Дата публикации:
22.06.2012
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/elections/2012/06/22/ic_articles_623_178249/

Уладзімір Някляеў: любое рашэнне апазіцыі датычна выбараў памылковае

Автор:

 

Уладзімір Някляеў заявіў пра свой асабісты няўдзел у парламенцкіх выбарах. Разам з тым асобныя рэгіянальныя структуры і актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» рыхтуюцца да выбараў. Ці не прывядзе гэта да такога ж расколу ўнутры кампаніі «Гавары праўду», які назіраецца ва ўсёй апазіцыі?

Уладзімір НякляеўНа пытаньні інтэрнет-газеты Naviny.by адказвае сам Уладзімір Някляеў.

— Не прывядзе. Таму што, нягледзячы на мой няўдзел у выбарах, тыя актывісты, якія прымуць канчатковае рашэнне ў іх удзельнічаць, будуць мець падтрымку кампаніі.

Пра «Гавары праўду!» што толькі ні плятуць, але насамрэч — гэта адна з нямногіх сапраўды дзейных апазіцыйных структур. Арганізацыя, якая не развальваецца, а развіваецца, набіраючы ў няспынных лакальных акцыях (чым, між іншым, ніхто, апроч нас, не займаецца) новых прыхільнікаў і актывістаў. Бо рэальна дапамагае рэальным людзям у вырашэнні іх рэальных праблем. І я не магу дапусціць, каб структура, якая нават у сённяшніх вельмі неспрыяльных умовах не слабее, а ўзмацняецца, — раптам раскалолася. Ні па якіх прычынах — у тым ліку і па прычыне адсутнасці агульнага падыходу да ўдзелу ці няўдзелу ў выбарах.

Агульны падыход да парламенцкіх выбараў павінна была выпрацававаць апазіцыйная кааліцыя, якая, як і на выбарах прэзідэнцкіх, не здолела дамовіцца. Таму цяпер любое рашэнне (што байкот, што ўдзел), па вялікім рахунку, памылковае, бо ў кожнага яно cваё, а не агульнае, не скансалідаванае.

Пры агульным жа падыходзе любое з гэтых рашэнняў (што ўдзел, што байкот) было б правільным. Я на гэтым і настойваў пры перамовах кааліцыі паўгода таму. Калі б мы тады дамовіліся, дык сёння (пасля абвяшчэння даты выбараў) прынялі б сумесную заяву. Любую, але сумесную. Напрыклад: калі палітзняволеныя застаюцца ў турмах да дня вылучэння кандыдатаў (да 15 ліпеня), апазіцыя выбары байкатуе. Гэта быў бы рэальны ўдзел і ў палітычнай кампаніі, і ў лёсе нашых таварышаў, за вызваленне якіх змагаецца і Еўразвяз, і ЗША, ды толькі, як пакуль яно выходзіць, не мы. І ўсім была б зразумелая прычына, па якой апазіцыя не ўдзельнічае (ці ўдзельнічае пры іншым раскладзе, чаго мы агульным падыходам маглі б дасягнуць) у парламенцкіх выбарах. Але, на жаль, паўтараецца карэнная памылка выбараў прэзідэнцкіх: кожны прымае сваё рашэнне. У выніку маем сённяшнюю міжсабойную лаянку, якая, як яно выглядае, і ёсць наш байкот. І калі ў нечым я не збіраюся ўдзельнічаць, дык найперш у гэтым.

— Вы не думаеце, што праз рашэнне падтрымаць сваіх кандыдатаў Вас абвінавацяць ва ўсіх грахах?

— Па-першае, у нас няма сваіх кандыдатаў. Грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» — не партыя. Мы не вылучаем кандыдатаў, а падтрымліваем тых, хто падзяляе прынцыпы «Грамадзянскай дамовы», падпісанай намі з выбаршчыкамі, з грамадствам.

Па-другое, столькі ўжо вінавацілі, што не звыкаць... Выбары гэтыя пройдуць, а нам працаваць далей. Стратэгічная задача (не толькі для кампаніі «Гавары праўду!», для ўсіх): павялічыць пад прэзідэнцкія выбары 2015 года колькасць людзей, якія б падтрымалі кандыдата ад дэмакратычных сіл, як мінімум, удвая. Без гэтага ўсе нашы высілкі на ўсіх выбарах (як пры ўдзеле, так і пры байкоце) будуць марнымі.

— Вашы кандыдаты будуць здымацца ці йсці, што называецца, да канца?

— Сярод тых, каго мы падтрымліваем, большасць людзей, якія не з’яўляюцца актывістамі кампаніі. Мы знайшлі іх, ці яны знайшлі нас на нашых лакальных акцыях у рэгіёнах, працу ў якіх мы лічым самай важнай і першачарговай. Некаторыя з гэтых патэнцыяльных кандыдатаў — патэнцыяльныя палітычныя лідэры, якімі яны з нашай дапамогай могуць стаць. Вось ім я цяпер і кажу: «Я прыйшоў, каб вы перамаглі».

Новых лідэраў, ды проста новых людзей у апазіцыі відавочна не хапае, а нам нельга падыйсці да 2015 года зноў толькі з тым, што мелі мы ў годзе 2010-м. З тымі ж лідэрамі, тымі ж ідэямі. Парламенцкія выбары мы разглядаем толькі як падрыхтоўку да выбараў прэзідэцкіх. Можна было б рыхтавацца і праз байкот, што я, тлумачачы сваю пазіцыю, даводзіў на нашых нарадах, але большасць кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый, якія ведаюць сітуацыю на месцах лепш за мяне, выказалася за ўдзел. На тым дыскусіі скончыліся, бо ўся наша дзейнасць выбудаваная на апоры на рэгіёны і на даверы да іх.

Калі людзі настроіліся на перамогу, нельга збіваць іх з гэтага настрою. Разумеючы сітуацыю, яны збіраюцца змагацца не за тую лічбачку, якую намалюе ў рэшце рэшт акруговая камісія, а за кожнага выбаршчыка. І калі сёння ў гэтым пераможам — пераможам і ў 2015 годзе.

Ёсць яшчэ адна акалічнасць. Наўпрост нібыта не звязаная з палітыкай, але праз тое — для мяне асабіста — не меней важная... Вось мне дасюль даводзяць, што мая слабасць як палітыка — у тым, што я застаюся паэтам. Можа быць. Але я не збіраюся — дый пазнавата ўжо, калі б нават сабраўся — перарабляцца. Калі палітыка не супадае з нармальнымі, чалавечымі законамі жыцця, тады гэта палітыка кепская. І кім бы я быў перад самім сабой, калі б людзям, якія ў час прэзідэнцкіх выбараў мерзлі за мяне ў пікетах, якіх білі спачатку на Нямізе, пасля на Плошчы, арыштоўвалі, судзілі, садзілі, сказаў: а мне напляваць! На тых выбарах вы былі са мной, а на гэтых — самі па сабе.

Што да таго, будуць падтрыманыя намі кандытаты здымацца ці йсці да канца, дык гэта яны будуць вырашаць самі ў залежнасці ад сітуацыі, якая складзецца напярэдадні дня галасавання. Не кожны паасобку, а ўсе разам — на радзе. Рашэнне павінна быць адзіным, каб ніхто ні на каго не ківаў, як ківае зараз апазіцыя.

— У чым, на Вашу думку, прычына, па якой беларуская апазіцыя ніяк не можа прыйсці да рады, да адзінства? Ці не ў тым, што яна менавіта беларуская, і няўменне дамаўляцца — уласцівасць беларусаў?

— Чаму ўласцівасць беларусаў?.. Вунь Юлія Цімашэнка кажа: калі ўсе дэмакраты ў свеце ўсё ж могуць дамовіцца пра нешта хоць перад расстрэлам, дык украінскія — пасля яго.

Слабасць (а няздольнасць дамовіцца ёсць выява слабасці) сённяшняй беларускай апазіцыі — не столькі палітычнага кшталту, колькі маральнага. Менавіта праз гэта грызня, абвінавачванні адзін аднаго ў здрадзе, супрацоўніцтве з уладай. Раптам аказалася, што ўсе — агенты КДБ! І гэта без ніякіх доказаў, дакументаў. Нават Міколу Статкевіча праз тое, што ён за ўдзел у выбарах, злаўчыліся ў здрадзе западозрыць! Ды яшчэ й жонку ягоную, якая больш па-за падазрэннямі, чым жонка Цэзара..

Зразумела, што ў апазіцыі сёння (як і ва ўладзе) — «усялякай твары па пары». Дваццаць гадоў працы спецслужбаў не маглі не даць вынікаў. Але гэта не значыць, што ўся апазіцыя — брудная, прадажная, што ўся яна — «псеўда». Гэта няпраўда. Як няпраўда і тое, што калі гэтую апазіцыю зліквідаваць, дык замест яе, бруднай, адразу з’явіцца нейкая іншая, чыстая. Як і скуль?..

Ёсць толькі тое, што ёсць. Такая, якая ёсць, улада, і такая, якая ёсць, апазіцыя. І толькі з таго, што ёсць, можа вырасці нешта іншае. Як з гразі, з бруду, з гною вырастае кожнае зерне.