Дома сумна. Падарожжа дзевятнаццатае. Тэльман

Тэльман — вёска ў Брагінскім раёне. Мясцовыя кажуць, што раней тут жыў такі пан...


Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!


Падарожжа першае. Івакі
Падарожжа другое. Кольна
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
Падарожжа пятае. Неглюбка
Падарожжа шостае. Зялёны Мох
Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
Падарожжа дзевятае. Губарэвічы
Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны
Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
Падарожжа дванаццатае. Вулкан
Падарожжа трынаццатае (шчаслівае). Грушачка
Падарожжа чатырнаццатае. На Веткаўшчыну, дзе стралу хаваюць
Падарожжа пятнаццатае. Аціркі
Падарожжа шаснаццатае. Юравічы
Падарожжа сямнаццатае. Стрэнькі

Падарожжа васемнаццатае. Міхалёўка-Новы год

Тэльман — вёска ў Брагінскім раёне. Мясцовыя кажуць, што раней тут жыў такі пан — Тэльман. Савецкія ж хронікі падаюць, што назва вёскі пайшла ад буйнога калгасу імя лідэра нямецкіх камуністаў. Па пісьмовых крыніцах, вёска вядомая з 18-га стагоддзя. Мясцовыя кажуць, што называлася паселішча раней Надзея, а яшчэ раней — Двор-Гарадзішча. За савецкім часам тут быў вядомы калгас, ардэнаносны.

А ў 16-17 стагоддзях тут, на маляўнічым і пакручастым беразе Брагінкі, меў маёнтак Адам Вішнявецкі, прадстаўнік старажытнага літоўскага роду, прыхільнік праваслаўя, які прыхінуў да сябе праваслаўнага Грышку Атрэп'ева, «царэвіча», збеглага мніха, вядомага як Ілжэдзмітрый. Грышка той быў звычайным служкай ці конюхам, ці сабак даглядаў Адама Вішнявецкага. Пакуль не ўгледзеў неяк у маёнтку сваячку пана — Марыну Мнішак, і закахаўся ў яе. Але хто ж ты, няшчасны служка, мніх-уцякач, каб марыць пра шляхетную паненку? І тады сказаў той халоп сваё слова! Маўляў, ніякі я не конюх, а царэвіч я, сын Івана Жахлівага! І, маўляў, давай жаніцца, шляхетная ты, але бедная паненка. Пазней — калі я царом стану! І будзеш ты царыцай тады! Вось так той Ілжэдзмітрый абяцанак-цацанак нагаварыў той Марыне Мнішак і яе сваяку Адаму Вішнявецкаму на тым беразе Брагінкі, дзе зараз вёска імя нямецкага камуніста.

А тыя магнаты Вішнявецкія ці паверылі Ілжэдзмітрыю, ці выгляд такі зрабілі, ці вырашылі выкарыстаць халопа у сваіх інтарэсах, ці проста шалёна любілі авантуры, і пачалі насіцца з тым Лжэдзмітрыем як чорт з пісанай торбай. І так насіліся з ім, аж пакуль той праўда царом расійскім не зрабіўся на цэлы год. Ну а Марына тая Мнішак — натуральна, царыцай. Ну а потым яго забілі. А потым быў Ілжэдзмітрый Другі, і Трэці нават быў.

А сёння мы стаім на беразе Брагінкі, у вёсцы Тэльман, на тым жа месцы, дзе гарэлі некалькі стагоддзяў таму такія жарсці, дзе «усё пачыналася», дзе ад маёнтку застаўся толькі кавалачак сцяны, які знаходзіцца «пад аховай дзяржавы», ды «камень кахання», ды парэшткі канюшні.

Мясцовыя кажуць, што менавіта на гэтым валуне палка прамаўляў пра сваё каханне да пані Марыны Ілжэдзмітрый. Такая легенда. Але ж фальварак быў. І канюшня. І хронікі падаюць пра падзеі каля Брагіна з удзелам Ілжэдзмітрыя.

Сам жа старажытны парк, па якому гулялі раней закаханыя, аж з 16-га стагоддзя, здзічэў. Сярод крапівы з цяжкасцю знаходзім той самы «камень кахання». Толькі векавечныя дубы нагадваюць пра час і былую прыгажосць. Дзіўнай і недарэчнай сярод крапівы і быльнягу выглядае шыльда пра «помнік пад аховай дзяржавы» і «прычыненне шкоды караецца па закону».

Трапілі мы ў Тэльман пасля Радаўніцы. Гарадскія сваякі ўжо раз'ехаліся, могілкі бялелі свежымі ручнікамі на крыжах, мясцовыя ж рынуліся на грады. Адметнасць жыхароў вёсачкі — у адсутнасці насцярожанасці да чужынцаў. Усе нашы новыя знаёмыя гасцінна запрашалі ў хату, «дзяліліся хлебам і радасцю», ахвотна распавядалі пра сваё жыццё-быццё.

Чарнобыль пакалечыў вёску: шмат людзей выехала па «вольнаму адсяленню», ардэнаносны калгас пачаў паціху гібець, зачынілі клуб, сярод парку засталіся іржавыя металічныя канструкцыі былой танцавальнай пляцоўкі.

Мясцовыя вельмі журацца з-за свайго парку. «Раней жа так прыгожа было, фестывалі тут для моладзі праводзілі, святы адзначалі, такі парк гіне! Хоць бы хто займаўся ім, хоць бы прыбралі тут, не прайсці праз гэтыя джунглі, не пралезці, і нікому няма справы! Раней жа такая прыгожая вёска была, парк над ракой», — хвалююцца і нават плачуць старыя.

Ніна Раманчук не паехала па «вольнаму адсяленню», засталася ў вёсцы. Шчодра частуе нас усім, што ёсць у хаце.

Днямі, на Радаўніцу, было ў яе каля трыццаці гасцей. Сваякі прыязджалі з Мазыра, Барысава, Гомеля, украінскага Славуціча. «Пляменнік мой пераехаў адсюль пасля радыяцыі. Кажа — як прыеду калі на Радаўніцу — тыдзень потым хварэю, перажываю. Радзіма ж. Ён, калі ад'язджаў адсюль, з суседняй вёскі, на хаце сваёй напісаў: «Мой родны кут, як ты мне мілы». Канечне, здароўе ў нас падарванае ва ўсіх. Але тыя, хто пераехаў — амаль усе памерлі ўжо», — узгадвае Ніна Раманчук.

Усё жыццё адпрацавала яна на ферме. Зараз і фермы няма ў вёсцы. Большасць мясцовых працуе ў Брагіне, у школу дзяцей возяць у Малейкі, туды ж моладзь ходзіць і на танцы. Каб жыць нармальна, людзі трымаюць па тры каровы, здаюць малако.

За лёс роднай вёскі і парку хвалюецца і ўдзельнік вайны, ветэран працы Іван Харытонавіч Рак.

«А, што тут гаварыць. Ператварылі нашу вёску ў Хатынь! Хаты паляць, кідаюць, разбураюць, прыязджаюць невядома хто сюды жыць, там пажывуць — у іншую хату пераходзяць. А тую хату разбураць і кінуць. Клуб быў, кантора — нічога няма, парк зарос, ніхто не займаецца! Хіба каб якое начальства ўбачыла гэтае ўсе, ды парадак у нас навяло», — спадзяецца 82-гадовы пенсіянер.

Яго суседка, былая старшыня былога сельскага Савету, 86-гадовая Лідзія Паўлаўна Ганчарова таксама корпаецца на гародзе.

Распавядае, што раней быў падземны ход — ад маёнтка Вішнявецкіх тут, у парку, і аж да Брагіна (там у пана быў яшчэ адзін маёнтак). А потым, па словах пенсіянеркі, ход той разабралі — цэгла патрэбна была некаму, а што не разабралі — завалілі. А калі дзе і не завалілі — дык паспрабуй знайдзі зараз. Як і золата, якое тут недзе нібыта было схаванае. Шукалі ахвочыя — ды не знайшлі. А калі і знайшлі — будуць маўчаць.

Настальгічны і сумны настрой знікае, калі знаёмішся з сям'ёй Мікалая і Ларысы Марчанка. Сям'я — як адзін: бадзёрыя, жыццярадасныя і працавітыя. У Марчанкаў — пяць дзяцей. Старэйшы, 18-гадовы сын, вучыцца ў Калінкавічах на агранома. Малодшаму два гады. Гаспадарка — як і сям'я, вялікая: карова, куры, качкі, козы, свінні...

«Усё сваё — яйкі, мяса, бульба. У Брагін ездзім за ўсім астатнім. Вось дзяржава дом нам тут пабудавала, хутка наваселле будзем гуляць, прыязджайце!» — запрашаюць гаспадары.

Іх дачка ўжо чатыры разы адпачывала ў Іспаніі. «Спачатку паехала па чарнобыльскай праграме. Вельмі добрая сям'я ёй трапілася, яны ўсё яе ў госці запрашаюць ужо па сваёй ініцыятыве, і мы з імі пасябравалі. Летам зноў паедзе туды, у Севілью, на два месяцы, абяцаюць на Канары яе звазіць, дазвол трэба аформіць толькі. Часта іспанцы звоняць нам па скайпу, размаўляем, віншуюць нас са святамі, днём нараджэння», — дзеляцца Марчанкі.

Між тым, дарослыя мяркуюць, што лепш дзецям будзе адвучыцца і застацца жыць і працаваць у горадзе. Бо сапраўды ж — у Тэльмане якая праца, якая забава для маладых?

Прадзіраемся зноў праз «джунглі», якія, як аказваецца — «помнік садова-паркавага мастацтва».

Няўжо шмат выдаткаў трэба на тое, каб прывесці яго да ладу — каб потым прывезці сюды турыстаў? Размаляваць легенду сучаснымі прыкметамі пра камень кахання, пасля сядзення на якім будзе шмат дзяцей ці грошай? — хіба дорага гэта каштуе? Паставіць шапік які, зладзіць калі тут тэатралізаванае прадстаўленне, гістарычную рэканструкцыю? — спыталася я ў Брагінкі. Тая моўчкі і спакойна панесла далей свае хвалі і мае фантазіі ў Прыпяць.


  • Цікава! Я пра Ілжэдзмітрыя, калі па-праўдзе, і не ведаў. *** Няўжо шмат выдаткаў трэба на тое, каб прывесці яго да ладу — каб потым прывезці сюды турыстаў? *** І у мяне такое пытанне таксама узнікае, калі атрымоўваецца выбрацца на экскурсію-падарожжа. Усё упіраецца, як ні круці, у сакральнае "няма гаспадара" ( Дзяржава ужо даўно магла б пачаць прадаваць якім фермерам тыя мясціны, дзе яна яўна не у стане "давесці да розуму"
  • Респект афтору. Приз, так сказать, читательских симпатий. Замечательные фото, замечательный язык, замечательный журналистский почерк. Белорусский - мой второй родной. Я только опасаюсь на нём писать, чтоб по-дилетантски не исковеркать орфографию. Не бейте больно - это просто из уважения к "матчынай мове", которую и так замарали-захватали, сведя к "трасянке"... Я просто не хочу "уподобиться", а на белорусском читаю с удовольствием. Мой искренний поклон Алёне.