Дата публикации:
23.04.2008
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2008/04/23/ic_articles_410_156761/

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Беларускае золата

Автор: Сяргей ДУБАВЕЦ

 

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Ня ўсё, што блішчыць, але тое, што здабыта ў Беларусі, бясспрэчна, – золата.

Нічога ня маю супраць замежных грантаў. Нават калі нехта іх праядае альбо будуе за іх сабе дом. На здароўе. Людзям павінна быць добра.

Адзін мой прыяцель абураецца, што замежныя радыёстанцыі перадаюць ня тое, што мусіла б працаваць на дэмакратыю ў Беларусі. Маўляў, як жа так! Грамадзкае радыё на грамадзкія грошы павінна служыць інтарэсам грамадзтва. Але, адказваю, гэта не грамадзкае радыё, гэта не грамадзкія грошы. Гэта гранты. А гранты ў справе дэмакратычных перамен – грошы фантомныя. І тыя, хто іх дае, гэта разумеюць.

Дэмакратычныя сілы ў аўтарытарнай краіне, пакуль яны фінансуюцца толькі фантомнымі грашыма, таксама фантомныя. У Беларусі як краіны з дэмакратыяй няма фінансавых дачыненьняў. Беларускія грошы рэальна працуюць на падтрымку аўтарытарызму, а “амэрыканскія” разыходзяцца, “не дасягнуўшы зямлі”.

Толькі калі беларускія грошы запрацуюць на дэмакратычныя перамены, гэтыя перамены стануць рэальнасьцю.

Гэта немагчыма, бо бізнэс пад гнётам? Але дэмакратычныя сілы, па вялікім рахунку, і існуюць на тое, каб пераадольваць гэты гнёт. Калі яны дадуць грамадзкасьці справаздачу, што ў бюджэце арганізацыі доля беларускіх грошай павялічылася на траціну, усе будуць ведаць, што працэс ідзе і спадзевы на перамены ня марныя.

Павал Казанэцкі неяк распавядаў мне, што ў часы “Салідарнасьці” ў Польшчы ніводнае падпольнае выданьне не распаўсюджвалася бясплатна. Бывалі выпадкі, што распаўсюднік нелегальнай “Газэты Выборчай” атрымліваў год турмы. Згадзіцеся, зусім ня тое, што сядаць за брыдкаслоўе. Прынамсі ведаеш, што сядзіш не за фантомную правіну. У Беларусі сёньня акурат тая сытуацыя – зарэгістраваць новую газэту ці арганізацыю ў афіцыйным парадку немагчыма. Проста немагчыма і ўсё.

Гранты – эфэмэрныя грошы. Яны “нічые”. Яны могуць быць карыснымі, калі становяцца бонусам да беларускіх грошай. Але сёньня яны, у найлепшым выпадку, – бонус да голага энтузіязму і таму неэфэктыўныя, бо не даходзяць да глебы, затрымліваюцца ў паветры кішэняў і ня маюць цаны рэальных грошай. Урэшце, яны дыктуюць адпаведную фінансавую філязофію, пад уплывам якой і беларускія грошы, што трапляюць у справу, успрымаюцца як эфэмэрныя, нават больш чым эфэмэрныя. Лічыцца, што іх у прынцыпе ня можа быць дастаткова, а таму выкарыстоўваць іх неяк сорамна і гаварыць пра гэта – несалідна. Так страчваецца матыў спрычыненасьці народу да перамен.

Тым ня менш, усё, што ні робіцца для дэмакратыі, робіцца за грошы. Бо нават самы “чысты” энтузіязм, што выводзіць змагароў на акцыю, патрабуе дамоўленасьці праз смс, інтэрнэт ці ўлёткі (мізэр, але не бясплатна), экіпіроўкі сцягамі і транспарантамі (матэрыялы таксама не даюцца “за так”), харчаваньня, цяплейшай курткі і г.д. Вы ўзялі з заробку ці са стыпэндыі, вы ўзялі ў бацькоў ці з уласнай пэнсіі? Вы лічыце нявартым пра гэта ўвогуле гаварыць? Але вы інвэставалі ў дэмакратыю і гэтым зрабілі яе бліжэй. Інвэстуеце болей, угадаеце дэмакратычную арганізацыю з найлепшым патэнцыялам, створыце сваю – атрымаеце болей дэмакратыі.

Адзін малады чалавек паведаміў, што выходзіць з Акрэсьціна дванаццаты раз. Малайчына, хлапец. Але – што ты там выседзеў для сваёй краіны і для дэмакратыі? Іншая актывістка перад судом выказала аптымізм: “Думаю, усё будзе добра, дадуць штраф і адпусьцяць”. Штраф будзе аплочаны “эфэмэрнымі грашыма”, што і сам учынак зробіць эфэмэрным. “Усё будзе добра”... А на справе атрымліваецца – ніяк.

Нашы змагары навучыліся праходзіць жорсткія выпрабаваньні ў турмах, на хіміі, на сутках. Гэта сапраўды нямала. Але гэты этап пачаў задоўжвацца. Выпускнікам Акрэсьціна пара станавіцца абітурыентамі рэальнай эканомікі, рэальнага жыцьця і рэальнай Беларусі. Навыкі той школы ім яшчэ спатрэбяцца.

Сёньня для любой апазыцыйнай структуры важней за праграму (у іх ва ўсіх праграма больш-менш адна – дэмакратычныя перамены), за ўнутраныя разборкі і вулічныя акцыі –выпрабаваньне глебай. Колькі беларускіх грошай можа сабраць і зарабіць сваёй легальнай ці нелегальнай дзейнасьцю суполка – столькі яна і каштуе. Бонусы ня ў лік.

Што да бізнэсу, які “баіцца даваць”, дык сказана: “Народ перамог страх”. Ці ўсё ж не перамог?.. Можа быць, у гэтым пераадоленьні боязі бізнэса даць на дэмакратыю, у гэтай гатовасьці рызыкаваць – і ёсьць прарыў з фантомнага ў рэальнае жыцьцё? Але хто тут мусіць зрабіць першы крок?

Часам пытаюся ў нашых дэмакратаў: чаму не бераце грошы на дэмакратыю ў людзей? – Не дадуць! – А вы прасілі? – Што прасіць, марная справа... Як у тым анэкдоце: А што, можна было?..

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.