся і плакалі, дзякавалі за дапамогу ў нялёгкай дарозе, прасілі прабачэння, калі што не так.

Потым па дарозе мы сустракалі розныя пілігрымкі — з Ракава, Барысава, Мінску. Усіх віталі. І нас віталі. Пілігрымка Баранавічы — Будслаў — самая жвавая і самая трывалая, людзі ішлі з Баранавіч дзевяць дзён, прайшлі недзе 283 км. Уявіце! І з Івенцу ішла пяць дзён, і не ведаю, колькі прайшла. 30+30+40+30+20. Недзе 150 км. Больш ці менш. Зараз ужо не істотна.

Яшчэ па дарозе нас прывітаў мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч. Ён ехаў на ровары.

Яшчэ ў Будславе ўсе дакладна ведаюць, што пілігрымка Баранавічы — Будслаў — самая лепшая, самая дружная, гарластая, цярплівая і жвавая. Бо так моцна ніхто не спяваў і не крычаў на ўсё наваколле, як баранавічскія пілігрымы і далучаныя да іх адшчапенцы, кшталту мяне.

Потым мы зайшлі ў Будслаў (натуральна), з крыкамі і песнямі, вельмі гучна, вельмі весела, і пайшлі да Маці Божай. Праўда, не адразу. Нас затрымалі міліцыянерчыкі, праверылі нашы рэчы. Дзіва што — нейкія вар'яты дзевяць дзён блукалі па лясах, можа, якіх гранат накапалі ды прынеслі на свята.

І мы бачылі Маці Божую Будслаўскую. Потым пайшлі ў намётавы лагер. Потым была Імша з удзелам папскага легату і ўсялякія ўрачыстасці.

Святары, якія ішлі з намі (дакладней, вялі нас), казалі ў дарозе, што мы, усе 300 ці болей чалавек, павінны стаць адной сям'ёй, інакш мы не дойдзем да Будслава. Так і адбылося. Не, да Будслава мы дайшлі. І сям'ёй адной сталі, дакладна.

Прынамсі я ніколі не чула і не бачыла сварак, звадак, канфліктаў, ці каб хто сварыўся. Усе ставіліся адзін да аднаго вельмі прыязна, з паразуменнем. Усім было цяжка. І усім было вельмі-вельмі радасна. Таму што мы адчувалі сябе вялікай сям'ёй. У якой ёсць бацька — Бог. І маці — Марыя. Ім і былі прысвечаны ўсе песні, танцы, малітвы, разважанні і канферэнцыі, усе нашы радасці, праблемы, хваробы, збітыя ногі.

Пілігрымка не канчаецца, а пераходзіць на новыя шляхі. Так сёння на Імшы казаў папскі легат.

Я вельмі ўдзячна ўсім святарам, сёстрам законным, усім людзям — дарослым, маладым, падлеткам і малым дзецям, якія былі побач са мной гэтыя пяць дзён. Якія шмат чаму мяне навучылі — без павучання, сваім жыццём, сваімі паводзінамі, сваім стаўленнем да іншага чалавека. Я ўдзячна людзям, якія гатавалі нам кожны дзень на такую прорву ежу, дапамагалі з начлегам. Тым, якія выносілі нам сцюдзёную ваду на дарогу.

Пілігрымка — гэта быў неверагодны і цудоўны час. Нельга расказаць усё, што было. Таму што самае галоўнае адбывалася не ў словах, а ў нашых сэрцах. Хай там і застанецца.


  • Дзкую! Цікаваа, бо сам хачу схадзіць ) (А чамуму на апошнім фота ІЛЬЯ? ІЛЛЯ!)
  • Ну и зачем столько практически одинаковых снимков? Это ведь не "онлайнер".