Общество

Севярынец: Беларусі трэба мяняць грамадства і дзяржаўны апарат

 

Апазіцыя можа прыйсці да перамогі, толькі калі ў Беларусі будзе зменены маральны клімат, мяркуе сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, які напярэдадні вызваліўся пасля адбывання па прыгаворы суда трохгадовага пакарання ў спецкамендатуры № 7 (вёска Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці).

Аб гэтым палітык заявіў 20 кастрычніка ў Мінску журналістам, якія прыйшлі на ўстаноўчы з`езд грамадскага аб`яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты».

«Палітыка — гэта маё пакліканне, гэтак сама як і літаратура, — падзяліўся Севярынец у інтэрв`ю БелаПАН. — Ну, а тут трэба несці крыж, як кажуць. Нават калі займацца палітыкай у тых умовах, у якіх займаліся заснавальнікі «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», — гэта былі 1920—1930-я гады мінулага стагоддзя, — то, безумоўна, мы будзем гэтым займацца. Таму што Беларусі патрэбна маральная рэвалюцыя. Беларусі трэба мяняць грамадства і дзяржаўны апарат, заснаваны на хлусні, на страху, на крадзяжы, на грунт-аснову, на якой можна пабудаваць нармальную дзяржаву. На павазе да закона, на любові да сваёй краіны і яе грамадзянаў, на веры, у рэшце рэшт. І мы верым, што хрысціянскай дэмакратыі гэта удасца, для гэтага і працуем».

Палітык адзначыў, што гэтыя гады абмежавання волі не адрываўся ад справаў БХД. «Займаўся рэгіёнамі, бо гэта сфера маёй адказнасці ў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», — тлумачыць ён, — ведаю і каардынатараў, і справы, якія рабіліся ў гэты час, дапамагаў у шэрагу кампаній, калі сядзеў у Купліне. Таму ведаю, што людзей прыбавілася — іх больш, чым тры гады таму. Спадзяюся, у кампаніі мясцовых выбараў гэта ўбачыць уся краіна».

Паводле слоў Севярынца, у арганізацыю прыйшло больш моладзі. «БХД стала, напэўна, больш стылёвай, больш дасведчанай. Гэтыя тры гады былі гадамі сталення, людзі сталі больш устойлівымі да націску — за гэтыя гады яны пазналі і ператрусы, і допыты, прыходзіць разуменне, што гэта трэба пераадолець, і дзейнічаць у такіх сітуацыях, і перамагаць», — упэўнены палітык.

Оценить материал:
Средний балл - 4.75 (всего оценок: 4)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева