Пачаўся новы сезон курсаў беларускай мовы «Мова ці кава»

 

У Мінску 13 студзеня пачаўся трэці сезон курсаў беларускай мовы "Мова ці кава". Заняткі праходзяць кожны панядзелак у памяшканні крэатыўнай прасторы "Цэх".

Як адзначыла ў інтэрв'ю БелаПАН арганізатар курсаў Кацярына Кібальчыч (фота 4), плануецца, што яны будуць доўжыцца да канца года. "Калі мы пачыналі ўсё ў студзені 2013 года, то планавалі, што будзем працаваць да лета, — сказала яна. — Курсы аказаліся папулярнымі, таму восенню мы пачалі другі сезон. Цяпер я разумею, што яны працягнуцца яшчэ год, а потым час пакажа".

Тэмай першага занятку стала грамадскае харчаванне. Вядучымі былі Алесь Залеўскі, Васіль Дранько-Майсюк і Уладзімір Лянкевіч. У якасці гасцей былі запрошаны ўладальнікі мінскіх кафэ і рэстаранаў.

На занятку абмяркоўвалася беларуская лексіка для размовы ў кафэ, разгарнулася дыскусія аб тым, ці трэба размаўляць на беларускай мове з афіцыянтам або барменам, ці павінны яны адказваць кліенту па-беларуску і чаму ў рэстаранах звычайна няма меню на беларускай мове.