Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Сальвадор Дали и Пабло Пикассо — впервые в Минске в подлинниках
    Выставка скульптуры, керамики и графики величайших испанских художников современности открылась в Национальном историческом музее...
  2. Этно-трио «Троіца» надеется выпустить седьмой студийный альбом уже в этом году
    Как рассказал на концерте в Минске лидер группы Иван Кирчук, для этого придется «еще подсобрать денег»…


Культура

Беларускай культуры патрэбны новыя мэнэджэры

 

Напачатку ліпеня група беларусаў узяла ўдзел у навучальнай паездцы ва Украіну, тэмай якой стала культурная палітыка. У Кіеве і Вінніцы адбыўся шэраг сустрэч з украінскімі культурнымі мэнэджэрамі, галерэйшчыкамі, прадстаўнікамі музейнай і бібліятэчнай справы. Беларускую дэлегацыю склалі рэгіянальныя прадстаўнікі грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якая выступіла арганізатарам паездкі, а таксама музейшчыкі, выкладчыкі, гісторыкі, журналісты.


Культурная палітыка дзяржаву не цікавіць?

PR-мэнэджэр кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алесь Плотка падчас шматлікіх сустрэч з украінскімі калегамі неаднаразова падкрэсліваў, што арганізатары імкнуліся сабраць змяшаную групу з прадстаўнікоў беларускіх незалежных культурніцкіх арганізацый і чынавенства ад культуры. Менавіта такім чынам, на думку арганізатараў, можна памяняць стаўленне афіцыйнага беларускага боку да развіцця культуры і фарміравання культурнай палітыкі.

Аднак да адкрытага дыялогу і пераймання вопыту украінскіх калег аказаўся гатовы толькі Віцебск, ад якога ў склад дэлегацыі ўвайшоў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын.

Адзін з арганізатараў паездкі з украінскага боку Аляксандр Буцэнка, дырэктар цэнтра “Да дэмакратыі праз культуру”, на першай жа сустрэчы адзначыў, што “культурнай палітыкі ва Украіне пакуль што не існуе. Мы яе фарміруем”. Аднымі з самых актыўных стваральнікаў культурнай палітыкі павінны выступаць культурныя мэнэджэры. Яны, паводле Аляксандра Буцэнкі, “будаўнікі мастоў, а не проста ўдзельнікі культурніцкіх праектаў ці падзей”.

Паколькі ва Украіне, як і ў Беларусі, адсутнічае культурны мэнэджмэнт як спецыяльнасць, то Аляксандр з паплечнікамі заснаваў Школу культурнага мэнэджэра, якая ладзіцца яшчэ і ў Польшчы.

 

“Немагчыма развіваць адкрытую культурную прастору, калі над ёй вісіць ідэалогія”

Відаць, самая плённая сустрэча для беларускай дэлегацыі адбылася ў Вінніцы — з дырэктарам дэпартамента культуры мясцовага гарадскога савета Ірынай Фрэнкель. Яна распавяла пра празрысты офіс (гэта насамрэч празрысты будынак Савета на цэнтральнай гарадской плошчы, куды прыходзяць людзі, каб хутка вырашыць свае праблемы), структуры і работнікі якога прытрымліваюцца празрыстай і адкрытай камунікацыі з насельнiцтвам.

Ірына распавядала цікава і шмат. Па выніку нашай размовы ў мяне атрымаліся нешта накшталт правіл жыцця ад дырэктара дэпартамента культуры:

“У нас ёсць спецыяльная праграма, згодна з якой мы выносім прамысловыя прадпрыемствы за межы горада”.

“Зараз мы працуем над праектам стварэння маладзевага бізнэс-інкубатара. Ён патрэбны для таго, каб маладыя людзі на практыцы паспрабавалі свае сілы і папрацавалі ў тым ці іншым бізнэсе”.

“Вінніца — горад для ўсіх, таму мы актыўна абсталёўваем усе памяшканні горада для інвалідаў. Калі ў будынку не будзе спецыяльных пандусаў ці прыбіральні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, яго проста не прымуць ў эксплуатацыю”.

“У нашы школы эстэтычнага выхавання для дзетак конкурс 8,5 чалавек на месца”.

Стратэгія развіцця Вінніцы — горад усмешак, smile city. Мы будзем актыўна выкарыстоўваць смайлы ў брэндзіраванні Вінніцы”.

Менавіта культура стварае імідж горада, інвестыцыйную прываблівасць. Колькасць фестываляў у горадзе сведчыць пра стан эканомікі”.

Культурны густ гараджаніна фарміруе культурны мэнэджэр”.

Як вы можаце развіваць адкрытую культурную прастору, калі над ёй вісіць ідэалогія?.. Нават у СССР такога не было!”.

“На нашай постсавецкай прасторы ўсё яшчэ пануе спажывецкае стаўленне людзей да работнікаў культуры. Мне павінныя. Нічога ніхто вам не павінны! У сферы культуры круцяцца вялікія грошы — гэта магчымасць для развіцця”.

Мы імкнемся змяніць свядомасць работнікаў культуры, каб не дапусціць калапса ў нашай галіне, калі памяняецца прэзідэнт і прыйдзе дзяржразлік”.

Дырэктары сёння — гэта не работнікі культуры, гэта — мэнэджэры”.

“Мы выхоўваем крэатыўны клас насельніцтва і бачым, як паступова мяняецца дух горада”.

Узаемадзейнічаем мы з трэцім сектарам вельмі проста. Мы прыдумваем праект, пасля падцягваем грамадскія арганізацыі, ацэньваем іх патэнцыял і магчымасці, а пасля яны ўжо самастойна гэтыя ідэі і праекты рэалізуюць”.

Для нашага горада выступ рок-калектыва на прыступках гарвыканкама — гэта нармальна! Мэр не выйдзе з будынка, пакуль не скончыцца музычная кампазіцыя”.

Мы руйнуем стэрэатыпнае стаўленна да ўладаў. У нашым празрыстым офісе пастаянна мяняюцца карцінныя экспазіцыі. Людзі прыходзяць і пакуль чакаюць чаргі, разглядаюць карціны, усміхаюцца…”.

“Будзьце бліжэй і да вас пацягнуцца людзі. Каб быць народным, трэба ісці ў народ”.

Усё, што мы робім, мы робім з любові да нашага горада. Мы сапраўды любім Вінніцу і не саромеемся гэтага”.

“Нягледзячы на тое, што я дырэктар дэпартамента, я лёгка магу апрануць шорты і шлёпкі і пайсці гуляць па горадзе. Не абавязкова хадзіць толькі ў строях і на абцасах, калі ты займаеш нейкую пасаду! Нікога не здзівіць твой знешні выгляд, абы табе было камфортна”.

“Усе культурныя мерапрыемствы ў нас праходзяць без алкаголя і без палітыкі”.


Пасля Вінніцы мы вярнуліся ў Кіеў, дзе наведалі Цэнтр украінскай культуры і мастацтва. Супрацоўніца цэнтра Вольга Музычэнка распавяла, што цэнтр заснаваны на прыватныя грошы, што, дарэчы, вельмі папулярна ва Украіне: сярод самых яркіх прыкладаў укладання грошаў алігархамі ў культуру можна назваць PinchukArtCentre у Кіеве, заснаваны на грошы фонда Віктара Пінчука, і фантан “Рашэн” у Вінніцы, пабудаваны на сродкі Пятра Парашэнкі.

“Мы сапраўды закаханыя ў сваю справу, мы вельмі любім тое, што робім”, — пасля прэзентацыі шматлікіх праектаў Цэнтра падзялілася з намі Вольга. Пасля сябрам з Беларусі дазволілі сфатаграфавацца ў сапраўдных украінскіх строях.

 

“У Вінніцы мы пабачылі, што ідзем правільным курсам”

Па вяртанні ў Беларусь я спыталася ў PR-мэнэджэра кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алеся Плоткі, якую практычную карысць для беларусаў маюць сустрэчы з украінскімі калегамі.

“Паездка беларускай дэлегацыі ў Вінніцкую вобласць — чарговы ўпэўнены крок да імплементацыі тэзы “Культура паляпшае жыццё!”, — лічыць Плотка. — Беларускія прадстаўнікі дзяржаўных установаў і грамадскія актывісты змаглі параўнаць рэаліі культурнага жыцця дзвюх братэрскіх дзяржаў.

Трэба пазначыць, што Вінніца — горад для Украіны унікальны: даўно сталі нормай грамадскія абмеркаванні культурнай палітыкі гораду і далейшыя супольныя дзеянні выканаўчай улады і грамады, праца пры спрыянні “Усходняга партнёрства”. Вялікая роля ў зменах за апошнія пяць год — на загадчыцы аддзела культуры, спадарыні Фрэнкель. Чалавек савецкай закалкі, які зразумеў патрэбы грамадства і тое, як шмат даюць НДА уладам, а улады — НДА. Я ўпэўнены, што менавіта такі тып людзей будзе бліжэйшы дзесятак гадоў вызначаць развіццё культуры ў Беларусі.

Падобнае ўзаемаразуменне і супрацу мы бачым у Магілёўскай вобласці пасля праведзенага там “Кірмашу праектаў”. Адна размаляваная сцяна ў стылі графіці пераўтварылася ў трохэтапны праект з прыцягненнем шэрагу партнёраў, маюць працяг і іншыя ідэі, напрыклад, помнік закаханым. У Вінніцы мы пабачылі, што ідзем правільным курсам і менавіта дзеянні на карысць культуры маюць патэнцыял аб'ядноўваць беларусаў і робяць наша жыццё лепей. Абмеркавалі разам і зрабілі разам. Ці гэта не ёсць грамадская супольнасць, пра якую так доўга цвердзілі бальшавікі?”.


Сваімі ўражаннямі ад паездцы з карэспандэнтам Naviny.by падзяліўся і Віктар Глушын — той самы адзіны ў дэлегацыі прадстаўнік дзяржавы: “Самая галоўная выснова для мяне — усё пазнаецца ў параўнанні. Калі сядзець увесь час на адным месцы, нікуды не ездзіць і не знаёміцца з вопытам іншых гарадоў, можна так і замкнуцца ў сабе, застацца на тым узроўні, на якім ты сёння. Мы пабылі ва Украіне і стала зразумела, што таксама там не ўсё добра, аднак мясцовыя ўлады (я гавару пра Вінніцу) ідуць на дыялог з незалежнымі культурнымі арганізацыямі.

Я зразумеў, што мы дзейнічаем па-іншаму. У Віцебску мы працуем з установамі культуры. Я не кажу, што мы не робім праекты, мы іх робім, аднак вялікая ўвага надаецца менавіта ўстановам, іх развіццю. У Вінніцы ж вельмі вялікая ўвага надаецца праектам. І грошы, якія прыцягваюцца, вылучаюцца, ідуць менавіта на праекты. Пры гэтым матэрыяльная база ў іх дастаткова слабенькая. Гэта пабачылі, я думаю, усе. І ў музеях, і ў бібліятэках, фонды і экспазіцыі якіх не абнаўляліся па трыццаць-сорак гадоў…

Я думаю, што перанесці вінніцкі вопыт на беларускую глебу можна. Трэба часцей ездзіць у госці, глядзець, пераймаць вопыт. Сістэма, па якой працуем мы ў Віцебску, адрозніваецца ад сістэмы, па якой працуе дэпартамент культуры Вінніцы. І там, і там, як мне падаецца, яна аднабокая. Самае правільнае было б аб’яднаць гэтыя падыходы, зрабіць сістэму развіцця культурнай палітыкі аб’ёмнай, і тады культура зайграе новымі фарбамі”
.

Оценить материал:
Средний балл - 2.67 (всего оценок: 12)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева