|
|
|
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их —«Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў. |
Але памяць мае адну ўласцівасць, яна паціху блякне, а таму табе зноў захочацца на мора, і не проста на мора, а ў далёкую краіну, дзе мала хто ведае пра тваю Беларусь, у якой зусім няма нічога марскога. Табе захочацца на бераг акіяна, і ты выбераш Індыйскі. Ты паляціш у Індакітай, у горад Бангкок, а з яго паедзеш на бераг Сіямскага заліву, у горад Патаю, дзе толькі на адной вуліцы пабачыш дзесяць тысяч вясёлых жанчын, кожная з якіх можа заняцца з табою паглыбленым вывучэннем Камасутры. Ты зойдзеш у стрып-бар, замовіш колу з лімонам і пачнеш разглядаць аголеных таяк, які танчаць на мокрым стале. З-пад гладзенькіх пятак мініятурных танцорак будуць разлятацца пырскі. Ты парадуешся, што замовіў толькі колу, бо піць колу з пырскамі ты, канешне, не станеш.
Ты нагледзішся тайскіх эратычных танцаў ды пойдзеш у бардэль. Там выбераш самую мініятурную жанчынку. Яна павядзе цябе ў вялікі пакой з ваннай, душам і квадратным ложкам. Яна памые цябе ўсяго-усяго, яна вытра цябе мяккім рушніком і зробіць масаж, а толькі пасля гэтага вы зоймецеся вывучыннем Камасутры. Твая мініятурная каханка будзе скакаць на табе, а ты зноўку задумаешся пра мора, пра мора-мора-акіян.
З бардэля ты пойдзеш на мора, ты будзеш доўга ісці ўздоўж Сіямскага заліва, будзеш доўга плаваць у ім, а калі вернешся ў гатэльны нумар, адчуеш млосць. Табе зробіцца страшэнна холадна, а потым цябе абалье пякучая гарачыня, трасца пачне цябе калаціць. Ты здагадаешся, што атрымаў сонечны ўдар. Давядзецца праляжаць у мокрых ад поту прасцінах цэлыя суткі, пакуль ты ачуняеш. У Беларусь ты вернешся стомлены, але з дакладнымі ведамі пра мора-мора-акіян. Цяпер ты зможаш падтрымліваць размову ў Раі пра мора і гутарку ў Пекле пра жанчын. Цяпер ты дакладна ведаеш, што і там, і там ніхто ў цябе не спытае ні пра мора, ні пра жанчын, бо калі хто пра што і запытаецца ў цябе пасля тваёй смерці, дык пытанне будзе пра нашыя крыніцы, калодзежы, рэчкі, азёры і пра нашых тутэйшых жанчын.