Дата публикации:
30.04.2008
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2008/04/30/ic_articles_410_156885/

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Асаблівасьці нацыянальнага самапрыніжэньня

Автор: Сяргей ДУБАВЕЦ

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Тое, што ў Беларусі адзінай дзяржаўнай мовай de facto зьяўляецца русский язык, ні для каго не сакрэт. Спрэчкі могуць ісьці толькі вакол характару гэтай зьявы – наколькі яна прыродная і наколькі рукатворная, ці “зьверху” гэта робіцца ці “зьнізу”.

Пры ўсім жаданьні глядзець “Панораму” або чытаць галоўную газэту кіраўніка краіны па-беларуску, зрабіць гэта немагчыма. Па-беларуску не parler беларускі, нібыта, parlement. Ну і каб новая школа была беларускай, бацькі-беларусы павінны доўга даказваць у пісьмовай форме і без асаблівай надзеі на вынік, што гэта сапраўды патрэбна ім усім, інакш “по умолчанию” адкрываецца руская школа. Нягледзячы на Закон аб мовах з яго “дзяржаўнай беларускай”, любы чыноўнік любога ўзроўню на ваш беларускамоўны зварот у ста выпадках са ста дасьць свой рускамоўны адказ.

Таму, што б вы ні казалі пра жаданьне народа, яно тут ні пры чым. Мы маем справу зь дзяржаўнай і цалкам аўтарытарнай палітыкай. І з тымі, хто з усіх сіл імкнецца плысьці ў фарватары гэтай палітыкі. На першым месцы тут – бізнэс.

Гэта толькі магутныя замежныя кампаніі, накшталт Samsung, могуць дазволіць сабе рэкляму па-беларуску, бо ў іх іншая палітыка, нацэленая на разнастайнасьць, а не на ўніфікацыю. Што да нашых, то яны ўгодліва выпускаюць “савушкин продукт” – з маркіроўкамі па-саратаўску ці па-тамбоўску, але ніяк не па-тутэйшаму. (Па-беларуску прадукт мусіў быць Саўкаў ці, калі той Саўка так ужо абмаскаліўся – Савушкаў.)

Вытворцы, натуральна, апраўдваюцца тым, што прадукт разьлічаны на “нашу Рашу”, таму гэта як бы маскіроўка, каб дарагія мае масквічы не западозрылі ніякіх “нацыянальных падтэкстаў”. Скажаце, неспартыўна? Так, і найперш – у дачыненьні да саміх сябе. Як у той бэтэшнай “Панораме” – “Главные новости. На первом” – бессаромны плагіят з расейскага ОРТ. Дарагім маім масквічам, вядома, гэта ўсё да лямпачкі. Бо гэта асаблівасьці нашага з вамі нацыянальнага самапрыніжэньня. А паколькі ў гэтым самапрыніжэньні выразна прысутнічае нотка гадзенькай асалоды, дык кваліфікаваць яго трэба як псыхічную балячку, як мазахізм.

Хвароба заразная і вельмі хутка ахоплівае ўсе “сягменты рынку”. Ня ведаю, ці зьяўляецца гэта прычынай таго, што рэалізацыя айчынных тавараў у параўнаньні з імпартам у нас з году ў год падае, але і сам сябе не лічу настолькі хворым, каб, да прыкладу, едучы да сяброў за мяжу, набываць сувэнірную пляшку гарэлкі “Бульбаш”. Рэч у тым, што мае замежныя сябры асаблівасьцям нашага нацыянальнага мазахізму не падвержаныя, і ўспрынялі б такі падарунак неадэкватна. Уявіце, каб ваш ізраільскі сябра прывез вам у падарунак бутэлечку гарэлкі “Жыд”. Ці польскі таварыш падараваў пляшку “Пшэка”. Ці ўкраінец, замест “Хортыцы” – “Хахла”. Ці каб дарагія масквічы пачаставалі халодненькім “Маскалём”...

У выніку, каб не выглядаць, мякка кажучы, хворым на галаву, я набываю “Бальзам белорусский”. Праўда, і тут ня ўсё чыста. Ведаю, зноў давядзецца тлумачыць, што этыкетка напісана не па-беларуску, і адказваць на роспыты – чаму?

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.