Беларусы ў Нарвегіі. Калі ад наваколля захапляе дыханне

Калі чалавек чакае ад адпачынку адрэналіну, ён едзе не на паўднёвы пляж, а ў паўночныя горы…

На адпачынак у нас прынята калі і ехаць за мяжу, то да мора, на пляж. А калі ад адпачынку чалавек чакае адрэналіну? То яго чакаюць горы! Вось кароткі расповяд, як файна можна пабавіць час не на поўдні (дзе паміж турыстамі на пяску ступіць няма дзе), а на поўначы — у Нарвегіі.

Збірацца ў такую вандроўку значна больш цяжэй, чым на адпачынак да мора. Тут трэба ўзяць толькі самае неабходнае, бо ўвесь багаж прыйдзецца насіць на сабе (на жаль, камеры захоўвання на трэкінгавых сцяжынах пакуль ніхто не стварыў).

У спісе рыштунку звычайна пазіцый 30, і гэта без касметычкі, сукенак і фена. І яшчэ адна акалічнасць: Нарвегія — самая дарагая краіна ў Еўропе, таму ежу на паход мы таксама бярэм з Беларусі. Кіроўца таксі дапамагаў мне дастаць з багажніку заплечнік, а пасля жартаваў, што паедзе дадому перавязваць руку, бо з-за гэтага пацягнуў цагліцы.

У Нарвегію прасцей за ўсё трапіць праз Вільню, самалёты прыбываюць у аэрапорт Осла, а ўжо адтуль на аўтобусе даволі лёгка даехаць да любой сцяжыны для турыстаў. Мы абралі нацыянальны парк Ётунхейм — адзін з самых папулярных маршрутаў у краіне.

Яшчэ пры набліжэнні да нацыянальнага парку бачная прыгожая панарама снежных горных вяршыняў. Ды і маршрут месцамі праходзіць па снезе. Прыкладна праз 1,5-2 гадзіны ўздыму адкрываецца цудоўны від на вадаспад.

Пасля пахода па гарах Ётунхейма даволі складана захаваць непахістную веру ў тое, што менавіта Беларусь — блакітнавокая краіна. Снег у гарах ляжыць амаль поўны год, таму азёр самых розных памераў тут вельмі шмат. І гэткія яны чыстыя, што дзіву даешся.

І чым вышэй мы падымаліся ў горы, тым больш неверагодныя краявіды адкрывала для нас Нарвегія. У такія месцы не трапіш на цягніку і не даедзеш на аўтамабілі. Іх бачаць толькі тыя, хто сваімі нагамі крочыць па камянях трэку.

Гэтым разам за дзень мы праходзілі не шмат — недзе кіламетраў 10-13. Дарма такая адлегласць падаецца лёгкай. Праз парк ідзе сцяжына, цягам маршруту ёсць пазнакі, але падымацца ў гару — справа няпростая. Але яно таго варта.

Праз нацыянальны парк ёсць некалькі маршрутаў. Увогуле, гуляць па гарах у Нарвегіі гэтак жа папулярна, як у нас ездзіць на лецішча. Таму трэба яшчэ пашукаць сцежку, дзе б не было адчування, што ты ўдзельнічаеш у першамайскай дэманстрацыі.

Дарэчы, і пакупацца, і пазагараць у нас атрымалася. Нарвегія вядомая сваім кепскім надвор’ем. Але за час нашай вандроўкі дождж не ішоў ніводнага дня. Таму мы дарма насілі ўсемагчымыя сродкі ад дажджу, а вось крэм ад сонечных апёкаў разыходзіўся ў момант.

Яшчэ было такое адчуванне, што з надвор’ем шанцуе толькі нам, бо дзе-нідзе час ад часу мы назіралі, як ідзе дождж. Але мы яго бачылі з ягонага лепшага боку.

Трэба адзначыць, што такая вандроўка па сцяжыне — выдатны шанец разабрацца ў сваіх думках. Амаль што цягам усяго маршрута не было мабільнай сувязі, а значыцца ніякіх тэлефанаванняў, сацыяльных сетак, размоў па працы і справаздач сваякам. Добра, калі атрымлівалася хоць смс-ку даслаць, што з намі ўсё добра.

Цягам трэку нешта набыць ці заночыць не ў намёце — справа не простая. Ды і сама ідэя “заночыць” на поўначы гучыць крыху дзіўна. Класціся спаць, калі сонца толькі-толькі схавалася за небасхіл, незвычна. Але пасля таго, як падымешся на 700 метраў угару, то спіш ужо, не зважаючы на святло. Вось так выглядае 11 гадзін вечара ў гарах.

Цалкам наш трэк заняў крыху больш за тыдзень. За гэты час мы нагуляліся па ланцугах, карапкаліся па камянях, ішлі па снезе (звычайная справа для лета, праўда?)…

… надзівіліся на нарвежскія аналагі нашых крэйдавых кар’ераў… 

 
… спалілі вушы і насы ад яскравага сонца і зразумелі, што гэтая краіна скрадае сэрцы адразу і назаўсёды. На жаль, некаторыя вырашылі не ісці апошні дзень і пракаціліся на кацеры па Доўгаму возеру…

… але шмат хто вырашыў, што трэба атрымаць ад гор усё, што яны прапануюць турыстам. Пасля трэку наша каманда раз’ехалася па розных гарадах.

Так ці інакш усе пабывалі ў Осла, чароўным турыстычным горадзе з незвычайнай архітэктурай…

… вельмі цёплымі і адкрытымі людзьмі. Варта адзначыць, што мясцовыя жыхары настолькі рады дапамагчы, што хочацца ім перадаць ганаровае званне самай гасціннай нацыі.

І нацыянальнасцяў там дужа багата. Вось, напрыклад, шатландскі паб, дзе нарвежскі хлопец спяваў амерыканскія песні для беларускіх дзяўчат — такое пранікненне культур. І яшчэ, патрапіце ў Нарвегію, не крычыце за сталом “Будзьма”. Як нам патлумачылі мясцовыя, гэта слова сугучна з іх словам “соплі”. 

 

А гэта ратуша. Што цікава, пакуль ідзеш да галоўнага ўваходу, можаш па барыль’ефах даведацца пра асноўныя міфы скандынаваў, Одзіна, Тора, Вальгалу… Вось бы на нашай ратушы пра Перуна ды Ладу напісалі :) 

 
Нарвегі даволі спакойна ставяцца шмат да якіх рэчаў, якія маглі б шакіраваць непадрыхтаванага наведвальніка горада. І тут ідзе гаворка не пра вядомы парк скульптур Вігеланда,

а нават пра звычайныя выявы на вуліцах.

Каб падвесці вынік, адзначу: не будзе лішнім і адпачыць пасля такога адпачынку. Але столькі ўражанняў за паўтары тыдні наўрад ці магчыма атрымаць іншым чынам. Не гледзячы на астранамічныя нарвежскія кошты (куфаль піва — 10 еўра), такое падарожжа абышлося недзе у 500-600 еўра.

Так што не сядзіце дома, у свеце так багата цікавых мясцінаў, якія толькі і чакаюць наведвальнікаў. Прынамсі Осла дакладна чакае.