Другие материалы рубрики «Культура»
-
КУЛЬТПОИСК. Павел Осипов: «На международном уровне белорусское фото — минус один!»
На протяжении пяти лет участвовал во многих выставках и проектах, побеждал в конкурсах, принимал участие в создании фильмов и телепередач и… ушел в себя... -
В Шаблях уже сушат коровьи лепешки к фестивалю «Вольнае паветра»
Организаторы не теряют надежды на резкое возвращение лета, и верят, что на фестиваль приедет полторы тысячи человек…
- В Гомельской области пройдет фестивале этнокультурных традиций «Зов Полесья»
- Брестская художественная галерея «БелАрт» отметила 20-летие
- Традиции белорусского шаповальства могут включить в список ЮНЕСКО в ноябре
- Для участия в отборе Национальной театральной премии поступило около 40 заявок
- В Минске пройдет первый рок-фестиваль для подростков-инвалидов «кРОК насустрач!»
- В Минске проходит выставка к 80-летию газеты «Літаратура і мастацтва»
- Чешский «Кротик» Зденека Милера приехал в Минск
- В Минске проходит выставка городских пейзажей
- В Минске проходит выставка народного умельца Николая Тарасюка
- Геннадий Хацкевич: учусь всему, что дает мне мир
Культура
ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Міхась Скобла. Кніга з космасу і метэарыт
Працоўны кабінет паэта, радыёвядучага, укладальніка анталогій і кніг сучасных беларускіх пісьменікаў, а таксама збораў твораў вядомых і забытых класікаў беларускае літаратуры Міхася Скоблы — рай для кнігалюбаў. Кнігі, часопісы, альманахі тут паўсюль: на шматлікіх паліцах ад падлогі да столі, на пісьмовым стале, у шуфлядах… «Раз у два гады я праводжу рэвізію сярод кніг. Тыя выданні, якія за гэты час ні разу не ўзяў у рукі, аддаю сябрам, знаёмым. Кожная новая кніга, што трапляе на паліцу, павінна выцесніць нейкую іншую кнігу. Гэткі сабе натуральны адбор у кніжным свеце…» — з усмешкай дзеліцца гаспадар. Экскурсія па кніжна-касмічным свеце Міхася Скоблы, які падчас расповеду пра свае багацці прачытаў на памяць шмат вершаў, пачалася з паліц, на якіх — кнігі з аўтографамі.
Дзьве тысячы аўтографаў
З усіх маіх калекцыянерскіх захапленняў засталося адно — бібліяфільскае. Ужо гадоў дваццаць збіраю кнігі з аўтографамі. Іх тут больш за дзве тысячы. Прыблізна палова з іх надпісаная мне, а другая палова — самым розным людзям. Шмат кніг з унікальнымі аўтографамі я набыў у букіністычных крамах. Вось, напрыклад, выбранае Пімена Панчанкі 1956 года. Чытаем надпіс: «Кузьме Венядзіктавічу Кісялёву, выдатнаму дзяржаўнаму дзеячу Беларусі, камуністу, дыпламату і чалавеку — з глыбокай павагай у дзень яго нараджэння. Нью-Ёрк, 1 лістапада 1958 г.». Атрымліваецца, што гэтая кніга пабывала ў Нью-Ёрку, дзе аўтар падараваў яе тагачаснаму міністру замежных спраў БССР, а потым вярнулася на радзіму, дзе сваякі міністра здалі яе ў букініст.
А вось адзін з апошніх набыткаў-падарункаў — кніга Леаніда Дранько-Майсюка «Кніга для спадарыні ЭЛ». Леанід — непераўзыдзены майстар вершаваных аўтографаў, з якіх калі-небудзь складзецца незвычайны зборнік. Бачыце, надпіс зроблены па ўсіх правілах, пад фотаздымкам: «Дух Скоблы Міхася лірычны і практычны — сабраць усіх і ўся у мех анталагічны! 11 чэрвеня 2012 г.».
Вось кнігі з аўтографамі Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Генадзя Кісялёва, Івана Мележа, Уладзіміра Дубоўкі, Андрэя Вазнясенскага, Ларысы Геніюш… Аўтографы Ларысы Антонаўны для мяне асабліва каштоўныя, паколькі я ўжо гадоў пятнаццаць займаюся даследаваннем яе літаратурнай спадчыны. Што там напісана на кнізе «На чабары настоена»? «Дарагой маёй Зосі Марцінчык, што заўсёды пры мне з дапамогаю. Зэльва, 1982». Пазнаёміўся я са спадарыняй Зосяй. Аказваецца, дзявочае прозвішча яе — Каліноўская, да таго ж яна — пляменніца колішняга старшыні Рады БНР Васіля Захаркі. І — была найбліжэйшай сяброўкай Ларысы Геніюш.
Кнігі з аўтографамі заўсёды могуць расказаць нейкую сваю гісторыю, дадаць нейкі штрышок да партрэта аўтара. Калі-небудзь я напішу кнігу пра кнігі. Напрыклад, у маёй калекцыі ёсць унікальны аўтограф Алеся Салаўя Наталлі Арсенневай на кнізе «Мае песні», зроблены ў Берліне ў 1944 годзе… Салавей там кароткі час працаваў бібліятэкарам у Беларускай Цэнтральнай Радзе, а потым ажно ў Аўстраліі апынуўся. А Арсеннева — у ЗША. Выдатныя паэты, цікавыя лёсы. І сведчанне іх сяброўства — аўтограф.
Касмічная кніга
А вось кніга, якая ў космасе пабывала! «Нача» Васіля Зуёнка. Вы не чулі пра гэта? Калі ў космасе знаходзіўся Уладзімір Кавалёнак, адзін з ягоных касмічных рэпартажаў пачынаўся словамі: я атрымаў томік вершаў на роднай беларускай мове з такой знаёмай назвай. А Зуёнак і Кавалёнак — блізкія землякі, абодва з-пад Крупак. Беларускія вершы гучалі з касмічнай арбіты — уяўляеце? Так што «Нача» — абсалютны рарытэт, ці не адзіны ў свеце. Нешта я не чуў, каб амерыканскія астранаўты на Месяцы Уітмена чыталі, у іх да паэзіі іншае стаўленне.
Зачытаны Стральцоў
Найчасцей перачытваю аднатомнік Міхася Стральцова. Бачыце, пераплёт трохі разбэрсаўся, прыйшлося яго падклеіць. Стральцоўскія проза і паэзія для ўсіх настрояў падыходзяць. «О роднае маё! Як доўга да цябе ішоў я — кволы падарожнік! О, весялосць у восеньскай журбе! Агонь. Саган. Вуголле і трыножнік». Чатыры радкі ўсяго…
Калісьці ў даінтэрнетаўскую эпоху Міхась Стральцоў вельмі трапна сказаў: «Лісты — гэта ўклады на ашчадкніжку сяброўства». Напісаў ты ліст, адаслаў — быццам зрабіў уклад на тую ашчадкніжку. І ён ляжыць, абрастае працэнтамі. Дружба вашая з кімсьці ад гэтага прыбывае. А сёння ў віртуальным сеціве прашмыгнула віртуальнае пісьмо, і адносіны паміж людзьмі сталі таксама віртуальнымі, несапраўднымі.
Энцыклапедыя і лісты Зоські Верас
Ведаеце, чым я цяпер займаюся? Рыхтую да выдання вялікі том вершаў, прозы, успамінаў і лістоў Зоські Верас. Яна пражыла амаль сто гадоў! А жыццё яе — тысяча і адзін сюжэт для прыгодніцкага фільма. Яна на свае вочы бачыла, як бальшавікі ў снежні 1917-га разганялі ў Мінску І Усебеларускі кангрэс. Яна за свае сціплыя заробкі ў 1928 годзе выдала паэтычны зборнік вязня польскай турмы на Лукішках Міхася Машары і толькі за гэта заслугоўвае не меншай пашаны, чым Магдалена Радзівіл — фундатарка неўміручага «Вянка».
Зоська Верас сама рэдагавала і выпускала ў свет часопісы для дзяцей «Заранка» і «Пралескі», а для дарослых — месячнік «Беларуская борць», якім карысталіся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі. Яна выдала ў 1924 годзе «Беларуска-польска-расійска-лацінскі батанічны слоўнік», у які і сёння не зашкодзіць зазірнуць самым дасведчаным лексікографам, каб даведацца, як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расліна. Гэта Зоська Верас, разумеючы, што ў Беларускай савецкай энцыклапедыі цэнзура не прапусціць шматлікія персаналіі, складала сваю — рукапісную — энцыклапедыю, дзе меліся падрабязныя біяграфіі Міхася Забэйды-Суміцкага, Аркадзя Смоліча і яшчэ некалькіх дзесяткаў забароненых пры савецкай уладзе дзеячоў… А чым ёй за ўсё гэта адказалі ўдзячныя суайчыннікі? За ўвесь час выдалі маленькі дзіцячы зборнік «Каласкі». Так ставіцца да нашых папярэднікаў, людзей таленавітых і ахвярных, я лічу, несправядліва. Таму і засеў за гэтую працу.
Уявіце сабе — Зоська Верас напісала больш за шэсць тысяч лістоў! Яе эпісталярная спадчына — гэта жывая энцыклапедыя беларускай гісторыі. Яна была сакратаром на Першым Усебеларускім і Вайсковым з’ездах, вяла пратаколы гэтых з’ездаў і іх захавала. Яна сябравала з Максімам Багдановічам, Уладзіславам Галубком, братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі, Аркадзем Смолічам… Яна ліставалася з Ларысай Геніюш, Уладзімірам Караткевічам, Міхасём Забэйдам-Суміцкім… Яна гаварыла: «Я помню ўсё!». І сапраўды помніла. Па яе ўспамінах можна энцыклапедыі звяраць. У 1988 годзе мне пашчасціла з ёю сустрэцца ў яе лясной хатцы ў лесе пад Вільняй. Тады яна ўжо амаль нічога не чула і не бачыла, і ўсё роўна на разлінееных аркушах працягвала пісаць лісты і ўспаміны!
Дасланыя кнігі
Сёння айчынны кнігагандаль працуе пераважана на расійскага кнігавыдаўца. Далёка не ўсе беларускія кнігі трапляюць у кнігарні. Таму сябры, асабліва тыя, якія жывуць у рэгіёнах, свае кнігі дасылаюць поштай. Вось нядаўна атрымаў ад Ларысы Раманавай з Веткі яе «Святую ваду», а ад Алеся Каско з Берасця «Прыадхінуты небасхіл». Класныя паэты, са сваімі галасамі, са сваёй жыццёвай філасофіяй. Днямі атрымаў кнігу і са свайго роднага Дзярэчына — «Сказы» Генадзя Каўша. Цэлая кніга афарызмаў! Гэта такі беларускі Станіслаў Ежы Лец. Трэба будзе адпісаць ім усім, зрабіць «уклад на ашчадкніжку сяброўства».
Медаль Ларысы Геніюш
Паэтку Ларысу Геніюш у сваёй хаце я ўжо кананізаваў. Бачыце — яе партрэт знаходзіцца на покуці. Гэта фотаздымак Сяргея Панізніка: Ларыса Антонаўна на фоне сцяны пазней разбуранага зэльвенскага касцёла, 1968 год. Гэтае фота змешчанае на вокладцы геніюшаўскай кнігі «Каб вы ведалі». А нядаўна ў Зэльве мы прэзентавалі яе новую кнігу — «Лісты з Зэльвы», выдадзеную ў серыі «Гарадзенская бібліятэка». Там 420 лістоў, а ўвогуле на сённяшні дзень апублікавана ўжо больш за 1200 пісьмаў паэткі. Гэта своеасаблівы Геніюшаўскі летапіс…
Памятны медаль да стагоддзя Ларысы Геніюш зрабіў скульптар Генік Лойка. Дарэчы, да таго юбілею шмат што ўдалося зрабіць — выйшаў двухтомнік паэткі, прысвечаны ёй альманах «Асоба і час» (мой паклон выдавецтву «Лімарыюс»), прайшоў бардаўскі фестываль «Запяі мне песню» пад Ваўкавыскам, быў зняты на «Белсаце» двухсерыйны дакументальны фільм «Нескароная», прайшлі вечарыны ў Менску, Гародні, Зэльве, былі зробленыя мемарыяльныя дошкі, якія, на жаль, былі сарваныя мясцовымі ўладамі з дамоў у Ваўкавыску і Зэльве…
Арыштаваная дошка
Дарэчы, Ася, глядзіце. Адна з іх, прызначаная для Зэльвы, захоўваецца ў мяне на балконе. Аўтар дошкі — наш вядомы скульптар Алесь Шатэрнік. Унізе радкі Ларысы Геніюш: «Мы заўжды душой з сваімі хатамі, бо арлы не пакідаюць гнёзд». Дошка правісела на хаце Геніюш толькі чатыры дні. А потым прыйшлі міліцыянты і сарвалі яе. І гэта прытым, што дом прыватызаваны, і людзі выказалі згоду на тое, каб там была гэтая дошка. Ніякага дзяржаўнага дазволу атрымліваць не трэба было. Але вось чамусьці для нашай дзяржавы не было дастаткова згоды гаспадароў дома… Цэлы год шыльда знаходзілася пад арыштам у зэльвенскім пастарунку. Пасля мне яе вярнулі. Я думаю, прыйдзе час, і дошка абавязкова вернецца на сваё месца.
Беларускамоўны палкоўнік
Пагоня гэтая вісела ў кабінеце начальніка міліцыі Ваўкавыскага раёна, майго будучага цесця. Цяпер ён палкоўнік у адстаўцы. Калі выйшаў загад памяняць дзяржаўныя сімвалы, ён зняў герб, акуратна загарнуў у рушнік і прынёс дадому. Ён разумеў, гэта — каштоўнасць. Калі мы пасваячыліся, і ён зразумеў, чым я жыву, Пагоня пераехала ў Мінск. Прызнаюся, я не спадзяваўся пачуць ад міліцэйскага палкоўніка беларускую мову. Але — пачуў, і сёння мы гаворым з ім па-беларуску. Дзякуючы цесцю, у маім уяўленні проста кардынальным чынам памяняўся той стэрэатып успрыняцця міліцыі, які ёсць у нас. Калі іду з цесцем па Ваўкавыску, з ім усе прыязна вітаюцца. Я ні разу не бачыў, каб нехта пакрывіўся на яго, каб хто благое слова ўслед сказаў.
Метэарыт і мартэнаўская печ
Працягам майго пісьмовага стала з’яўляецца падваконне. Рэчы на ім часам змагаюцца за месца пад сонцам з вазонамі, якія разводзіць жонка. Ведаеце што гэта за камень? Гэта — самы сапраўдны метэарыт! Бачыце, аплавіўся, пакуль падаў з неба. Я яго астраномам паказваў. Яны хацелі яго зарэгістраваць, апісаць і ўнесці ў адпаведныя каталогі. Але для гэтага метэарыт трэба распілаваць, узяць пробу. Я не дазволіў. Знайшоў яго, калі капаў бульбу на Зэльвеншчыне! Ведаеце, як у народзе называлі метэарыт? Камень-перунок! Іх бог Пярун з неба скідаў, таму і назва такая. У мяне дзіцячая кніга так і называецца — «Камень-перунок».
А гэта — правобраз старажытнай мартэнаўскай печы. Каменны вараток, у якім нашыя далёкія продкі выплаўлялі жалеза. Паказваў археолагам — яны вызначылі, што гэта прыблізна трэцяе тысячагоддзе да нашай эры!
Сава з ракушак
Я наогул чалавек вады. Я вырас на беразе вялікага возера, якое сёння ператварылася ў балота. Мележаўскае «людзі на балоце» — абсалютна трапнае вызначэнне! Балота — гэта складаны патаемны свет, дзе жыццё працягваецца нават зімою, паколькі балоты не замярзаюць нават у лютыя халады. Ведаеце, ёсць такая прыродная з’ява — балотны агонь. Калі гарыць торф пад зямлёй, яго немагчыма патушыць. Ён можа гарэць месяцамі, гадамі, дзесяцігоддзямі, і толькі потым вырываецца на паверхню. Балотны агонь — гэта як метафара беларускай культуры сённяшняга часу. Яе тушаць, заліваюць вадой, а яна, як той падземны агонь, не здаецца. Яна проста чакае свайго часу… А гэтую саву са слімакоў я прывёз з Палангі, дзе браў удзел у міжнародным паэтычным фестывалі. Сава — сімвал мудрасці, птушка-вяшчуння. Адна з маіх кніг называецца «Вочы савы». Зірніце, у маёй савы вочы заплюшчваюцца, як у лялькі. Я гэтую саву люблю.
Званочкі
Званочак з Пагоняй мне Таня Сапач падарыла ў Вільні. Гэта была паэтка з абсалютным паэтычным слыхам, што бывае надзвычай рэдка. Нават не ведаю, каго можна параўнаць з ёй… У яе не тое што лішняга радка, не тое лішняга слова ў радку, у яе паэзіі лішняга гука няма!
А гэты званочак падаравалі мне вучні адной з зэльвенскіх школ. На ім дата нашай сустрэчы — 27. 07. 2003. Дваццаць сёмага ліпеня — дзень нараджэння Ларысы Геніюш паводле старога стылю. З таго часу — вось ужо дзевяць гадоў — дні нараджэння славутай паэткі мы адзначаем пад адкрытым небам, паколькі ўсе памяшканні ў Зэльве ў гэтыя дні аказваюцца «занятымі».
Эпілог: «Маю памяць ушанавалі хвілінай маўчання!»
На гэтым здымку мяне ніхто не пазнае — барадатага. Ды і Максім Танк тут не вельмі пазнавальны, зусім не хрэстаматыйны. А на другім здымку я з мамай. Яна праводзіць мяне ў войска ў 1985 годзе. Пасля першага курса філфака БДУ мяне забралі служыць у савецкія паветрана-дэсантныя войскі. Быў я «акупантам» спачатку ў Літве (дзе нас так і называлі: «дэсантас-акупантас»), а потым у Заходняй Украіне, дзе я… загінуў. Так-так, загінуў, і на радзіме маю памяць ушанавалі хвілінай маўчання. А гісторыя была такая. Нас закінулі ў заснежаныя Карпаты на цэлы месяц, дзе пакінулі без усякай сувязі са светам. На выжывальнасць правяралі ці што. І вось у гэты час мой зямляк паэт Валодзя Мазго прысвяціў мне верш і надрукаваў яго ў зэльвенскай раённай газеце «Праўда». Памятаю радкі з яго: «Жыццё з крутым маршрутам у воінаў-гвардзейцаў. То — стропы парашута, ці можа лёсу лейцы…»А пад тым вершам быў апублікаваны верш, прысвечаны воіну-афганцу, які загінуў у гарах Гіндукуша. Верш быў без назвы, «зорачкі» пры вёрстцы зляцелі, і атрымалася, што ўсё гэта — пра мяне. Вясковая паштаноша прынесла газету маці і патлумачыла, што я загінуў… Маці пасылала тэлеграмы, спрабавала дазваніцца ў маю вайсковую частку, абівала парогі ў ваенкамаце. А там — таксама нічога не ведаюць, дзе гэты ваяка знаходзіцца… Нехта тую газету прынёс на філфак, усе ўзрушыліся. Адна з выкладчыцаў зайшла на курс і прапанавала мяне памянуць. І сто дзесяць чалавек усталі і ўшанавалі маю памяць хвілінай маўчання! Праўда, потым мая сяброўка Маша Трухановіч, якая не паверыла ў маю смерць, пайшла ў выдавецтва «Юнацтва», знайшла Уладзіміра Мазго, які ёй патлумачыў, што адбылася памылка. І ўсё пачало адкручвацца назад. Але пакуль правяралі інфармацыю, пакуль паведамілі маці… Уяўляеце, што яна перажыла?! Вось такая гісторыя. Давядзецца цяпер жыць доўга — паводле народнага павер’я.
В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева