Другие материалы рубрики «Культура»
-
Сергей Жданович: если бы мне сейчас предложили снять «Авель», я бы запросил 10 млн долларов
Продюсер фильма рассказал, почему премьера картины откладывается в третий раз… -
Олег Молчан отметил двойной юбилей новыми песнями
Юбилейный концерт Олега Молчана стал ярким завершением традиционного фестиваля белорусской песни и поэзии в Молодечно…
- Андрей Макаревич и «Машина времени» вновь выступят в Минске
- Уроженка Беларуси Надежда Кучер выиграла престижный конкурс оперных певцов в Кардиффе
- В Могилеве завершается сбор средств на памятную доску актеру и режиссеру Валентину Ермоловичу
- Нил Гилевич получил премию «За свободу мысли» имени Быкова
- В Каннах открыли вернисаж белорусских художников
- Открылась выставка многометровых авангардных инсталляций
- В Минске презентовали «Смачныя гісторыі мінчукоў»
- «Джазовые вечера» В Минске: город отдыхает
- Змитер Войтюшкевич представил в Минске новый альбом песен
- Scorpions выступили в Минске в рамках мирового тура
Культура
Нашы летнія раманы
Час адпачынкаў разам са зменамі ў працоўных графіках дыктуе змены і ў звыклых занятках — едучы ў гарачую Еўропу, нават сталы наведнік філармоніі можа дазволіць сваёй аўтамагнітоле трансляваць лёгкія FM-песенкі, а літаратурны крытык — укласці ў пляжную торбу лёгкі, як пенка на марскіх хвалях, дэтэктыўны раман з казачным вяселлем пасярод бясспрэчнага хэпі-энду. Толькі вось ці ёсць яна — лёгкая беларуская літаратура, якая падыходзіць для курорту, начных пачытанак на другой паліцы плацкарту і рассяроджанай адпачынковай увагі? Здаецца, між бульварных раманаў, што прадаюць на нашых вакзалах, няма нічога беларускамоўнага. Дык няўжо яго няма наогул?
Пісьменніца і выкладчыца беларускай літаратуры ў Інстытуце журналістыкі БДУ Аксана Бязлепкіна лічыць, што праблема недахопу беларускамоўнага чытва сапраўды існуе — пісьменнікі грэбуюць лёгкай літаратурай, не марнуюць часу на забаўку. «У нас усе прэтэндуюць на значнасць, — кажа яна. — Калі ўжо пішаш па-беларуску, мусіш пісаць на сацыяльна значныя тэмы, пасля вырашаць пытанні з Фядутам у блогах. Як я магу дазволіць сабе напісаць твор для пляжу, пра мяне ж адразу напішуць — што здарылася з Бязлепкінай?».
На думку пісьменніцы, усе творы беларускай літаратуры ацэньваюцца па адной шкале — што сур’ёзныя, што забаўляльныя, беларускую літаратуру не прынята дзяліць на мэйнстрым і альтэрнатыву, нібыта ўсё беларускае ўжо элітарнае ад свайго пачатку. Бязлепкіна прызнаецца, што, магчыма, з гэтай прычыны яна стала б чытаць беларускі бульварны раман, хаця ў прынцыпе гэты жанр яе не цікавіць. «Мая мама, лежачы ў бальніцы, папрасіла прынесці ёй што-небудзь пачытаць, — распавядае літаратарка. — І я зразумела, што няма чаго! Бо трэба нейкі твор, які б не загружаў. А беларусы заўжды загружаюць».
Пару дзён таму ў сваім блогу Бязлепкіна скардзілася на адвечную звычку «замуроўваць» беларускую літаратуру ў цвёрдыя вокладкі, даваць зборнікам правальна ўзнёслыя назвы. У якасці прыкладу яна прывяла кнігу беларускіх апавяданняў пра каханне, якую акурат бы на пляж ці ў цень яблыні браць з сабою, але строгі пераплёт і назва — «У храме зямнога кахання» — у большасці выпадкаў так і не дазволіць гэтай кнізе скрануцца з кнігараннай паліцы.
Сама выкладчыца літаратуры прапаноўвае беларускім выдаўцам зрабіць адмысловы праект ды выдаць чытанкі для пляжу і раманы для падарожжаў. На газетнай паперы ды ў мяккай вокладцы.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, наадварот, лічыць, што за апошні час паліцы з кнігамі на беларускай мове папоўніліся цудоўнымі варыянтамі для бесклапотнага чытання ля возера ці мора. «Летам чытаюцца лёгкія рэчы, — кажа пісьменнік. — Думаючы пра гэта, я з сабой у адпачынак для сябе і дачкі бяру «Сучаснае шведскае апавяданне», раманы Наталкі Бабінай — «Рыбін горад» і «Крыві не павінна быць відна». Наогул на пляжы самы толк чытаць творы жанчын — там гэтак шмат кахання, там усё пра нас, мужчын. Адразу нявольна пачынаеш шукаць рысы галоўнай гераіні ў сваёй загарэлай суседцы».
На днях Пашкевіч з сям’ёй кіруецца на возера Сялява, дзе маладыя будуць праводзіць археалагічныя раскопкі, а старэйшыя — адпачываць, збіраць грыбы, маляваць і, безумоўна, чытаць.
Аксану Бязлепкіну ў ейных разважаннях падтрымлівае і літаратурны крытык «Літаратуры і мастацтва» Жанна Капуста. «У нас калі твор добры, то ён не лёгкі, — кажа яна. — Так ужо атрымалася, што мы надта замарочаныя». Што да жаночых раманаў, то Капуста не лічыць, што ўсе яны, як адзін, падыходзяць для пляжу і вясёлага настрою: «У творах Рублеўскай, напрыклад, столькі крыві, што іх ніяк не назавеш лёгкімі».
Пісьменніца і перакладчыца Марыйка Мартысевіч, якая толькі вярнулася з адпачынку, кажа, што найлепш на пляжы ў Чарнагорыі чыталася эсэістыка Уладзіміра Арлова. «Гэтыя эсэ пісаліся пасля розных падарожжаў, таму ў падарожжы яны надзвычай дарэчы, — кажа яна. — А наогул эсэ «Крыжы Мантэнэгра» мне параіў прачытаць сам Арлоў, калі сустрэў мяне перад цягніком і даведаўся, куды я еду». Лёгкай бульварнай літаратуры па-беларуску Марыйка таксама не ўзгадала (узгадала Майкла Галдзянкова, але ён пакуль па-беларуску пісаць не спрабаваў), затое параіла ўсім адпачынкоўцам браць з сабой кніжку апавяданняў Паўла Касцюкевіча «Душпастарскія спатканні для дачнікаў».
Літаратурны крытык Ганна Кісліцына кажа, што нашыя пісьменнікі, магчыма, мала адпачываюць, бо напісаць лёгкае чытво нават не прыходзіць ім у галаву. «Нічога вясёленькага ў нас няма, суцэльнае варушэнне мозгу, — кажа яна. — Лёгкасць, якая, здавалася б, ёсць у назвах — «Play.By» Адама Глобуса ці «Ці цмокі лятуць на нераст» Марыйкі Мартысевіч — насамрэч не пацвярджаецца зместам. А змест усё роўна верне адпачынкоўца на Радзіму, да яго будзённых праблем».
Магчыма, пісьменнікам сапраўды пара сабрацца і разам паехаць на колькі месяцаў у цёплыя бесклапотныя краі. Там, забыўшыся пра цяжкую місію выратавання паўмёртвай мовы і адраджэння нацыянальнай культуры, яны напішуць нам з тузін новых апавяданняў і раманаў, якія потым з радасцю выдадуць мясцовыя выдавецтвы, прыстасаваўшы фармат пад змяшчальнасць курортнай сумкі. А пакуль што такія сумкі кіруюцца ў Крым і Турцыю, начыненыя данцовымі і марынінымі, ды іншым чытвом, якое, дарэчы, таксама заслугоўвае і ўвагі, і павагі.
В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева