Дата публикации:
06.10.2009
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/culture/2009/10/06/ic_news_117_318872/

Пабачыла сьвет складанка сьвежых трэкаў ад беларускамоўных альтэрнатыўных гуртоў


Пабычыла сьвет складанка самых сьвежых трэкаў ад беларускамоўных альтэрнатыўных гуртоў. Сярод удзельнікаў кампіляцыі — мэйнстрым беларускага цяжкага року: гурты Partyzone, Ściana, SOK, «Голая манашка», «Глюкі», ZM99 (экс-«Зьмяя»), UNIA, Tarpach ды іншыя.

Сьпіс трэкаў складанкі «Наша альтэрнатыва», падрыхтаванай «Фан-клюбам беларускай музыкі», зьмяшчае дваццатку самых актуальных песень новага музычнага сэзону. Гэта ўжо другі дыск выдадзены «Фан-клюбам». Першы — «Фэстывальны рух Беларусі» быў прысьвечаны гісторыі музычных фэстаў.

На новым дыску прадстаўленыя кампазыцыі гуртоў з усёй Беларусі, а таксама Беласточчыны. «Наша альтэрнатыва» прэзэнтуе аматарам беларускай рок-музыкі некалькі новых імёнаў: два віцебскія гурты — JENOWA і LaBo, мэталкор-каманду intra muros зь Берасьця, ню-мэтал ад маладзечанцаў Ann Core, а таксама менскі рок-бэнд Lavatrina, які складаецца з былых музыкаў сталічных гуртоў «Мутнаевока» і «Крок».

Шэраг гуртоў бяруць удзел у складанцы з трэкамі альбо зь нядаўна выдазеных альбомаў (Глюкі «Ідыятызм», Nevma «Стыхія сьлёз», Zatoczka, міні-альбом Ściana «EP» ), альбо з кружэлак, рэліз якіх адбудзецца ў хуткім часе (Голая манашка «АлілуйА», максі-сынгл JENOWA «Жывыя», сынгл і рэміксы Glofira «Этот фильм»).

Беларускамоўны рок зь Беласточчыны прадставяць вядомыя па выступах на штогадовым фэстывалі «Басовішча» гурты 5set5 і RIMA. Апошнія — са сьвежавыдадзенага альбому «Kalevala».

«Фан-клюб» падрыхтаваў грунтоўны інфармацыйны буклет-укладыш, які ўтрымлівае звесткі пра гісторыю, склад, стыль, дыскаграфію і апошнія навіны прадстаўленых на кампіляцыі гуртоў.

Складанка «Наша альтэрнатыва» будзе распаўсюджвацца бясплатна на кампакт-дысках, а таксама ўсе трэкі ў mp3-фармаце будуць выкладзеныя для вольнага запампоўваньня на сайце www.belmusic.org.

Для таго, каб атрымаць дыск бясплатна, трэба даслаць ліст на e-mail: fanclubbudzma{a}gmail.com — пазначыўшы свае кантакты.

Афіцыйная прэзэнтацыя складанкі мае адбыцца ў сярэдзіне кастрычніка на хвалях інтэрнэт-радыёстанцыі «АПЛЮС РОК».