Дома сумна. Падарожжа пятнаццатае. Аціркi

Вёска вядомая з канца 17-га стагоддзя, але чаму так назвалі паселішча — ад мясцовых мы дакладна не даведаліся…

 


Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!


♦  Падарожжа першае. Івакі
♦  Падарожжа другое. Кольна
♦ 
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
♦ 
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
♦ 
Падарожжа пятае. Неглюбка
♦  Падарожжа шостае. Зялёны Мох
♦  Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
♦  Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
♦  Падарожжа дзевятае. Губарэвічы
Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны
♦  Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
♦  Падарожжа дванаццатае. Вулкан
♦  Падарожжа трынаццатае (шчаслівае). Грушачка
♦  Падарожжа чатырнаццатае. На Веткаўшчыну, дзе стралу хаваюць

 

Вёска Аціркі прыцерлася пры беразе Прыпяці ў Петрыкаўскім раёне. Вуліцы вёскі такія ж пакручастыя, як палеская Амазонка, маці-рака. Вёска вядомая з канца 17-га стагоддзя, але чаму так назвалі паселішча — ад мясцовых мы дакладна не даведаліся. Адны гавораць, што нешта звязанае з заціркай, іншыя — што раней тут быў пан, сяляне ж дралі бульбу, ад якой заставаліся аціркі — вось так вёску і назвалі. Пры нашым вулічным vox-populi папулярным адказам мясцовых на пытанне пра назву вёскі было «Без паняцця».

Ад шашы ідуць вуліцы, калі можна так сказаць, на якіх размешчаны па адной-дзве хаткі. Жывуць у вёсцы пенсіянеры (чалавек 30) і некалькі дачнікаў (у асноўным — з мясцовых, гаспадараць у пакінутых у спадчыну хатках). Так засталі мы за гаспадараннем (пёк піражкі, глядзеў катоў) Алега Федзяніна.

На мясцовых могілках мы заўважылі шмат помнікаў з прозвішчам «Кніга». Аказалася, што ў Ацірках большасць мясцовых маюць ці мелі да шлюбу такое прозвішча. І яшчэ аказалася, праўда гэта ці не, што легендарны Дзед Талаш таксама меў раней прозвішча Кніга! Але гэтага мы не будзем пісаць. Дакладней, ужо напісалі. Уявіце! Легендарны партызан Дзед Кніга! Не, напэўна, мясцовыя нешта паблыталі, давёўшы да нашага ведама такую неправераную інфармацыю.

Нелірычнае адступленне. Да Ацірак, а дакладней, да чыгуначнай станцыі Муляраўка мы едзем цягніком. Варта заўважыць, што нашы падарожжы часам хаатычныя, то бок яшчэ раніцай мы можам не ведаць, куды наш шлях завядзе нас. Ужо ў цягніку Масква-Брэст, які імчыцца праз палескія раёны, вырашаем калегіяльна — куды менавіта сёння завітаць. У тым маскоўскім цягніку брэсцкага фарміравання звычайна ездзяць туды-сюды гастарбайтэры — возяць з Масквы грошы, а ў белакаменную, у адваротным накірунку — моц сваю багатырскую. У дадзеным выпадку гастарбайтэры ехалі з Масквы, вяртаючыся ў Жыткавічы, Лунінец, Мікашэвічы і так далей. Сядзеў насупраць нас таксама гастарбайтэр. І ўсё нешта касавурыўся на нас. Свет вялікі — людзі розныя.

І вось мы выходзім у Муляраўцы, дакладней, хочам выйсці, як у тамбуры на нас нападае той шабашнік, з дзіўным пытаннем: «Маладыя людзі, прызнавайцеся! Вы ў мяне ўкралі што-небудзь?». Шок мой быў поўным. Ён жа працягваў: «Я думаю, што вы нейкія аферысты!». Тым часам нам трэба сыходзіць, а тут такія прэтэнзіі. Я мякка патлумачыла мужчыне, што нічога мы не кралі. Ён задумаўся і сказаў: «А можа, вы мае цукеркі ўкралі?!». Прычым сур'ёзна і даволі агрэсіўна. І тут жа пачаў працягваць сваю думку, ужо звяртаючыся да правадніка: «Можа, яны мае цукеркі ўкралі?!». Прычым па твары было абсалютна відаць, што ён сам не ведае, што вярзе, і сам не ўпэўнены ў тым, што ён наогул меў нейкія цукеркі. Але пайшоў ва-банк. Мы раззлаваліся і проста саскочылі на перон, і пайшлі. Поўня!

Потым мы разважалі — чаму нас гастарбайтэр прыняў за аферыстаў і абвінаваціў ў крадзяжы цукерак. Таму, напэўна, што ў дарозе мы гаварылі паміж сабой пра космас, поўню, спыненне ўнутранага дыялогу як сродак дасягнення частковага дзэну. І таксама размаўлялі пра тое, дзе нам лепш выйсці з цягніка і ў які раён накіравацца. Сябар казаў, што лепш ехаць у Петрыкаўскі раён, я ж схілялася да Ельскага. У гэты час мужчына ўважліва стрыг вушамі — відаць, не мог нас адсканіраваць і зразумець — хто мы і куды мы едзем. Ён разбіў свой мозг на кавалкі і вырашыў, што, раз ён гастарбайтэр, дык мы гастралёры і аферысты. Якую аферу мы робім — ён не мог даўмецца, таму выдумаў пра тое, што, магчыма, мы маглі скрасці цукеркі.

Канечне, нас гэта збянтэжыла, такі выпадак. І таму мы пайшлі ў вёску, і шмат думалі па дарозе. Мы праходзілі лес, і там нейкі мужчына працаваў на пагрузцы дроў. Мы зайшлі ў лес насупраць яго пагрузчыка, каб глянуць грыбоў. Пашвэндаліся — і пайшлі далей. А калі азірнуліся — то ўбачылі, што кіроўца пагрузчыка нечага шпарка пабег у лес, менавіта туды, дзе мы шукалі грыбоў. Можа, дрэвы пабег пералічваць? Можа, таксама падумаў, што мы аферысты і скралі дрэва? Гэта было нелірычнае адступленне.

Вяртаючыся ў Аціркі. Наконт даведкі аб назве вёскі і яе гісторыі мясцовыя нам параілі звярнуцца да 85-гадовай жанчыны. Але яна, калі даведалася, што мы «з газеты», прамовіла да нас так: «Гаварыць вам я нічога не буду. Таму што ўжо час з Богам размаўляць, а не з карэспандэнтамі. Што я не скажу — усе будзе несправядліва перад Богам, таму лепш прамаўчу, і ў сэрцы захаваю свае словы. Я газет не чытаю, але людзі кажуць, што там ні слова няма справядлівага, таму бывайце, пайду ў царкву». І шпарка пайшла, пакінуўшы нас у разважаннях пра справядлівасць.

Потым мясцовыя параілі нам запытацца наконт назвы вёскі ў міліцыянера. Але міліцыянер, якога людзі клікалі, клікалі для гутаркі з намі, з двара не выйшаў. «Саромеецца», — патлумачылі нам людзі.

Потым пайшлі мы да дзядулі (85 гадоў).

Але ў яго былі невялікія праблемы са слыхам. Калі ён спытаўся — хто мы, чаго хочам, і мы адказалі, што карэспандэнты, дзядуля раптам горача запярэчыў, пачаў нам даводзіць, што «Я не карэспандэнт!». Мы пачалі біць у грудзі і крычаць што «Гэта мы карэспандэнты, а не вы!». Але ён нам адмовіў ва акрэдытацыі і сказаў, што «І вы не карэспандэнты, карэспандэнт жыве ў апошняй хаце на вуліцы». Аказалася, што проста ў аднаго мясцовага жыхара такая мянушка.

Усё-такі калега! Мы пайшлі яго шукаць. Але не знайшлі (зараз нікога не знайсці, усе бульбу капаюць). Але сустрэлі паэта, які здабывае мёд з літар і сотаў — Аляксандра Усціновіча.

Выдатны чалавек, паэт і пчаляр (ён нас мёдам пачаставаў). Аляксандр Маркавіч прадэманстраваў нам таксама свае здольнасці ў мастацкім свісце і ў перайманні салаўя. Бравісіма! Ён любіць пісаць вершы, і любіць пчол. Таму некаторыя творы прысвечаны гэтым нястомным жоўта-чорным працаўніцам.

На вуліцы Ацірак мы сустрэлі індыкоў. Гэта былі не проста індыкі, а нейкія кшталту жар-птушкі, якія караскаліся па вярбе, залазілі на самы верх і гайдаліся там на тонкіх галінках. Цырк, дый годзе!

Яшчэ ў Ацірках жывуць нашчадкі легендарнага Дзеда Талаша, унукі і праўнукі. Але іх таксама не было дома, напэўна, бульбу капалі.

Мясцовыя ж жыхары памятаюць Дзеда Талаша па аповедах сваіх дзядоў і бабуль. Мне ў Ацірках далі наказ данесці да шырокай грамадскасці новыя, нікому не вядомыя дагэтуль звесткі пра Дзеда Талаша. Звесткі ж такія. Калі Васілю Ісакавічу было 102 гады, ён яшчэ хадзіў касіць на сваю паляну ў лес сена. Тая паляна і зараз існуе, праўда, зарасла, таму што ніхто не косіць. І аднойчы ён (Дзед Талаш) ідзе і касу нясе, а насустрач яму рыбак ідзе — вуду нясе. І ён таму рыбаку руку падаў і павітаўся з ім. І поціск Дзеда Талаша быў моцны. Такія вось кароткія, але важныя, мы думаем, звесткі.

Жыў жа Дзед Талаш, калі хто не ведае, у Навасёлках — гэта ў некалькіх кіламетрах ад Ацірак. Там, у Навасёлках, ёсць дом-музей Дзеда.

Лірычнае адступленне. Вяртаемся на станцыю праз лес. Шпарка шыбуем па шашы, баючыся спазніцца на цягнік. Лес здзіўлена глядзеў на нас рабінавымі гронкамі: дзівакі! Шпараць па шашы, калі тут у мяне такое хараство! Я ўжо падрыхтаваў для іх залатыя і барвяныя шаты, развесіў сівыя карункі, выставіў ганаровую варту (белы ніз — зялёны верх, шэры ніз — стракаты верх), разаслаў дываны, параскідаў па іх чырвоныя і карычневыя капялюшыкі! Некаторыя ў капялюшыках нават да дарогі выскачылі, заманьвалі ў лес, а лепшыя парфумеры, падкідаючы вугаль у магму, адмыслова стварылі менавіта для гэтай Восені самыя тонкія і дасканалыя водары, удыхнуўшы якія, зноў і зноў цябе будзе цягнуць неверагодная сіла ў восеньскі чароўны лес.

Шкада, што чараўніцтва тое нядоўгае. Таму і такое дарагое і цудоўнае, такое моцнае! Загарыцца кастрычнік, сарве лісце лістапад... А там і зіма. А пакуль яшчэ...

P.S. А цукеркі тыя, маскоўскія, гастарбайтэрскія, былі смачныя! :)


  • вот где настоящая свобода! ни от кого особо и не зависишь: огород, гуси, куры, индюки, пчёлы... а была б цивилизация, то пчёл бы не было: не любяць они Wi-Fi... у дома должен быть ПОГРЕБ... скоро война... http://www.fondsk.ru/news/2013/09/18/ob-istinnyh-celjah-vojny-protiv-sirii-22879.html Немаловажная забота, – предстоящая зима. Во–первых, одежда. Хотя византийские историки и говорят, что руссы выносливые и полуголые, но это они нас летом видели, мужики и сегодня предпочитают асфальт катать полуголыми. А зимой надо одеваться потеплее. Лен и шкуры животных, ивовая кора для выделки, дубленки наши и сейчас во всем мире носят, только технологию нашу усовершенствовали и теперь уже мы у них покупаем, а не они у нас. Опять же валенки или пимы, это наше мировое достижение. Хотя, может быть, и пожаловали к нам с юга, от кочевых племен. Летом лапти, легко и на любой ближайшей липе можно новые надрать, промокают только, но мы не сахарные, как говорит только наша, русская поговорка. Холодильники электрические тоже русские последними начали использовать, зачем они, когда предвесенний лед в яме до следующей зимы не успевает растаять. Жили в ямах, накрытых сверху ветками, о русских избах в следующем разделе. Спою еще гимн русскому погребу. Я уже начал было, да отвлекся. К концу правления коммунистов каждая русская семья имела свой погреб на правах частной собственности. Строили их везде, даже на балконах, утепляя шлаковатой. Из–за этих погребов мы непобедимы. При любых катаклизмах вымрет только Москва, да еще пять–шесть городов–миллионников. Остальное население после снятия осады выскочит из погребов, как черт из табакерки. А ведь это изобретение тех самых времен, которые мы рассматриваем. http://bookre.org/reader?file=94217
  • Мiж тым, калi людзi прымаюць каго за аферыста, хоць той так i адказваецца, то, магчыма, нездарма. Тым болей, што яны выхадцы з радзiмы дзеда Талаша. Ён таксама быу пiльны i кемлiвы дзед. Мне, напрыклад, таксама, здаецца, што штосцi не так. Большасцю рэпартажы накiраваны, каб абразiць народ, прынiзiць, паказаць што усё дрэнна, мала народу. Усе з падвохам, не шчыра. Можа у гэтым i ёсць прауда. Але не уся i не на карысць народу, краiне. Калi i ёсць гастрабайтары, дык гэта, у асноуным, прыезжае у савецкi час насельнiцтва, не нашы карэнныя працавiтыя беларусы. А, у асноуным, хто не умее працаваць на зямлi. Бо вядома, што робiцца у Маскве i якiя там зарабаткi. Калiсцi забiралi зямлю у дзедау, яны – плакалi. Унукам даюць зямлю – яны таксама плачуць.
  • Прыгожыя месцы!! Галоунае, што вiдаць, што жыве у народа супольна вера i працавiтасць. Таму гэта выклiкае гордасць. Наш народ саамы здольны, нездарма жыве на такой слаунай зямлi. Сельская мясцовасць I праца на зямлi – асалода. Мiж тым, калi людзi прымаюць каго за аферыста, хоць той так i адказваецца, то, магчыма, нездарма. Тым болей, што яны выхадцы з радзiмы дзеда Талаша. Ён таксама быу пiльны i кемлiвы дзед. Мне, напрыклад, таксама, здаецца, што штосцi не так. Большасцю рэпартажы накiраваны, каб абразiць народ, прынiзiць, паказаць што усё дрэнна, мала народу. Усе з падвохам, не шчыра. Можа у гэтым i ёсць прауда. Але не уся i не на карысць народу, краiне. Калi i ёсць гастрабайтары, дык гэта, у асноуным, прыезжае у савецкi час насельнiцтва, не нашы карэнныя працавiтыя беларусы. А, у асноуным, хто не умее працаваць на зямлi. Бо вядома, што робiцца у Маскве i якiя там зарабаткi. Калiсцi забiралi зямлю у дзедау, яны – плакалi. Унукам даюць зямлю – яны таксама плачуць.