“Ціхі Чарнобыль” у Буда-Кашалёва

Мужчыны, хто нарадзіўся пасьля чарнобыльскай катастрофы, уключна да 2002 году, пражывуць у сярэднім ня больш, як 58 гадоў, жанчыны даўжэй — да 72 гадоў.

Тры дзесяцігодзьдзі пасьля Чарнобыля вядзе назіраньні за станам здароўся дзяцей і дарослых у Буда-Кашалёўскім раёне ўрач па прафэсіі, заснавальніца раённага дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня “Дапаможам дзецям Чарнобыля” Валянціна Смольнікава. За гэты час толькі высілкамі актывістаў аб’яднаньня аздароўлена ў Нямеччыне, Гішпаніі, некаторых іншых заходніх краінах звыш 8 тысяч мясцовых дзяцей і падлеткаў.

Валянціна Смольнікава

— Валянціна Фёдараўна, Буда-Кашалёўскі раён знаходзіцца далекавата ад Чарнобыльскай АЭС. Тут пасьля катастрофы пабудавалі два дзесяткі пасёлкаў менавіта для чарнобыльскіх перасяленцаў з паўднёвай часткі Гомельшчыны. А вы аб’ядналі нераўнадушных мясцовых жыхароў, каб дапамагаць найперш дзятве — дасьледаваць стан здароўя, вывозіць на адпачынак і аздараўленьне.Чаму?

— Сапраўды, ад нас да Чарнобылю дзьве з паловай сотні кілямэтраў. І 22 пасёлкі ў раёне пабудавалі для перасяленцаў. Але ў нас няма чыстых тэрыторыяў — нават пасьля ўрадавых пастановаў ад пераглядзе сьпісу населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяцыйнага забружваньня. Найбольш іх — ажно 177 — знаходзяцца ў зоне 1-5 кюры на квадратны кілямэтар, 15 паселішчаў — у зоне 5-15 кюры.

Больш таго, у першыя дзесяць гадоў пасьля Чарнобылю ўнутры самога раёна эвакуявана 23 вёскі. Гэта Ліпа, Харошаўка, Вясёлы Араты, Баявы, Боркі, Новы Сьвет ды іншыя. Многія зь іх нават закапаны ўжо ў дол.

У напаўвыселенай вёсцы Забалоцьцё

У раёне 16 паселішчаў, дзе цягам году людзі атрымліваюць экспазіцыйную дозу апраменьваньня, якая перавышае 1 мілізівэрт. Іншымі словамі, адносна бясьпечную дозу, хаця, як вядома, “добрай” радыяцыі не бывае. Інкарпарацыя радыёнуклідаў у арганізм чалавека на заражаных тэрыторыях ідзе пастаянна, а патрапіўшы ў арганізм, радыенукліды разбураюць клеткі і яе малекулярныя структуры сілай свайго выпраменьваньня. Гэта ў сваіх дасьледаваньнях паказваў прафэсар Юрый Бандажэўскі, якога, на жаль, адлучылі ад беларускай мэдычнай навукі.

Між тым, сярод дасьледаваных жыхароў раёну, дарослых і малалетніх, ня выяўлена ніводнага чалавека са значэньнем удзельнай актыўнасьці радыецэзію-137 у арганізме, якое б раўнялася “0”. Няма такіх!

Да таго ж мы заўважылі такую тэндэнцыю: калі раней пасьля месячнага аздараўленьня па-за межамі Беларусі школьнікі вярталіся дамоў, па сутнасьці, “чыстымі”, то апошнім часам гэта зрабіць не ўдаецца — толькі зьменшыць. Радыенукліды “заселі” ў нашых людзях.

— А што ў такім разе робіць “сіла выпраменьваньня радыенуклідаў” з нашымі жыцьцёвымі сіламі, нашым здароўем?

— Была б рада, каб высілкі ў мэдыцыне i аздараўленьні мелі добры й незваротны плён. Але ж пакуль здароўе людзей пагаршаецца, прычым усіх узроставых групаў. Кожны год выяўляюцца інваліды, сярод іх і дзеці, захворваньні якіх міжведамасны экспэртны савет зьвязвае з Чарнобылем.

Першаснае захворваньне дарослага насельніцтва (2014 год) у нас у чатыры з паловай разы вышэй, чымсьці ў сярэднім ў рэспубліцы.

Наперад выйшлі захворваньні органаў дыханьня, потым — органы крывезвароту, касьцяна-мышачнай сыстэмы, злаякасныя новаўтварэньні. Людзі паміраюць у працаздольным узросьце. Высокая ўдзельная вага сьмяротнасьці ад траўмаў і алькагалізму. За апошнія гады ў два зь лішнім разы павялічыліся інфаркты міякарда, амаль ў тры разы — захворваньні шчытападобнай залозы.

У дзяцей і падлеткаў дадаюцца яшчэ захворваньні страваваньня, мачародавай сыстэмы.

А паглядзіце на прыдатнасьць нашых юнакоў да службы — усяго 52%, а ў дачарнобыльскі пэрыяд тры чвэрці хлапцоў служылі ў войску.

Няма патрэбы казаць, што здароўе дзяцей абумоўлена здароўем іх бацькоў.

Гэта асабліва бачна на прыкладзе сям’і, якая перасялілася ў наш раён зь вёскі Пучын Брагінскага раёну. І перасялілі іх улады з аднавяскоўцамі арганізавана, але ня ў самае чыстае месца: пасёлак заражаны радыяцый, дзе шчыльнасьць радыецэзію-137 складае амаль 5 кюры на квадратны кілямэтар.

Галава сям’і да аварыі быў здаровым мужчынам, на той час яму было крыху больш за сорак. Цяпер ён інвалід, бо мае вострае парушэньне мазгавога кровезвароту, дысцыркуляторную энцэфалапатыю II ступені складанага генэзу з сіндромам Паркінсона. Пакутуе на ішэмічную хваробу сэрца, тугавухасьць, варыкознае расшырэньне венаў на нагах, пачатковую катаракту — усё й не пералічыць.

Яшчэ большы “букет” хваробаў у жонкі — яе аперавалі на рак шчытападобнай залозы, сфармаваўся пасьляапэрацыйны гіпатырэёз, ішэмія. Жанчына перанесла востры інфаркт міякарда, у яе разьвіліся лёгачная ды артэрыяльная гіпертэнзіі, артроз буйных суставаў, піеланэфрыт, кісты нырак, язва дванаццаціпалай кішкі, астэахандроз хрыбетніка, трамбафлебіт, халецыстыт, міёма маткі. Яна, канечне, інвалід Чарнобыля.

Дзьве дачкі гэтых перасяленцаў, якім на момант аварыі было адпаведна 8 і 6 гадоў, таксама маюць каля дзясятка розных хвароб. Адной зь іх рабілі апэрацыю на рак. Гэтаксама й сын, якому сёлета спаўняецца 34 гады. Яго нават двойчы апэравалі на рак шчытападобнай залозы.

— І што казаць пасьля гэтага пра якасьць жыцьця?

— Так, вялікая сям’я жыве ў пастаяннай трывозе праз хваробы бацькоў, дзяцей, унукаў. Непазьбежна ўзьнікаюць псыхалягічныя канфлікты, матэрыяльныя цяжкасьці ўзьвязку з патрэбай лекаваньня ў абласных ды рэспубліканскіх клініках. І калі такія людзі, як згаданыя муж і жонка, сыходзяць з жыцьця, то ў даведках аб прычынах сьмерці часьцей за ўсё запісваюць альбо хваробу сыстэмы кровезвароту, альбо старасьць. Нібыта чалавек проста састарэў і памёр, як дзе ў Францыі ці Аўстраліі. Ускосна, але мэдычная статыстыка ўсё ж такі не адлюстроўвае ў значнай меры маштабу чалавечых трагэдый, да якіх спрычынілася чарнобыльская катастрофа.

— Вы згадалі пра сям’ю перасяленцаў, у якой ажно тры інваліды. А як наагул выглядае сытуацыя ў раёне з інваліднасьцю — у дарослых, дзяцей?

— Пры канцы 2014 году пад назіраньнем мэдычных установаў знаходзілася 2218 інвалідаў, зь іх — 77 дзяцей. Прыкладна ў 7% дарослых інваліднасьць зьвязана з Чарнобылем. У дзяцей — 2-4 выпадкі на год, калі экспэрты абумоўліваюць інваліднасьць наступствамі катастрофы.

Апошнім часам “чарнобыльскую повязь” інваліднасьці сталі ўсталёўваюць радзей, паколькі беларускае заканадаўства набыло цяпер большую жорсткасьць у гэтым пытаньні

Дарэчы, нярэдка ў аднаго і таго ж чалавека ў нашым раёне выяўляюць некалькі хранічных хваробаў, у тым ліку й злаякасных новаўтварэньняў. Напрыклад, рак маткі ў жанчын і шчытападобнай залозы, рак сьляпой кішкі і мачавога пухіра, рак шчытападобнай залозы і лімфасаркома. Пасьля аперацый у такіх людзей, калі яны выжываюць, наступае інваліднасьць.

— А інваліднасьць у дзяцей — яна чым абумоўлена?

— У апошнія дзесяць гадоў назіраецца рост генэтычных парушэньняў сярод нашчадкаў апрамененых бацькоў. Колькасна на ўліку іх менш, бо менш дзяцей нараджаецца ад такіх бацькоў, але з гледзішча ўдзельнай вагі прыраджоных хваробаў, якія прывялі да інваліднасьці, рост выразна бачны.

Напрыклад, у 2005 годзе прыраджоныя хваробы абумовілі інваліднасьць ў 40% дзяцей, летась ужо — больш як у паловы (50,6%).

Сярод прыраджоных хваробаў узрастая вага храмасомных — хвароба Даўна, фенілкетанурыя, калі парушаецца абмен амінакіслотаў і выяўляецца алігафрэнія, сьпінальная атрафія Вэрдніга-Гофмана, мукавісцыдоз, які вядзе да захворваньня бронхаў, панкрыятыту, цукровага дыябету жы шмат чаго яшчэ. Памножыліся парокі сэрца. На жаль, не пакідаюць дзіцячы асяродак і анкалягічныя захворваньні .

— Існуюць спэцыяльныя мэтодыкі, на падставе якіх можна прагназаваць чаканую працягласьць жыцьця. Як будзе выглядаць яна ў Буда-Кашалёўскім раёне, асабліва калі ўлічыць падвышэньне пэнсійнага ўзросту і для мужчын, і для жанчын?

— Суцяшальнага ў прагнозах мала, асабліва для мужчын. Хто нарадзіўся пасьля чарнобыльскай катастрофы, уключна да 2002 году, пражывуць у сярэднім ня больш, як 58 гадоў — з невялікім хвосьцікам на пару-тройку месяцаў. Жанчыны даўжэй — да 72 гадоў. Крыху лепшыя прагнозы наконт сярэдняй працягласьці жыцьця ў мужчын у цэлым па вобласці, але яна ўсё адно прагназуецца ніжэйшай за 63 гады.

— У такім разе, як выглядае дэмаграфічная сытуацыя ў раёне? Агульная ж нараджальнасьць апошнім часам крыху павялічваецца.

— Да Чарнобыльскай катастрофы натуральны прырост насельніцтва складаў 5% — у раёне жылі звыш 51 тысячы чалавек, у тым ліку 12 тысяч дзяцей і падлеткаў. Нараджальнасьць на тысячу насельніцтва складала 17,2, сьмяротнасьць — 12,2. За тры дзесяцігоддзі колькасьць людзей у нашым раёне зьменшылася на 40% і складае цяпер блізу 31 тысячы, дзяцей — 6,2 тысячы. Нараджальнасьць і сьмяроднасьць адпаведна — 13,7 і 19.

Як мэдыка мяне трывожыць і такая акалічнасьць: толькі ў 10-15% жанчын цяжарнасьць і працэс родаў адбываецца нармальна, у астатніх — маюцца розныя захворваньні, у прыватнасьці, экстрагенітальныя паталёгіі, анамальныя роды і пасьляродавыя ўскладненьні — і ў маці, і ў дзіцяці.

— Вы бачыце рэальную сытуацыю са здароўем людзей у раёне, дапамагаеце з калегамі дзецям аздаравіцца праз сваю арганізацыю, праз кантакты з нераўнадушнымі фондамі й сем’ямі ў Нямеччыне, Гішпаніі, некаторых іншых краінах. На ваш погляд, ці выпрацавалі ўлады адэкватны альгарытм дзеяньняў на выклікі Чарнобылю?

— Як мне бачыцца, сытуацыю з наступствамі Чарнобылю цяпер спрабуюць забаюкаць. Маўляў, завяршыўся пэрыяд паўраспаду стронцыю й цэзію — сейце, саджайце, капайце, спажывайце! Аднак рэдка хто кажа, колькі патрэбна тых пэрыядаў паўраспадаў, каб зямля сапраўды ачысьцілася. Да таго ж рэгіён усеяны доўгажывучымі трансуранавымі радыеактыўнымі элемэнтамі — яны нікуды ня дзенуцца і праз тысячыгодзьдзе.

А што мы маем на практыцы? У нашым раёне, напрыклад, у 2014 годзе на прыборы СІЧ дасьледавана толькі 10% насельніцтва, 8% — прайшлі дасьледаваньне шчытападобнай залозы з дапамогай УЗІ. Раённыя мэдустанова тры гады ня мае лекара-эндакрыноляга.

Таму, на маю думку, варта перайсьці ад гіпотэзы адмоўнага ўплыву “малых дозаў” таго ж радыяцыйнага цэзію-137 да практычнай абароны людзей. Шкалу радыяцыйнай бясьпекі распрацавалі яшчэ два дзесяцігодзьдзі таму навукоўцы інстытуту “БелРад” пад кіраўніцтвам прафэсара Васіля Несьцярэнкі і ўжо згаданага мною прафэсара, доктара мэдычных навук Юрыя Бандажэўскага. Назапасілася ў дзіцяці 20 бэкерэляў на кілаграм вагі, а ў дарослага 70 бэкерэляў — гэта ўзровень для рэагаваньня, прымяненьня індывідуальнага комплексу мер, каб зьмяншыць ўзроўнь назапашваньня радыенуклідаў у арганізме.

Думаецца, што дзеля ўсталяваньня справядлівасьці варта стварыць міжнародную групу экспэртаў, лекараў, паталагаанатамаў, навукоўцаў з пацярпелых ад Чарнобылю краінаў і дасканала вывучыць прычыны сьмерці ліквідатараў, перасяленцаў, каб усьвядоміць поўны малюнак узьдзеяньня іанізуючай радыяцыі на арганізм чалавека. І нарэшце выпрацаваць сапраўды бясьпечную канцэпцыю пражываньня людзей на ўсіх этапах узьнікненьня няштатных сытуацыяў. Бо як справядліва прадбачыў наш выбітны пісьменьнік, дасьледчык і грамадзкі дзеяч Алесь Адамовіч, “Чарнобыль ня ззаду, ён — наперадзе”.

Тым больш, што на поўначны краіны ўзводзіцца Астравецкая АЭС, якую маюць аснасьціць неапрабаваным на практыцы атамным рэактарам.