Баксёр Сяргей Карнееў: калі чалавек ламаецца — значыць, ён слабы

Прызёр чэмпіянату свету і адзін з найярчэйшых нашых байцоў дзеліцца меркаваннем пра беларусаў і нашае “абы было ўсё ціха”...

Прызёр чэмпіянату свету і адзін з найярчэйшых нашых байцоў дзеліцца меркаваннем пра беларусаў і нашае “абы было ўсё ціха”.

У мінулым годзе баксёр-суперцяж Сяргей Карнееў перамог двухразовага чэмпіёна свету і двухразовага прызёра алімпіядаў Клементэ Руса. А нядаўна, у верасні, узяў залаты медаль на першынстве свету сярод студэнтаў.

Нягледзячы на поспехі, некаторыя спаборніцтвы з удзелам Карнеева заканчваюцца фанацкім абурэннем. Нагадаем, што на Алімпіядзе-2012 яго непрыхавана засудзілі (што ўжо далікатнічаць, назавем чорнае чорным). На чэмпіянаце Еўропы-2013 не аддалі перамогу ў роўным двубоі з расіянінам, хоць спаборніцтвы праходзілі ў Мінску. На першынстве свету ў Казахстане яго руку зноўку не паднялі ў баі з рускім, дзе Сяргей даволі ўпэўнена адпрацаваў першым нумарам.

— Так, тады думкі пра сыход былі. Але толькі на гарачую галаву, адразу пасля сканчэння стартаў, — успамінае Сяргей Карнееў. — Дзень-два паходзіш, пажывеш, з праблемай гэтай пераначуеш і працягваеш рабіць справу. Жыццё ўсё роўна працягваецца. Ды і калі чалавек ламаецца — значыць, ён слабы. Таму ў выніку робіш высновы і працуеш над памылкамі. Мяняць прафесію мне таксама пакуль не хочацца. Лепш рабіць тое, што ты ўмееш, быць спецыялістам. Таму да Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра я ў алімпійскім боксе дакладна застаюся.

— Ведаем, што ты пайшоў у Акадэмію кіравання на юрыста. Думалі, можа, рыхтуеш глебу для сыходу са спорту…

— Мая адукацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры нават у Еўропе цэніцца. Дыплом сапраўды шмат дзе прызнаецца. Але мне здалося, што ў нас я з ім далёка не даеду. Таму атрымліваю дадатковую спецыяльнасць на факультэце дзяржаўнага кіравання і права. Проста паміж выступленнямі ў мяне бывае вольны час. Чаму б не выкарыстаць яго на навуку.

— Калі так, то што рабіць супраць суддзяў, якія, бывае, сваёй неаб’ектыўнасцю проста зневажаюць беларусаў?

— Жыццё — несправядлівая рэч. Спакойна трэба да гэтага ставіцца. Усё вырашае палітыка. А таксама фінансы, чаго ў нас найчасцей няма. Адбываецца гэта і праз наш характар: абы было ўсё ціха, абы было мірнае неба над галавой і без крыку. Калі хочаш перамагаць, то, як кажуць, няма міру без вайны. Таму трэба і зубы дзесьці паказваць…



Так сталася, што манера Сяргея Карнеева прыйшлася да душы ўкраінцам, дзе бокс з’яўляецца адным з самых папулярных відаў спорту. Беларуса запрасілі першым нумарам ў клуб “Украінскія атаманы”, які выступае ў так званай лізе WSB. Праз гэтыя спаборніцтвы Сяргей можа атрымаць для нашай краіны жаданую алімпійскую ліцэнзію.

— Твае фанстаронкі ў сацыяльных сетках — украінскія. Ці адрозніваецца іх народ ад нашага?

— Нацыя вельмі патрыятычная. Ёсць, канечне, і мінусы. Але як народ украінцы мне падабаюцца: у паводзінах, у камунікацыі. Па духу яны нам блізкія. Дзякуючы папулярнасці боксу за мяне там больш заўзеюць. У нас самымі папулярнымі відамі спорту застаюцца хакей і футбол. У нас увагу на байца звяртаюць хіба сваякі і знаёмыя. А ва Украіне цябе пазнаюць у кавярнях і на дварэ, просяць сфатаграфавацца.

— Кожны твой паядынак — пакута для саперніка. Не прыгадаю ніводнага выпадку ў апошнія гады, каб Карнееў даваў заднюю перадачу. Працуеш першым нумарам і няспынна тэрарызуеш апанентаў. Праўда, часам заўзятары папракаюць, што не так часта заканчваеш паядынкі накаўтамі. Зразумела, што ў алімпійскім боксе паядынкі больш кароткія і гэта рабіць няпроста…

— Я заўсёды быў тэмпавым баксёрам. Таму зараз трэба папрацаваць на магутнасць удару. Гэтым мы і займаемся ў зале. Узровень расце, і будзе магчымасць усё на справе праверыць.

— Якім чынам?

— Выйдзем у рынг і паглядзім, што адбудзецца з людзьмі.

— Беларускі спорт у цэлым даволі моцны, але бывае, што нашы хлопцы і дзяўчаты ў непатрэбны момант здзьмуваюцца. Здараецца, пачынаюць жвава, а ў канцы баявы дух падае, прайграюць. Нібы скончыўся бензін. Асабліва гэта заўважна па некаторых гульнявых відах спорту. Як перамагчы гэтую хібу?

— Тут, лічу, вагу мае тактыка-педагагічная трэнерская работа. У гэтым фрагменце вельмі важна пастарацца, можа быць, перагледзець падыходы. Гэта тое, што адбываецца ў нашай зале. “МЫ МОЖАМ, МЫ МОЦНЫЯ, НАПЕРАД, ТАК, ЯК МЫ, НІХТО НЕ МОЖА, і НАПЕРАД, НАПЕРАД, НАПЕРАД”, — вось якім чынам нас натхняе трэнер. І гэта спрацоўвае.

Што ж, падыход нашага байца да справы дадае веры ў лепшае. Галоўныя старты для Сяргея распачнуцца пасля Новага года. З нецярплівасцю і цікаўнасцю будзем іх чакаць.

Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча

 


“Байцоўскі ген” — праект кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мэта якога — пазнаёміць грамадства з нашымі выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым дома. А нашы героі зазвычай маюць унікальныя лёсы, вартыя ўвасаблення ў фільмах, кнігах, песнях ды прымаўках. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй, ганарыцеся імі, заўзейце за нашых!