Must act! Моладзь супраць гарадской штодзённасці

НеФестываль гарадскіх ініцыятыў стартаваў у Мінску...

25 ліпеня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску распачаўся НеФестываль гарадскіх ініцыятыў Must act! Цягам шасці дзён арганізатары і замежныя эксперты з Расіі, Украіны, Літвы, Францыі, ЗША і іншых краін будуць распавядаць мінчанам, як можна рэарганізаваць гарадскую прастору, каб яна стала зручнай і ўтульнай для гараджан, як узаемадзейнічаць з гарадскімі ўладамі, каб праекты не глохлі і што такое партызанінг ды гарадскі хактывізм.

Адзін з арганізатараў НеФестываля Алег Ларычаў адзначыў, што “ў рамках нефармальнай моладзевай камунікацыі будуць прадстаўленыя беларускія і замежныя грамадзянскія практыкі, скіраваныя на стварэнне сяброўскага і чалавечнага гарадскога асяродку”. “Наша мэта — натхніць людзей, паказаць, што горад належыць ім, што можна яго зрабіць лепшым”, — падкрэсліў Ларычаў.

У каментары Naviny.by Алег расказаў, чаму арганізатары вырашылі назваць мерапрыемства нефестывалем:

“Усё пачыналася з таго, што мы з прадстаўніком партызанінга падумалі пра тое, што ў нас няма паўнавартаснага фестываля гарадскога мастацтва. Калі гэта стрыт-арт, то ўдзельнікі вынеслі дошкі, размалявалі іх і ўнеслі абратна. Па-сутнасці гэта малярныя работы: узялі і размалявалі дом, а трэба гэта ці не — невядома.

Фестываля, на якім бы мы абмяркоўвалі, што і навошла трэба гораду і гараджанам, які актывізм для горада будзе карысным, не было. Да таго ж, фестывалі — гэта звычайна такая забаўка, абмежаваная ў часе. Мы не хацелі проста пазабавіцца. Наш НеФестываль неабмежаваны ў часе і прасторы: невядома, дзе адбудзецца інтэрвенцыя”.


Гарадскія ўлады таксама хочуць перамен!

Кіраўнік платформы Talaka.by Яўген Клішэвіч абяцаў распавесці, як Беларусь можа апярэдзіць перадавы Сінгапур.

“Талака — гэта добраахвотная сумесная праца, — распачаў хлопец прэзентацыю праекта. — Мы будзем дзейнічаць па наступным ланцужку: скаргі, праблемы, ідэі, праекты. На гэтым будуць заснаваныя нашыя дзеянні, якія прывядуць нас да вынікаў.

НеФестываль — гэта тое месца, дзе могуць сабрацца людзі, зацікаўленыя ў тым, каб іх горад стаў лепшым. Мы вельмі спадзяемся, што знойдзем паразуменне з гарадскімі ўладамі, і ў гараджан не ўзнікне праблем з адміністрацыяй пры ажыццяўленні іх праектаў, скіраваных на паляпшэнне гарадской прасторы”.

Яўген Клішэвіч лічыць, што ў “адміністрацыі шмат людзей, зацікаўленых у зменах. Праблема не ў людзях, а ў механізмах прыняцца рашэнняў. Мы маем кантакты з прадстаўнікамі адміністрацыі, 26 ліпеня адбудзецца круглы стол з іх удзелам. Спадзяюся, мы вырашым, як дзейнічаць так, каб яны нам не перашкаджалі”.

Калі размова зайшла пра тое, што шмат гарадскіх ініцыятываў скончваюцца, не распачаўшыcя, Яўген сказаў, што “гэта адбываецца таму, што часта людзі проста незнаёмыя паміж сабой. Яны маюць адну і тую ідэю, але не ведаюць, дзе шукаць аднадумцаў. “Талака” зводзіць людзей. Часта ў актыўных маладых гараджан папросту няма разумення, што і навошта яны робяць, у чым сэнс іх праектаў. А часта паспяховай рэалізацыі цікавай задумы замінае няведанне, нястача вопыту, як трэба арганізоўваць людзей і ладзіць праекты”.

Партызанінг — мастацтва, якое прыстасоўвае гарадскую прастору для людзей

Найбольшую цікавасць з мерапрыемстваў першага дня НеФестываля выклікала лекцыя масквіча Антона Польскага (Make) “Партызанінг: палкі ў кола гарадской штодзённасці”.

Праект распачаўся паўтары гады таму, калі ў Маскве адбыліся першыя акцыі, якія дазволілі гараджанам адваяваць гарадскую прастору ў карпарацый, якія мусілі удасканальваць горад, але не рабілі гэтага.

“Гэта непрафесійнае мастацтва, скіраванае на тое, каб прыстасаваць гарадскую прастору для людзей, зрабіць яе больш камфортнай. Гэта і стрыт-арт, і гарадское кланаванне. Людзі, якія займаюцца партызанінгам, нелегальна робяць тое, да чаго не даходзяцбь рукі ў гарадскіх уладаў”.

У якасці паспяховых прыкладаў партызанінгу Антон назваў альтэрнатыўныя дарожныя знакі, намаляваныя на асфальце з дапамогай трафарэтаў, альбо размешчаныя пад афіцыйнымі дарожнымі знакамі, намаляваную зебру ў тым месцы, дзе няма перахода, але людзі перабягаюць дарогу менавіта там, бо гэта зручна. Праз нейкі час камунальшчыкі замалявалі “няправільную” разметку і паверх нанеслі афіцыйную.

Гаворачы пра прастору Мінска, Антон адзначыў: “Я бачу, калі прыязджаю сюды, што ў Мінску ёсць цэласнасць вобраза. Гэта адлюстроўваецца на рознабаковасці вашага жыцця. У вас, напрыклад, у разы менш вулічнай рэкламы, чым у Маскве, тут моцны подых савецкага мінулага”.

“Партызанінг — гэта сацыяальна-арэнтаванае мастацтва, — працягвае распавядаць Мэйк. — Мы мелі вопыт перанясення нашых работ у прастору мастацкіх галерэй, але, адарванае ад кантэкста, гэтае мастацтва губляе сваю вастрыню. Мы папросту губляем кантэкст горада, дзе чалавек успрымае работу праз прызму свайго п’янага стану, напрыклад.

Партызанінг — гэта не зусім стрыт-арт. Стрыт-арт паказвае стаўленне мастака да рэчаіснасці, але не змяняе яе. Мне хацелася больш актыўнага ўзаемадзеяння з горадам. Было неабходна не проста выказваць сваё стаўленне да працэсаў, але ўзаемадзейнічаць з гарадской прасторай, уплываць на яе”.

На пытанне, як да партызанінгу ставяцца гарадскія ўлады, Антон адказаў: “Можна быць радзікалам і адмаўляцца размаўляць з адміністрацыяй. А можна эфектыўна супрацоўнічаць, таму што ёсць шмат агульнага, што нас яднае”.

Арганізатары першага НеФестываля абяцаюць шмат цікавых і карысных сустрэч, воркшопаў і лекцый у бліжэйшыя дні. Праграмму НеФестываля, які працягнецца да 30 ліпеня ўключна, можна знайсці па спасылцы.