Уся рэлігійная тэрміналогія па-беларуску цяпер у асобным слоўніку

У выдавецтве Граўцова выйшаў першы энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы...

Толькі кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч выказаў занепакоенасць недастаткова распрацаванай рэлігійнай лексікай на беларускай мове, як з’явілася акурат тое, што трэба. У выдавецтве Граўцова выйшаў першы энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы. Першыя экзэмпляры выдання былі прадстаўленыя ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным ўніверсітэце на кніжнай выставе, што ладзіцца ў межах XV Міжнароднага з’езду славістаў.

“Слоўнік з’яўляецца ўніверсальным даведнікам па розных напрамках рэлігійнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь. У ім прадстаўлена актуальная міжканфесійная лексіка, якая датычыцца рэлігійных і рэлігійна-філасофскіх плыняў, назваў рэлігійных арганізацый, абшчын, прыводзяцца звесткі аб найбольш вядомых і шанаваных у народзе абразах, крыніцах, розных святынях”, — гаворыцца ў анатацыі да выдання.

Кніга адрасуецца “вернікам розных канфесій і рэлігійных плыняў, святарам, навукоўцам, настаўнікам і студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй рэлігіі і царквы ў Беларусі”.

Аўтарамі энцыклапедычнага слоўніка сталі ксёндз-дэкан Мінскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар Мікалай Прыгодзіч і выкладчык-метадыст беларускай мовы і літаратуры, выдатнік народнай асветы Беларусі Валянціна Раманцэвіч.

Дырэктар выдавецтва Граўцова Анастасія Цітова адзначыла ў каментары для Naviny.by, што яны стараліся выдаць кнігу менавіта да з’езду славістаў, “таму давялося напружыць друкарню, каб яна ўклалася ў тэрмін. Мы забралі з друкарні не весь наклад, а толькі 200 асобнікаў. Баюся, што можа не хапіць. Мы не паспелі давезці кнігі да першай кнігарні, як у нас літаральна з колаў купілі пяць асобнікаў”.

Паводле Цітовай, “гэты энцыклапедычны слоўнік вельмі цікавы па сваёй структуры, бо ў кожным артыкуле пададзена не толькі апісанне паняцця, але і яго гісторыя. Стаўленне аўтараў да таго ці іншага рэлігійнага паняцця адчуваецца, але я лічу, што гэта нармальна. У кожнага ёсць сваё меркаванне, што нават узбагачае гэты слоўнік. У нас ужо быў вопыт працы з філолагамі, у тым ліку з Прыгодзічам і з БДУ. Мне прыемна, што яны вырашылі звярнуцца менавіта да нашага выдавецтва, бо ведалі, што мы зробім якасны прадукт”.

На пытанні карэспандэнта Naviny.by адказаў і адзін з аўтараў выдання Мікалай Прыгодзіч.

— Учора падчас адкрыцця з’езду славістаў кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што ў нас недастаткова распрацавана рэлігійная тэрміналогія на беларускай мове. Ці вы згодныя з гэтым?

— Я думаю, што арцыбіскуп меў на ўвазе пераклады евангельскіх тэкстаў на беларускую мову. Там узнікаюць пэўныя пытанні з канкрэтнымі тэрмінамі, што ўжываюцца ў Святым Пісанні. Што датычыцца ўвогуле рэлігійнай лексікі, то нельга лічыць, што яна нераспрацаваная, бо ёй карыстаюцца СМІ ў сваіх артыкулах.

— Распавядзіце пра энцыклапедычны слоўнік, які толькі-толькі пабачыў свет.

— Наш слоўнік утрымлівае лексіку, што датычыцца розных канфесій і рэлігій, у тым ліку ўсіх галоўных сусветных. Думаю, для арцыбіскупа гэтае выданне важнае, бо яно пацвярджае думку аб тым, што беларускія лінгвісты разам са святарамі — праваслаўнымі і каталіцкімі — імкнуцца насыціць беларускую рэлігійную лексіку, прызвычаіць яе да чалавека, верніка.

— Як доўга вы працавалі над гэтым слоўнікам?

— Сказаць, што праца была доўгай, працяглай, не выпадае. Выданне гэтае было задумана ў 2008 годзе, перад тым, як пабачыў свет слоўнік сучаснай літаратурнай мовы. Гэта быў першы слоўнік літаратурнай мовы, у якім мы стараліся максімальна шырока выкарыстаць рэлігійную лексіку. Але адна справа паказаць, як ужываецца слова, і зусім іншая — даць вызначэнне слову, паказаць, што ім абазначаецца. У 2008 годзе мы пачалі рыхтавацца да гэтага выдання, стваралі картатэку тэкстаў.

— Якая галоўная адметнасць гэтага выдання?

— Галоўнай адметнасцю выдання з’яўляецца тое, што мы сабралі ўвесь магчымы беларускі матэрыял, усё, што тычыцца пытанняў рэлігіі на нашай тэрыторыі. Мы напісалі пра святых, пра абразы, пра самыя розныя аспекты рэлігійнага жыцця Беларусі. Я ўпэўнены, што кніга будзе дапрацоўвацца, будзе і другое, і трэцяе выданне. Першае выданне — заўсёды пробнае. Мы хочам паглядзець, як яно будзе ўспрымацца, якія парады мы атрымаем.

— Чаму вы выбралі для супрацы менавіта выдавецтва Граўцова?

— Гэтае выдавецтва я ведаю даўно, супрацоўнікі маёй кафедры таксама карысталіся яго паслугамі. Я ведаю Граўцова як аўтарытэтнага выдаўца, якому можна даручыць любое выданне. Я вельмі ўдзячны, што кніга атрымалася такой шыкоўнай.

Наклад кнігі — 1000 экзэмпляраў. Яна будзе прадавацца ва ўсіх кнігарнях “Белкнігі”, а таксама ў інтэрнэт-крамах.