Дата публикации:
06.04.2009
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2009/04/06/ic_articles_410_162014/

Зьміцер Дашкевіч. АПАЗЫЦЫЯ. Ім трэба не сыходзіць, а зьбягаць

Автор: Зьміцер ДАШКЕВІЧ

 

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч. Нарадзіўся ў 1981 годзе на беларускім Палесьсі, да 1986 пражываў з бацькамі ў Магаданскім краі, з 1986 года ў невялікім гарадку Старыя Дарогі Менскай вобласьці, з 2000-га — ў Менску. У 2001 годзе далучыўся да дзейнасьці моладзевага руху “Малады Фронт”, кіраўніком якога зьяўляецца з 2004 года. Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх вулічных акцыяў, за ўдзел у якіх мае больш за паўгода адміністратыўных арыштаў. За дзейнасьць “МФ” у верасьні 2006 быў арыштаваны і пазьней асуджаны на паўтары гады зьняволеньня. У студзені 2008 году Вярхоўным судом вызвалены на паўтары месяцы раней тэрміну. У 2006 годзе штотыднёвікам “Наша Ніва” прызнаны “Чалавекам года”, у 2008 “За мужнасьць і пасьлядоўнасьць у змаганьні за свабоду” ўзнагароджаны ордэнам Кастуся Каліноўскага.

Сьвяткаваньне чарговае гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі пракамэнтавана многімі палітыкамі як станоўчае. Ну і канешне, як жа не пахваліць сябе харошага?! Мне гэта нагадвае галасаваньні на паседжаньнях АДС пасьля кожнай прайгранай кампаніі, якая падняцьцём рук ацэньваецца станоўча…

Пэўна, для партыйцаў старое загартоўкі гэта норма, якая не выклікае пытаньняў. Аднак для мяне, захапіўшага толькі 10 гадамі савецкую эпоху, як арганізацыя “Дзня Волі”, так і яго правядзеньне пакінула адны пытаньні.

Ну хто, да прыкладу, можа зразумець, дзеля чаго адна партыя, адштурхоўваючы магчымых хаўрусьнікаў, прыватызуе важкую для кожнага патрыёта Беларусі дату 25 сакавіка? Ці не з-за прагі славы і жаданьня сьцьвердзіць сябе нумарам адзін хаця б у апазыцыйных СМІ? Альбо хто можа зразумець, дзеля чаго арганізатары прыватызаванае акцыі заяўляюць аб паходзе на рэзыдэнцыю, а самі баяцца скрануцца з месца? Ці не з-за страху перад аўтазакамі і драўляным насьцілам “Акрэсьціна”?

Парыруюць на гэта, ясная справа, імкненьнем абысьціся без затрыманьняў і правесьці сьвята. Аднак тут ізноў паўстае пытаньне, дзеля чаго тады абвяшчаць шэсьце на рэзідэнцыю пад лёзунгамі адстаўкі Лукашэнкі? Няўжо столькі розуму нехта меў, думаючы, што рэжым дазволіць такую заяўку? Сумняюся. Значыцца, задача перад заяўнікамі была простая — па-народнаму гаворачы, пантануцца і сьвердзіць сябе прынцыповымі барацьбітамі перад прыхільнікамі пераменаў. Але калі словы раз за разам разыходзяцца са справаю, сьцьвердзіць сябе можна адно толькі пустасловам. Ды і са сьвятам нешта не зусім ясна атрымалася, калі толькі не палічыць за сьвяточную імпрэзу нячутныя выступы некалькіх палітыкаў.

Цяжкае, далёка не сьвяточнае ўражаньне пакідаюць усе гэтыя пытаньні і адказы на іх. З іншага боку, праўда, многія апазыцыйныя лідэры ўжо мала каго могуць зьдзівіць сваім глыбокім структурным і ідэйным крызісам. Аднак арганізацыя і правядзеньне акцыі 25 сакавіка прадэманстравала болей, чым вышэй памянутыя крызісы. “Дзень Волі” засьведчыў, што гэтая апазыцыя будзе рабіць тое, што ёй скажа Лукашэнка, і тады, калі ён гэта ёй скажа. Сьвядома альбо несьвядома. Адкрыта альбо лавіруючы. Аднак непахісна будуць дзейнічаючы па чужых, загадзя нарыхтаваных схемах. Бо кожны крок іхні можна сплянаваць і прадказаць. Чаго толькі могуць каштаваць словы аднаго з лідэраў “прарыву” ад Акадэміі навук на кардон і развароту назад, яшчэ далёка не партбоса, але ўжо сьцьвердзіўшага: “Калі ў кардоне спэцназу будзе два шэрагі, мы пойдзем, а калі болей — не”. No comments, што называецца…

І таму будынкі на Камуністычнай і Карла Маркса мусяць засяліць ня толькі поўныя ідыёты, але нават мінімальна не паважаючыя сябе таварышы, каб не скарастацца такім шанцам, скіраваць ногі апазыцыянэраў у патрэбным накірунку. Для адных дастаткова не задаволіць заяўку на акцыю, а для другіх — выставіць трэці шэраг у кардоне спэцназу. І гаворка тут ідзе ня проста аб удзеле ў акцыях, але аб поўнай адсутнасьці палітычнае волі і адказнасьці за свае словы, што праяўляецца і ва ўсіх іншых сфэрах грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Недарэмна сказана: “Хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны будзе” (Лк. 16:10)

І ня дзіва ўжо, што толькі лянівы не гаварыў аб неабходнасьці сыходу нашай дэмакратычнай партнамэнклатуры. Але я мяркую, ужо надыходзіць час, калі ёй ня трэба будзе сыходзіць — ёй трэба будзе проста зьбягаць. Бо далейшая дзейнасьць у такім фармаце дэскрыдытуе ня толькі партбосаў і іх партыі, але саму ідэю барацьбы за ідэалы свабоды і справядлівасьці.

Канешне, нельга ставіць знак раўнавагі паміж усімі. Ёсьць як здаровыя сілы сярод дэмакратаў, так і прынцыповыя, пасьлядоўныя лідэры. Такія палітыкі, як Казулін, Статкевіч, Севярынец, каторыя дзейнасьцю сваёю і сваімі учынкамі засьведчылі цьвёрдасьць і непахіснасьць на абраным шляху барацьбы за незалежнасьць і дэмакратыю. Перакананасьць у хуткіх пераменах дае і маладое пакаленьне, якое пераважнай большасьцю ўжо даўно не азіраецца на загады і ўстаноўкі parteigenosse. Але, пакуль, яшчэ маем, што маем. І тут самае галоўнае для нас — не імкнуцца апранаць ружовыя акуляры, але называць рэчы сваімі імёнамі, самакрытычна ацэньваючы сваю дзейнасьць. Толькі так можна паспрыяць перафарматаваньню і аднаўленьню структурна-ідэйнага падмурку дэмакратычнага руху, паскорыўшы, як вынік, перамены ў самой краіне.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.