Дата публикации:
09.03.2015
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/culture/2015/03/09/ic_news_117_455194/

Experty.by абвесціў намінантаў на найлепшы беларускамоўны альбом-2014 — Akute, Вольскі і Tonqixod


Аргкамітэт музычных узнагарод Experty.by абвесціў намінантаў на тытул «Найлепшы беларускамоўны альбом» па выніках 2014 года. Пераможца атрымае рэкламна- інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!».



Намінантамі на ўзнагароду сталі разнастайныя, але выбітныя рэлізы. Моладзевыя куміры Akute патрапілі ў лік прэтэндэнтаў з трэцім альбомам «Рэальнасць і сны», рок-легенда Лявон Вольскі з першай за пяць год сольнай працай «Грамадазнаўства», яскравы малады гурт Tonqixod з дэбютным альбомам «Прадмова».

У мінулым годзе пераможцам намінацыі стаў гурт BosaeSonca з акустычным альбомам «Адпусці».

Пераможцы ўзнагарод Eхperty.by — найлепшыя беларускія альбомы-2014 у 12 намінацыях — стануць вядомыя 10 сакавіка ўвечары. Лёс прызоў у большасці катэгорый, у тым ліку «Найлепшы беларускамоўны альбом», вызначаюць чатыры журы: два склады беларускіх музычных журналістаў, замежныя крытыкі, а таксама найбольш актыўныя карыстальнікі сайта.

Агульны спіс намінантаў і намінацый разам з адмысловай музычнай складанкай апублікаваны на сайце Experty.by.