Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Двойные счета за домофоны. Передел рынка по-государственному
    Жители Заводского и Октябрьского районов Минска в недоумении и возмущении: им приходят две квитанции за оплату одной услуги…
  2. ‏Байнет шутит: у весны не женское лицо
    Погода в Беларуси располагает не только к проведению шествий и митингов, но и создает на улицах крайнее разнообразие в одежде прохожих...


Общество

Дома сумна. Падарожжа шаснаццатае. Юравічы

 


Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!


♦  Падарожжа першае. Івакі
♦  Падарожжа другое. Кольна
♦ 
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
♦ 
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
♦ 
Падарожжа пятае. Неглюбка
♦  Падарожжа шостае. Зялёны Мох
♦  Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
♦  Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
♦  Падарожжа дзевятае. Губарэвічы
  Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны
♦  Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
♦  Падарожжа дванаццатае. Вулкан
♦  Падарожжа трынаццатае (шчаслівае). Грушачка
♦  Падарожжа чатырнаццатае. На Веткаўшчыну, дзе стралу хаваюць
♦  Падарожжа пятнаццатае. Аціркi



Юравічы (Калінкавіцкі раён) — неверагоднае мястэчка, па-сучаснаму абазванае «аграгарадок». Вёска ўжо перасягнула 500-годдзе, яна мае сваю ўнікальную гісторыю і помнікі даўніны. Святое гэта месца, я вам кажу. Тут можна пакланяцца ўсім і ўсяму, чаго толькі твая душа жадае. Тут была першая стаянка чалавека. Вось тут, дзе жоўтае лісце, дзе дрэвы зараз, і прыступкі наверх, да базілікі.

Каму ж пакланяцца тут? Калі верыш у маці-зямлю — можна пакланіцца першай стаянцы чалавека ранняга жалезнага веку, курганным могільнікам, селішчам палеаліту і неаліту, косткам, зубам і біўням мамантаў, якіх тут шмат у школьным музеі. Калі ты хрысціянін-каталік — то прыедзь ды пакланіся старажытнай копіі абразу Маці Божай Юравіцкай (Міласэрнай). Калі хрысціянін-праваслаўны — таксама, бо зараз у старажытным кляштары езуітаў — праваслаўны мужчынскі кляштар.

А калі ты не верыш у Бога, то вока тваё атэістычнае парадуе Ленін, намаляваны на фанеры і усталяваны на пагорку мясцовым жыхаром. Здалёк відаць Ільіча.

Гаспадар домаўладання (Мікалай яго завуць) кажа, што выкінулі Леніна таго фанернага на сметнік, а яму было шкада мастацкага ўвасаблення таго, каторы як быццам «вечна жывы». Таму ўзяў Мікалай тую фанеру, ды ўсталяваў на пагорку, на сваім агародзе. Жонка была супраць, пайшла ды скінула таго Ільіча з пагорка. Тады Мікалай правёў, як ён сам кажа, апытанне грамадскай думкі (суседзяў-пенсіянераў), і яны адназначна выказаліся, што не супраць яны правадыра пралетарыяту. І так Ленін зноў заняў пачэснае месца на пагорку. Але Мікалай быў бы не паляшук, каб не меў тут свайго інтарэсу.

«Ведаеце, шчыра кажучы, як усталяваў тут Леніна — каля гароду і саду, дык ястрабы, каршуны і краты ўжо не шкодзяць хатняй птушцы ды пасевам — баяцца Ільіча. Так што, думаю, няхай стаіць», — хітра ўсміхаецца Мікалай.

Акрамя Леніна, хлеў у двары ўпрыгожаны савецкай карцінай «15 рэспублік — 15 сясцёр», а на гаспадарчай прыбудове вісіць карціна з умоўнай назвай «Паміраю, але не здаюся». Калі ў той прыбудове, ці хляве, жылі раней парсюкі, то ў святле барацьбы з АЧС вельмі актуальная карціна. Ды прабачаць мяне героі, адлюстраваныя на манументальным палатне.

Тым часам мы пайшлі паглядзець на Маці Божую Юравіцкую, цудатворны абраз (наш, каталіцкі!) якой захоўваецца зараз праваслаўнымі. Арыгінал, які славіўся на ўсё наша ВКЛ, захоўваецца зараз у Кракаве. Упершыню абраз успамінаецца ў гістарычных хроніках у 1630 годзе. Належыў ён польскаму палкаводцу Станіславу Канцапольскаму. Затым — айцу Марціну Тырноўскаму. Затым абраз трапіў (разам з айцом Марцінам Тырноўскім) у Юравічы, дзе і знаходзіўся і славіўся шматлікімі цудамі. Затым у Юравічах была пабудаваная велічная неверагодна-прыгожая базіліка. А абраз Маці Божай Юравіцкай лічыўся не меншай святыняй, чым абраз Маці Божай Вастрабрамскай — галоўнай іконай ВКЛ.

Два стагоддзі абраз Маці Божай заступаўся за жыхароў Палесся, ды і не толькі. Потым было паўстанне 1863-1864, потым касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўным. А ікону схавала жонка рэчыцкага маршалка Габрыэла Гарват. Затым яна перадала цудатворны абраз у Кракаў, езуітам, пры ўмове, што калі базыліка ў Юравічах будзе адноўлена, то абраз трэба вярнуць сюды, на радзіму яго. Кажуць, што абраз, пакуль ён знаходзіцца ў Кракаве, не дапамагаў цудамі людзям. А калі быў тут, у Юравічах, цудаў хапіла на цэлую кнігу. Можа, калі і вернецца Маці Божая наша Юравіцкая на радзіму. Пакуль жа базіліка як быццам на рэстраўрацыі.

Але на сённяшні дзень працы спынены. Няма грошай! У кляштары нагадалі, што нядаўна ж «Дажынкі» прайшлі — дык адкуль жа грошы на базіліку? Там, на «Дажынках», маўляў, грошы-то ўсе і аселі. Ходзяць па двары самотныя козы ды казлы, шукаюць нечага ў кучах друзу. Дарэчы, у Юравічах у многіх дварах трымаюць коз.

У вёсцы выдатная сучасная школа, прынамсі, і дзіцячы садок таксама. А школьнікі — ветлівыя, добразычлівыя і працавітыя. Сам дырэктар школы разам з выхавальнікамі зграбаў лісце! «А як інакш? Як дзяцей вучыць любіць працу, як не ўласным прыкладам?», — заўважыў дырэктар.

У школе ёсць музей, дзе захоўваюцца косткі, біўні, зубы мамантаў, чучалы зуброў, ласёў, рысяў, зайцоў, розных птушак. Размешчана ў музеі і калекцыя ступ, якія, напэўна, засталіся ад Баб-Ёг, якія жылі тут раней, да людзей. Ці нават пры людзях, не саромеючыся, ляталі туды-сюды. Акрамя ступ, захоўваецца ў музеі і макет маўзалею таго Леніна, што стаіць на пагорку.

Жыве ў Юравічах ветэран апошняй (спадзяёмся) вайны Анастасія Іванаўна Гарчанка. Ёй 91 год, але добра памятае жанчына падзеі 40-х гадоў, залітыя горам, пакутамі і крывёй нашых людзей. Шмат салдатаў вынесла яна з поля бою, ратавала ў шпіталях, вяртала да жыцця. За што мае Анастасія Іванаўна шмат медалёў і ордэнаў.

Пагутарылі мы і з пенсіянерам-геолагам Уладзімірам Міхайлавічам Вяргеенка, які падзяліўся з намі бачаннем сучаснай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў вёсцы.

Хочацца адзначыць, што жыхары Юравічаў — своеасаблівыя. Адрозніваюцца ж яны такімі якасцямі, як супакой, разважлівасць у словах і ўчынках, ветлівасць, прыязнасць, дасягнуты жыццёвы дзэн, добразычлівасць і чалавечнасць. Можа, уплывае на іх такія рысы характару блізасць святыняў?

P.S. Вяртаемся дахаты праз Калінкавічы. Мясцовыя параілі нам кавярню, дзе кормяць танна і смачна, са смешнымі коштамі «рыс — 1600, катлета — 3000» і так далей. У прасторнай залі абедаем толькі мы і вялікая, чалавек 25, кампанія. Відаць, што гэта нейкая арганізацыя нешта адзначае. Кшталту ДРСУ, ПМК, ці ЖКХ. Усе сядзяць за ссунутымі сталамі — урачыстыя і прыбраныя. Краем вока назіраем за імі. Рэй вядзе нейкая жанчына. Яна ўрачыста абвяшчае сур'ёзным тонам, што зараз пройдзе конкурс — выбары самага крутога мужчыны калектыву. Затым жанчына, зноў жа — вельмі ўрачыста, прыносіць талерку яек і прапаноўвае кожнаму мужчыну... разбіць на галаве яйка, каб даказаць сваю «крутасць».

«О, не, не, не! Яны не будуць гэта рабіць, гэтыя прыбраныя ў белыя кашулі і гальштукі начальнікі нейкія, хоць і дробныя! Дарма жанчына тая такое выдумала! Зараз яны, мужчыны тыя, пачнуць абурацца, і адмовяцца біць на галаве яйкі!», — падумала я. Але не! Якое ж было маё здзіўленне, калі яны (мужчыны тыя) пачалі спакойна і засяроджана біць сабе па ілбе яйкамі! Прычым жанчына-вядучая прапанавала пачаць яйкабой начальніку! Яна так і сказала: «Наш паважаны начальнік, Васіль Іванавіч, пакажа нам прыклад, і першы разаб'е на галаве яйка!».

Той так і зрабіў, уявіце! Потым у іх былі іншыя конкурсы, нешта яны абдымаліся, казалі «Абдымі суседа справа, абдымі суседа злева, у нас дружны калектыў!». Я раней такіх гульняў не бачыла. Але мы спалохаліся, што і нас прымусяць даказаць сваю крутасць і пабіць на галаве яйкі, і пайшлі подбегам з той кавярні. Такія справы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.88 (всего оценок: 16)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • ... *пАру* нюансаў... )
  • быў там з месяц таму, прау нюансаў: * На месцы старажытнай стаянкі (справа ад усходаў(ступенек) на фота) - закінутае будаўніцтва аб"екта, дзе планавалася размясціць знойдзеныя у часы раскопак старажытныя артэфакты. Спынена каля 20-ці гадоў таму. ( * Было б вельмі цікава ведаць,чаму Юравічы сталі мясцовай "меккай" для цыган. )
  • Раз комментов нет, то вскользь замечу только, что среди фотографий моё внимание зацепил снимок Ленина с непонятно как поставленными ногами, напоминающий мишень-фигуру на стрелковом полигоне.