Колькі зарабляюць беларускія спартоўцы

Прылюдныя скаргі трэнэра Эдуарда Малафеева на малыя грошы прыцягнулі ўвагу да яшчэ слаба асьветленай тэмы заробкаў у беларускім спорце...

Иллюстрация:

Прылюдныя скаргі трэнэра Эдуарда Малафеева на малыя грошы (атрымлівае ён каля 50 тыс. даляраў у год) прыцягнулі ўвагу да яшчэ слаба асьветленай тэмы заробкаў у беларускім спорце.

Спартоўцы-каманднікі (футбалісты, баскетбалісты і г.д.) атрымліваюць грошы зь бюджэту краіны толькі падчас навучаньня ў спэцыялізаваных установах. Гэтая стыпэндыя крыху большая за студэнцкую, пражыць на яе наўрад ці магчыма. Таму ўсе навыперадкі імкнуцца трапіць у якую-небудзь прафэсійную каманду. Найбольш цяпер зарабляюць хакеісты. Дзякуючы “модзе” на хакей, гэты від спорту мае рэальную спонсарскую падтрымку. І наймацнейшыя каманды Беларусі, як менскі “Керамін” ці “Гомель”, могуць трымаць пры сабе якасных хакеістаў, плацячы ім каля тысячы (а часам і болей) даляраў у месяц. У кожнага хакеіста індывідуальны кантракт, і сумы кантрактаў — таямніца, але сярэдняя — такая. У іншых клюбах, адпаведна, меншая. Спонсар магілёўскага хакейнага клюбу — “Хімвалакно”, менскага — завод па вытворчасьці сантэхнікі “Керамін”. Наваполацкі жыве за кошт “Паліміру”.

Нашы футбалісты значна бяднейшыя. На ўзроўні — барысаўскі БАТЭ, дзе гульцы атрымліваюць тую ж сярэднюю тысячу даляраў, салігорскі “Шахцёр”, “Гомель”. Трымаюцца клюбы, што маюць нармальных спонсараў. Так, “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод” падтрымлівае “Славію”, завод “Трансмаш” — “Дняпро-Трансмаш”, “Дарыда” — аднайменную каманду, лідэра першага дывізіёну. А вось у віцебскім “Лякаматыве-96” на пачатку сэзону заробак склаў 86 тыс. рублёў у месяц.

Наўпрост ад дзяржавы атрымліваюць грошы толькі хакеісты-футбалісты зборных, і то ў якасьці прэміяльных за посьпехі.

Непасрэдна ж зь бюджэту краіны “цягнуць” індывідуальнікі — удзельнікі зборных па алімпійскіх відах спорту. Выплаты гэныя завуцца алімпійскімі стыпэндыямі, сума залежыць ад колькасьці здабытага спартоўцам каштоўнага мэталу і прэстыжнасьці віду спорту ў краіне і ў сьвеце.

Так, стыпэндыя гімнаста Івана Іванкова ў 2001 г. складала 1200 даляраў у месяц, а чатырохразовы чэмпіён сьвету па шашках Анатоль Гантварг атрымліваў 300 даляраў. Усе іншыя сумы вагаюцца між гэтымі дзьвюма. Астатнія грошы “на пражыцьцё” спартоўцы зарабляюць на разнастайных камэрцыйных Гран-пры (лёгкая атлетыка), этапах Кубку сьвету (лыжы, біятлён). Вельмі важна лічыцца пэрспэктыўным спартоўцам — мець надзею трапіць на бліжэйшай Алімпіядзе ў васьмёрку найлепшых. Іначай цябе дзяржава гэтай алімпійскай стыпэндыі пазбавіць. А прафэсійна займацца спортам за свае грошы немагчыма.