Рэферэндум-1995. Небеларусы, якія шануюць мову больш за беларусаў

Пакуль беларусы думаюць, ці патрэбна ім родная мова, яе вучаць і прасоўваюць у грамадскае і паўсядзённае жыццё іншаземцы…

 

Пакуль беларусы думаюць, ці патрэбна ім родная мова, яе вучаць і прасоўваюць у грамадскае і паўсядзённае жыццё іншаземцы і людзі, якія не маюць беларускіх каранёў. Слова ім і пра іх.

Стэфан Эрыксан: прыйдзе час, і я прыеду ў госці да вас

Калі Стэфан Эрыксан прыехаў ў Мінск кіраваць пасольствам Швецыі, ён ужо добра ведаў рускую мову, і гэтых ведаў, здаецца, яму бы хапіла для працы ў нашай краіне:


Фота budzma.org

«Сапраўды, я ўжо добра ведаў рускую мову, але чамусьці я вырашыў заняцца беларускай. Гэта было маёй уласнай ініцыятывай, і я ніколі не пашкадаваў, што зацікавіўся беларускай мовай. Дзякуючы маёй цудоўнай настаўніцы Алесі Літвіноўскай і станоўчай рэакцыі людзей навокал, я хутка захапіўся беларускай мовай і культурай. У чымсьці гэта мне дапамагло ў працы, таму што паспрыяла лепшаму разуменню краіны. Але гэта было не галоўнае, я шчыра быў рады, што мог наблізіцца да беларушчыны і паглыбіцца ў іншую культуру».

Цяпер, каб падтрымліваць узровень беларускай мовы, Стэфан Эрыксан чытае навіны і Фэйсбук: «Чытаю кнігі, у вольны час трохі нават перакладаю. Пераклаў апавяданне Някляева «Змены сувязяў», зараз думаю заняцца перакладам сучаснага беларускага рамана (пакуль не скажу якога). Даволі часта сустракаюся з беларусамі, якія прыязджаюць сюды па розных справах. Гэта заўжды вельмі прыемна!»

Дарэчы, спадар Эрыксан ведае яшчэ англійскую мову, кажа, што больш-менш можа па-французску гаварыць. Дзякуючы беларускай, стаў трохі разумець украінскую і польскую, але на іх не размаўляе.

Стэфан Эрыксан зрабіў шмат для таго, как Беларусь стала бліжэй да Швецыі, а Швецыя — да Беларусі.

«Так, канешне, у абавязкі любога пасольства ўваходзіць распаўсюд інфармацыі пра краіну, якую яно прадстаўляе. Шведы звычайна адгукаліся станоўча на магчымасць прыехаць у Беларусь, і не пералічыш усіх цікавых людзей з розных сфераў шведскага грамадства, якія прыязджалі ў Беларусь. Былі не толькі культурныя праекты, але яны, мабыць, былі самымі бачнымі і яскравымі. Я лічу, што трэба як мага больш імкнуцца да сумесных праектаў, а не толькі прыехаць і паказаць сваё. Таму часта атрымлівалася, што мы спрыялі адкрыццю Беларусі для шведаў».

Беларуссю зацікавіліся ягоныя дзеці: «Я ўпэўнены, што ў іх добрыя ўспаміны ад Беларусі і ад беларусаў. Яны, мабыць, не паглыбляліся, як тата, у беларушчыну — дзеці ж заўжды хочуць трохі бунтаваць супраць бацькоў! Малодшы сын быў з намі больш часу, і ён дакладна разумее па-беларуску. Хадзілі ж разам на канцэрты Н.Р.М.! Нядаўна была цікавая гісторыя, што ўсё-такі ўразіла сына. Мы ехалі разам з горада, дзе ён вучыцца, і спыніліся падсілкавацца па дарозе. Раптам да нас падыходзіць дзяўчына, якая мяне пазнала. Яна, аказваецца, з Беларусі. Вучылася ў нас і выйшла замуж за шведа. Карацей, яна па-беларуску мне падзякавала за маю працу ў Беларусі, што было вельмі прыемна. Сын стаяў з круглымі вачыма і потым усміхнуўся. Думаю, што нешто да яго дайшло!»

Што можа ўратаваць нашу мову, запыталіся Naviny.by у Стэфана Эрыксана.

Ён адказаў, што не ставіў бы пытанне так драматычна: «Сітуацыя праблематычная, безумоўна. Адзінае, што можа паправіць сітуацыю, гэта высілкі саміх беларусаў, хаця б разуменне таго, што мова — гэта важная частка гістарычнай спадчыны кожнага народа. Мяне больш за ўсё здзівіла нават не варожасць некаторых людзей да мовы. Уразіла абыякавасць большай часткі насельніцтва, якую да канца не растлумачыш ні гістарычнымі, ні сацыяльнымі прычынамі. Так, у гісторыі Беларусі часта не было ўмоваў для нармальнага існавання і развіцця мовы. Дзяржаўная палітыка не заўжды была спрыяльнай да мовы. Мову ў пэўны час, на жаль, сталі асацыяваць з палітыкай. Але пры гэтым ніхто ж не забараняў любіць матчыну мову!»

У Стэфана Эрыксана ёсць адчуванне, што стаўленне ў грамадстве да мовы зараз больш нармальнае, больш добразычлівае. Бывае, што трохі засмучае нецярпімасць людзей адзін да аднаго, калі абмяркоўваюць моўныя пытанні:

«Я не разумею людзей, якія з непавагай і крывадушшам ставяцца да мовы. Але з іншага боку таксама ёсць перагібы. Часам беларускамоўныя могуць надта пакрыўдзіцца на чалавека за нейкае слова, нейкую фразу. Мне здаецца, што не варта адразу асуджаць іншага, нават калі ён неасцярожна альбо непрадумана выказаўся наконт мовы. Таксама людзей часта бянтэжыць, што нехта размаўляе на мове з памылкамі. Трэба заахвочваць карыстацца мовай, нават калі чалавек гаворыць з памылкамі! Канешне, палітыка павінна спрыяць роўным умовам для ўсіх моваў. Беларуская мова павінна больш прысутнічаць у школе, ва ўніверсітэце, на тэлебачанні. Я ўпэўнены, што гэта ўсё будзе, калі беларусы самі пачнуць цікавіцца сваёй ўнікальнай мовай і паважаць яе!»

«Шчыра скажу, сумую па вас, беларусы! Больш сумую менавіта па людзях, хаця таксама часта ўзгадваю ўсе прыгожыя мясціны Беларусі. Дзякуй Богу, як ужо казаў, беларусы часта завітваюць у Стакгольм, таму сітуацыя не крытычная! Прыйдзе час, я спадзяюся, і прыеду ў госці да вас!», — сказаў Стэфан Эрыксан.

Алег Трусаў: з 1982 года я прынцыпова імкнуся не размаўляць у Беларусі па-руску

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў мае не толькі беларускія, але і рускія карані. Ягоны бацька быў з Расіі, у Мсціслаў — горад, дзе Алег Трусаў нарадзіўся, трапіў выпадкова.


Фота svaboda.org

Праўда, выхоўвалі Алега Трусава прабабка і бабка, і ў хаце размаўлялі на трасянцы: «Мсціслаўская трасянка была даволі набліжаная да беларускай мовы. Я ўпэўніваюся ў гэтым, калі адкрываю слоўнік Насовіча. Там шмат словаў, якія зараз не ўжываюць, але мая прабабка імі карысталася. Беларускімі прымаўкамі яна сыпала на кожны выпадак жыцця. Некаторыя з іх я выкарыстоўваю. Дарэчы, яна пражыла 100 гадоў!».

Ты не менш у школу Алег Трусаў пайшоў рускую. Тады, у 1961 годзе, ягоную бабулю прымушалі напісаць заяву, што яна хоча, каб дзіцё вучылася па-руску. Аргументацыя была такая ж, як і зараз: ну куды ён пойдзе з беларускай мовай далей вучыцца? Тады, як і цяпер, у Беларусі не было вышэйшай навучальнай установы, дзе б выкладалі цалкам на беларускай мове.

Напрыклад, навучанне на гістфаку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, куды Алег Трусаў паступіў пасля школы, адбывалася на рускай мове.

Цікавасць да мовы ўзнікла дзякуючы беларускамоўным людзям, якія сустракаліся жыццёвым на шляху:

«Да таго, у мяне ніколі не было комплекса непаўнавартасці. Мая прабабка казала, што я са шляхты, а шляхціч, напрыклад, смецце на вуліцы не кідае. Мне пашанцавала з выхаваннем. Я памятаю, як здзекваліся ў студэнцкім інтэрнаце з сялян, якія размаўлялі на сваіх дыялектах. Я бачыў, як выбівалі беларускую мову з гэтых бедных сялян. Сам я тады карыстаўся рускай мовай».

Алег Трусаў прынцыпова пераходзіў на беларускую мову з 1979 па 1982 год: «З 1982 года я імкнуся прынцыпова не размаўляць у Беларусі па-руску. Стаўленне да беларускамоўнага чалавека тады было жахлівым. Людзі лаяліся матам, калі чулі мову. Аднойчы, калі я быў дэпутатам, мяне пагражалі забіць сякерай. За савецкім часам размаўляць па-беларуску ў Мінску было подзвігам. Зараз для таго, каб размаўляць на беларускай мове, ідэальныя ўмовы».

Пра рэферэндум 1995 года Алег Трусаў кажа, што калі зменіцца ўлада, ягоныя вынікі адмяніць будзе проста.

«Гэты рэферэндум прытармазіў на 20 гадоў наш шлях да дабрабыту. Каб мова перамагла, мы б хутчэй за ўсё былі б у Еўразвязе. З другога боку, мы ўбачылі моц нашай мовы і культуры. У іншай бы краіне пры такіх умовах канец быў бы мове. А ў нас мова выстаяла. Да таго ж рэферэндум замацаваў роўнасць рускай і беларускай моў. І мы можам патрабаваць у чыноўнікаў выконваць заканадаўства. Сапраўднай роўнасці моў між тым у Беларусі няма»


Джым Дынглі: пакуль беларусы не адчуюць свайго адрознення ад расіян, не будзе самаадчування як нацыі

Беларусіст, былы старшыня Англа-беларускага таварыства Джым Дынглі прыйшоў да беларускай мовы праз знаёмства з рэлігійным дзеячом беларускай эміграцыі Аляксандрам Надсанам, які памер у красавіку:


Фото belarusians.co.uk

«Калі я скончыў Кембрыдж у 1965 годзе, пра Беларусь не ведаў нічога, хоць і вывучаў славістыку. Сустрэча ў Лондане з айцом Аляксандрам Надсанам, а хутка споўніцца 50 гадоў, як мы знаёмы, змяніла ўсё».

Джым Дынглі зацікавіўся Беларуссю, рэдагаваў The Journal of Byelorussian Studies, амаль 25 гадоў узначальваў Англа-беларускае таварыства, даследаваў і перакладаў. Па-беларуску размаўляе амаль без акцэнту: «Практыкавацца ў мове магу хоць штодзень — мая жонка з Беларусі».

Упершыню Джым Дынглі наведаў Мінск у 1988 годзе. Бываў з тых часоў некалькі разоў, апошні раз два гады таму. Прыедзе і сёлета — на з’езд беларусістаў у канцы мая.

Раней, кажа, Мінск быў савецкім, а зараз «Мінск расце як сталіца, а Беларусь адыгрывае ролю на міжнароднай арэне ў сувязі з канфліктам ва Украіне. Калі я прыязджаю, жыву на кватэры. І кожны раз не разумею дзіўных рэчаў — чамусьці трэба ісці ў міліцыю рэгістравацца, ісці ў банк, каб заплаціць за гэта. Каштуе танна, але гэтыя перамяшчэнні…»

Пра моўную праблему ў Беларусі кажа: «Большасць людзей не разумеюць каштоўнасці мовы і ўспрымаюць яе як інструмент сувязі і не болей. Як зацікавіць людзей ставіцца да мовы больш паважліва як да каштоўнасці, адказу няма. Людзі павінны мець інтарэс ва ўласнай дзяржаве, беларускай дзяржаве для беларусаў. Вельмі многае залежыць ад самапачуцця народа. Пакуль беларусы не адчуюць свайго адрознення ад расіян, не будзе самаадчування як нацыі. Безумоўна, трэба, каб і ўлады краіны былі зацікаўленыя ў беларускасці, а не ў Беларусі як частцы рускага свету».

Будзе беларуская мова мець статус у грамадстве ці не, залежыць ад саміх беларусаў, лічыць Джым Дынглі:

«Нельга прымусіць чалавека карыстацца ў паўсядзённым жыцці той мовай, якой ён не хоча. Але і павінны быць умовы, заахвочванне ў грамадстве да таго, каб людзі размаўлялі па- беларуску. І вельмі многае ў моўнай палітыцы ўпіраецца ў грошы. Напрыклад, у Шатландыі ўрад вырашыў стварыць тэлебачанне на валійскай мове. Невядома, колькі людзей глядзяць яго, але каштуе гэта дорага. Адкуль грошы? З падаткаў. Ці гатовыя беларусы плаціць больш падаткаў дзеля распаўсюджвання беларускай мовы?».

Зараз Джым Дынглі займаецца перакладамі. Кажа, што не паліглот, але хацеў бы ім быць. Пры гэтым ведае акрамя роднай англійскай нямецкую, французскую, рускую, беларускую, польскую, украінскую мовы.

Пераклаў з беларускай мовы на англійскую «Краіну Беларусь» Уладзіміра Арлова (2013), «Рыбін горад» Наталкі Бабінай (2013) і іншыя кнігі.

Адзін з галоўных грамадскіх клопатаў — лонданская Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, дырэктарам якой быў айцец Надсан больш за сорак гадоў. Там знаходзіцца, мабыць, самая вялікая калекцыя беларускіх кніг за межамі Беларусі. Бібліятэчныя фонды ўключаюць кнігі, выдадзеныя самім Скарынам, копію трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага і калекцыю гістарычных беларускіх артэфактаў..

Джым Дынглі кажа, што ў бібліятэку амаль ніхто не прыходзіць. Навукоўцы прыязджаюць вельмі рэдка — сёння людзі карыстаюцца інтэрнэтам. Пасля смерці айца Надсана лёс бібліятэкі актыўна абмяркоўваецца. Дзякуючы гранту пачалася адлічбоўка фондаў і выкладанне іх у сеціва:

«Мы атрымалі 5 тысяч фунтаў стэрлінгаў і спадзяёмся, што гэта толькі пачатак. Трэба ж падтрымліваць будынак у годным стане, каб бібліятэка была карыснай для людзей, рэлевантнай сучаснаму свету. Мы абмяркоўваем магчымасці супрацоўніцтва з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі».

Марцін Шон-Чанішвілі: у Беларусі мне не хапае людзей, з якімі можна размаўляць па-беларуску

Каардынатар праграмы падтрымкі Беларусі ўрадам Германіі культуролаг Марцін Шон-Чанішвілі размаўляе на беларускай і рускай мовах практычна без акцэнта. 

 

Пра шлях да беларускай кажа, што быў ён не прамы, а пачынаўся с рускай, якую Марцін вывучаў яшчэ ў школе на факультатыве. Гэтую мову было вучыць цяжэй за ўсе іншыя: англійскую, французскую, беларускую і польскую, якія ён ведае. Расейская была першай славянскай мовай для яго.

Калі ў 2001 годзе Марцін Шон-Чанішвілі прыехаў працаваць у Беларусь, успрымаў беларускую мову як экзотыку, а калі пачаў размаўляць на мове — адчуў сябе ў краіне сваім:

«Спачатку, калі прыязджаеш у краіну як іншаземец, увага прыемная, але пазней хочацца адчуваць сябе як усе. Калі я размаўляў па-беларуску, мяне меней заўважылі. Бо, па-першае, немцу фанетычна лягчэй вымаўляць беларускія словы, чым рускія. Мне наогул вельмі падабаецца гучанне беларускай мовы, гэта спецыфічнае спалучэнне мяккіх і цвёрдых гукаў. Па-другое, паколькі беларусы не так упэўненыя ў лэксіцы і граматыцы сваёй мовы, яны меньш заўважалі мае памылкі, і мяне успрымалі як свайго».

Мову Марцін вывучаў самастойна. Пачаў з газет — чытаў, выпісваў словы, завучваў. Потым мэтанакіравана шукаў людзей, з якімі можна практыкавацца ў мове. На працягу некалькіх гадоў Марцін Шон-Чанішвілі імкнуўся гаварыць у Беларусі толькі па-беларуску, але стаміўся:

«Калі знаходзішся ў рускамоўным прафесійным кантэксце, гэта не так проста. Вось і карыстаюся мовай апошнім часам рэдка, бо няма з кім размаўляць. Яшчэ раней я ізноў перайшоў пераважна на расейскую. Мяне стаміла, что, калі звяртаешся па-беларуску, трэць людзей цябе разумее з цяжкасцью. У мяне быў выпадак: у кавярні тры разы гарбату замаўляў, але мяне так і не зразумелі».

Чаму склалася гэткая сітуацыя з беларускай мовай, вядома з гісторыі, кажа Марцін Шон-Чанішвілі, але нейкай простай і адзінай «рэцептуры вырашэння моўнага пытання» прапанаваць немагчыма: «Ясна толькі, што трэба рабіць усё магчымае, каб захаваць мову, бо яна дае магчымасць выказваць спецыфічная рэчы, ўласцівыя менавіта беларусам і іх культуры».

Паводле яго думкі, беларуская мова будзе масавым сродкам камунікацыі у грамадстве, калі ў людзей будуць перспектывы з яе дапамогай зрабіць бізнес, падняцца па кар’ернай лесвіцы.

Мова, кажа Марцін Шон, павінна быць «сімвалічным капіталам». Гэта азначае, што на ёй будзе размаўляць інтэлігенцыя, яе будуць выкарыстоўваць знакамітыя брэнды ў прасоўванні прадукцыі. Часткова гэтыя працэсы сёння ўжо адбываюцца, лічыць ён.

Галоўным фактарам застаецца сістэма адукацыі. У Марціна склалася ўражанне, што вывучэнне мовы зараз з’яўляецца нечым штучным, не досыць прыстасаваным да жыцця: «Спецыялістам трэба падумаць, як зрабіць інакш. Пакуль не бачу цэласнага падыходу да вывучэння беларускай мовы ад садку да універсітэта».

Наконт наступстваў рэферэндуму 1995 года Марцін Шон-Чанішвілі кажа: «Дзве дзяржаўныя мовы — гэта мудрае рашэнне. Калі б дзяржава прымусіла ўсіх перайсці на беларускую мову, фактычна пазбавіла б людзей выбару. Я не моцна падтрымліваю, калі застаецца толькі адзін варыянт. На мой погляд, дзвюхмоўе для любога народу — гэта шанец, гэта разнастайнасць. Нажаль, самі беларусы гэта так не ўспрымаюць і гэты шанец пакуль не дастаткова выкарыстоўваюць».

Уладзімір Мулявін –– рускі чалавек, які адкрыў Беларусь свету

Малюся я небу, зямлі і прастору.
Магутнаму Богу — Ўсясвету малюся.
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны народ Беларусі.

Беларускую народную песню і Беларусь праславіў на ўвесь свет Уладзімір Мулявін (1941-2003), які нарадзіўся на Урале і не меў беларускіх каранёў.


Фота photo.bymedia.net

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік легендарнага беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» адкрыў беларускую песню, мову, народную музыку наогул не толькі людзям у розных краінах, але і самім беларусам. Дзякуючы Уладзіміру Мулявіну, «Касіў Ясь канюшыну», «Александрыну», «Лявоніху» і іншыя песні спявалі на беларускай мове па ўсяму Савецкаму Саюзу.

У адным з інтэрв'ю Уладзімір Мулявін казаў: «Аснова рэпертуару –– беларуская народная песня. Прапаганда яе –– наша галоўная задача. Гэта мы вырашылі з самага пачатку... Мы толькі дамагаемся, каб яна гучала сучасна».

У 2004 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга пад назвай «Владимир Мулявин. Нота судьбы» на рускай мове. Аўтар канцэпцыі кнігі, рэдактар-укладальнік –– Людміла Крушынская. У кнізе сабраныя ўспаміны пра Уладзіміра Мулявіна, частку якіх Naviny.by прапануюць увазе чытачоў.

Украинский музыкант Иван Попович: «…Мулявин у меня поинтересовался, откуда я родом. Ответил ему, что моя малая родина — Закарпатье, горы. И бросил какую-то фразу, мол, на вашей родине, в Белоруссии... А Мулявин и говорит: «Знаете, Иван, я не белорус, я из России, с Урала...» Для меня это было полной неожиданностью, так как я всегда считал Мулявина исконным белорусом, и я продолжил о своем: «А вот меня, например, Львов до сих пор пе признает за украинца, потому что я закарпатец, выходец из юго-западного региона...» До сих пор помню, что Владимир Георгиевич в том далеком 1974 году, помолчав, ответил: «Я надеюсь, что Беларусь меня признает...» Я не сдержался, сказал: «Вы себе, Володя, уже теперь памятник поставили...»

Художник по костюмам Юрий Пискун: «На формирование взглядов Мулявииа на белорусскую народную культуру в глубоком ее понимании, восприятие этой культуры как основы творчества ансамбля большое влияние оказала национальная ангажированность части нашей художественной интеллигенции в тот период, когда творчество «Песняров» было наиболее продуктивным,— конец 1970-х — 1980-е годы. В условиях, когда белорусский язык подвергался все большей дискриминации, вытеснялся из сферы образования, культуры, общественной жизни, программное использование этого языка в песнях ансамбля «Песняры» вызывало огромную симпатию к ансамблю со стороны многих представителей национального искусства, стремившихся к возрождению и актуализации исторического наследия нашего народа».

Художественный руководитель Национального концертного оркестра Михаил Финберг: «Он никогда не писал на «тексты», всегда — на стихи. Как он, русский, человек с Урала, чувствовал не только национальный мелос, но и белорусское слово! «Слуцкiя ткачыхi» Богдановича, «Завушнiцы» Танка, «Александрына» Бровки настолько яркие и глубинно белорусские по своему духу, что по праву вписаны в нашу музыкальную классику!»