Ахвяры Чарнобыля. Вёска Вохар

Адзін з самых забруджаных — Чэрыкаўскі раён. 23 тутэйшыя вёскі пахаваныя. Сотні сем’яў пераселеныя на чужыну...

26 красавіка — гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На Магілёўшчыне ў выніку катастрофы больш за 400 паселішчаў былі адселеныя. Значная тэрыторыя вобласці застаецца зонай радыяцыйнага забруджання.

Адзін з самых забруджаных — Чэрыкаўскі раён. 23 тутэйшыя вёскі пахаваныя. Сотні сем’яў пераселеныя на чужыну. А ў некаторых паселішчах людзі дагэтуль жывуць, нягледзячы на небяспеку. Вёска Вохар адна з такіх.

Некалі вялікая вёска на беразе Сажа, цяпер амаль бязлюдная. Паводле Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродздзя, тут зона з правам на адсяленне. Навокал засеяныя палі. У самой вёсцы ацалелыя хаты разбураюцца, а на месцы пахаваных — сады ды хмызы. Сям-там яшчэ засталіся падмуркі сядзібаў. Радыяцыйных знакаў вакол вёскі няма.

Адшукаць вяскоўцаў удалося ў адной з хатаў. Трое мужчын у прыцемках пра нешта гаварылі, калі да іх завітаў журналіст. Старэйшы, васьмідзесяцігадовы Міхаіл ахвотна пагадзіўся расказаць пра сваё самотнае жыцьцё ў роднай вёсцы. На яго ён не наракае.

“Няма вось тут людзей толькі, дык сумна. А так нармальна. Пэнсію нам даюць”, — кажа будзённа стары.

“Мне ж таксама прапаноўвалі выехаць адсюль, але я не пагадзіўся, — апавядае дзед Міхаіл. — Аддадзены я вось гэтай зямельцы. Як гаворыцца, дзе пупавіна закопаная, дык туды мяне цягне. У іншыя мясціны ня дай бог выяжджаць”.

Чатыры месяцы таму стары пахаваў жонку. Цяпер глядзіць гаспадарку сам. Ёсьць кабыла, сьвінчо. Была карова, але нядаўна здаў, кажа. Яшчэ ёсць трактар і сеялка. Даплатаў за пражыванне ў зоне радыяцыйнага забруджання вяскоўцам не даюць. Раней, згадвае Міхаіл, плацілі.

Пра радыяцыю кажа гэтаксама будзённа, як і пра жыцьцё:

“У нас цяпер такая зона — калі ласка, засяляйся сюды. Жыві свабодна тут. Наўкола ж усе палі засяваюцца. Нашу ж і бульбу, і хлеб па ўсёй Беларусі і Расеі вязуць. Цяпер “грабавыя” не выплачваюць. Усё ж скасавалі”.

Сваё слова ўстаўляе ў гутарку і сусед дзеда Міхаіла — 58-гадовы мужчына:

“Мы такая нацыя, што нам гэта радыяцыя абыякавая. Мы ж тут жывём на беразе Сажа. Рыбу тут ловім. Вось засталося нас пяцёра мужчынаў — што нам тут яшчэ рабіць?”

“Вы б лепей так напісалі, каб сюды паляўнічыя прыехалі, — ня стрымліваецца самы малады з кампаніі вяскоўцаў Алег. Яму трыццаць восем. — Каб яны прыехалі ды ваўкоў пабілі. Авечак, барана, коз задралі. Лісы ж тут ходзяць. Зайцоў тут хапае. Дзікі тут проста па вёсцы ходзяць. Нікога не баяцца”.

Калі людзям сказалі, што будуць адсяляць вёску, то яны наўзрыд плакалі, неяк нечакана згадваюць суразмоўнікі. Тых, хто не хацеў ехаць, запалохвалі. Вяскоўцы лічаць, што ніхто тады з чыноўнікаў ня думаў пра людзей.

“Начальства панажываліся тады, — цвердзяць мужчыны, — яны самыя лепшыя хаты пазабіралі сабе. А людзей падманулі. Вось калі б не давалі грошы за хаты. А то тады грошы давалі — вось і ўсё”.

Пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, працягваюць згадваць суразмоўнікі, людзям стараліся не казаць.

“Мы тады на палях працавалі, а начальства ні душы. Паўцякалі. Хавалі ад нас усё адразу. Вось калі Радыё Свабода амэрыканскае пачало гаварыць, дык во, пачулі нашы гэтыя… А так хавалі, што выбухнула, — зазначаюць вяскоўцы. І тут жа прыгадваюць былую веліч вёскі. — А раней вёска была! Людзей! Па дзве цыстэрны браў малакавоз малака. Столькі кароў было”.

Перад Радаўніцай, каб прыбраць могілкі, Вохар наведваюць тыя, хто вымушана зьехаў адсюль. Дзвюх жанчын пераняў ля самых кладоў. Іхныя родныя хаты, як яны кажуць, даўно пахаваныя. Самі жывуць у Чэрыкаве. Пра апусцелыя родныя мясціны апавядаюць са слязьмі.

“Людзі тут жылі, і ім доўга не казалі пра радыяцыю. Потым пачалі пясок вазіць, — згадвае адна з жанчын. — А потым сталі калодзежы зачыняць. Я сваю маму забрала ў 1989 годзе, бо ў яе інсульт быў. А людзі тут і раней жылі”.

Радыяцыі, заўважае яшчэ адна суразмоўніца, тутэйшыя не баяцца. Не баіцца і яна.

“Я на роднай зямлі. Гэта самае дарагое, што ў мяне ёсьць у жыцці. Сказалі б сёння пераехаць сюды, дамо хатку, — я б і сёння пераехала, — зазначае жанчына і тут жа тлумачыць. — Тут забароненая зона. Так! Толькі па пропусках сюды можна, а так не. Да нас жа прывыклі, што мы дома”.

Непадалёк ад вёскі камень. Такіх камянёў з таблічкамі, на якіх звесткі пра адселеныя вёскі, па Чэрыкаўскім раёне мноства. Той, што ля Вохара, — без таблічкі. Замест яе пляміна цэмэнту, якім, відаць, шыльда мацавалася. Ля каменя букет штучных кветак, утаптаных у пыл дарогі. Вакол засеянае поле. Рунь на ім добра ўзьнялася…