Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Аляксей Стрэльнікаў. ТАЕТР. Дрэнны спектакль

 

Аляксей Стрэльнікаў. 25 год. Тэатральны аглядальнік.
Хаджу ў тэатр. Пішу пра яго. Размаўляю пра яго. Але люблю, напэўна, ТАЕТР. Тэрмін вынайшаў Б.Брэхт: маўляў, займайцеся самі сваім ТЭАТРАМ, а мы паспрабуем стварыць нешта іншае.

Зусім нядаўна натрапіў на вытрымку з размовы Ёгана Гётэ з Ёганам Эккерманам:
— Калі даюцца добрыя займальныя п'есы, — сказаў я, — хадзіць у тэатр адно задавальненне, але дрэнная п'еса толькі выпрабоўвае наша цярпенне.
— Тут ёсць свой станоўчы бок, — запярэчыў Гётэ, — сыйсці нязручна, і мы прымушаны слухаць і глядзець дрэнную драму. У нас загараецца нянавісць да дрэннага, а гэта дазваляе нам лепш пранікнуцца добрым».


Скарыстаемся з нагоды і паразважаем пра «дрэнны спектакль».

Па-першае, вызначыць, што добрае, а што дрэннае ў тэатры вельмі складана, універсальных крытэраў зараз мы не маем. Прычым гэта не толькі наша праблема. (Але ў нас гэта ўвогуле сумна). Вось для амерыканцаў што ў кіно, што ў тэатры, напрыклад, крытэр поспеху — каса, box-office. Не сабраў спектакль касу, знялі яго пасля некалькіх тыдняў ці нават месяцаў штодзённых паказаў — значыць, непаспяховы, дрэнны спектакль. Тут карціць паспрачацца... Вось мне сказалі, што квіткі на «Вяселле», на маю і не толькі маю думку, лепшы спектакль мінулага сезону, ужо стала цяжка прадаваць, а добра, калі дзесяць спектакляў прайшло. Значыць, у нас гэты крытэр фактычна не працуе, і гэта нам дазваляе рабіць важныя эксперыментальныя спектаклі, развіваць індустрыю, развіваць гледача. Не ўсё так весела, калі паглядзець з іншага боку.

Фактычна адмаўляючыся ад гэтага касавага крытэру, мы не прад'яўляем нічога ўзамен. Заменай магла б быць экспертная ацэнка (тых жа крытыкаў), але на маёй памяці ні разу не было так, каб крытыкі рэзка аблаялі спектакль, і яго б адразу знялі з рэпертуару. Праўду кажучы, крытыкі рэдка калі салідарызуюцца ў сваіх ацэнках, цяжка знайсці спектакль, які б не падабаўся адразу ўсім. Таму што ўнутры крытычнага цэху з крытэрамі таксама не ўсё ясна, прынамсі, паразумецца даволі цяжка. У нас, відаць, пануе дзіўная думка, што дрэнны спектакль ставяць толькі дрэнныя рэжысёры, а Луцэнка ці Шчэрбань «ваяюць» толькі «нятленкі». У выніку кожны тэатр кіруецца ўласнымі выпрацаванымі механізмамі: у адным тэатры ўсё залежыць ад мастацкага кіраўніка і не яго спектаклі не могуць быць добрымі (тут самае цікавае адбываецца якраз з яго спектаклямі), у другім кіруе служба гледача, у трэцім складаная сістэма кланаў і груповак. Праблема не ў адсутнасці крытэраў, а ў адсутнасці ўніверсальных крытэраў, аднолькавых для ўсіх. У выніку магчымасць апраўдацца ёсць ва ўсіх. Калі цябе аблаялі крытыкі, можна знайсці таго, хто пахваліў, задзёўб злобны кіраўнік ці групоўкі — усклікнуць: «А суддзі хто?!» Вось і атрымліваецца ў выніку, што «беларускі тэатр не можа ўзняцца да няўдачы». Дрэнных спектакляў у нас нібыта і няма.

Між іншым якраз box-office не столькі сведчыць пра поспех, колькі пра няўдачу. Паглядзіце на спісы самых касавых фільмаў, калі верыць ім, то кіно да 1990 не было ўвогуле. На поспех нельга абапірацца, ён пастаянна выпрабоўваецца інфляцыяй. І толькі няўдача ёсць нешта зусім пэўнае. Гэта спрэчна, але мне падаецца амерыканская мара ідэалогіяй не поспеху, а хутчэй страху няўдачы. Але з гэтага страху амерыканцы выбудавалі адну з найбольш эфектыўных мадэляў культуры. Тэатр і кіно — гэта спосаб камунікаваць з вялікай аўдыторыяй, і не гэтак важна, ці ёсць табе што ім сказаць, як тое, што яны хочуць пачуць. Слухаць грамадства, адчуваць яго заклікі, жахі, патрэбы, задавальняць іх... У выніку амерыканскія рэжысёры і драматургі ўмеюць забаўляць і пры гэтым заставацца мастацтвам — працаваць з вобразамі, ідэямі, комплексамі масавай свядомасці.

У нас гэта ажыццяўляць вельмі складана. Бо як слухацца нашай публікі, калі для яе гэтая самая праца з вобразамі і комплексамі — невыносны стрэс і нагода схавацца ў бульбу?!

З чаго павінен пачацца беларускі тэатр? З таго, што хтосьці нарэшце пачне прызнаваць сваю памылку: «Мой спектакль дрэнны... Яго неабходна зняць з рэпертуару». Такая магчымасць дарэчы ёсць у Тэатра імя Я.Купалы, бо там анансавалі зняць з рэпертуару шэраг спектакляў. Афіцыйнай інфармацыі няма. Пінігін у інтэрв'ю сказаў праспектакль «Ідылія», які «выканаў сваю справу». Па інтэрнеце ходзяць чуткі пра «Сны аб Беларусі», «КІМ», «Слугу двух гаспадароў» і «Баладу пра каханне». Афіцыйных каментароў пакуль няма, Але, думаю, калі яны з'явяцца, гэта будзе нешта паліткарэктнае. А правільна было б сказаць: «Гэты спектаклі здымаюцца, бо яны дрэнныя!»

І замест таго, каб ухваліць гэтыя словы, я ўпэўнены, што пачую зараз: «Ого-го, Стрэльнікаў, ты лічыш «Баладу пра каханне» дрэнным спектаклем?!!» Дрэнны спектакль — гэта перш за ўсё тое, што перашкаджае нам рухацца наперад. Нам патрэбны класны спектакль па Быкаве, класны спектакль па сучаснай п'есе, класны спектакль пра вайну, класны спектакль з удзелам Хітрык і Падалякі. І менавіта праз тое, што названыя спектаклі даюць у рукі функцыянерам аргумент «гэта ўсё ў нас і так ужо ёсць», гэтыя спектаклі ёсць дрэннымі! Калі ў нас ужо будуць новыя класныя спектаклі, мы зможам вярнуць старыя, і ў нас з’явяцца два спектаклі па Быкаве, два па сучаснай п’есе і г.д.

Давайце мысліць шырока. Давайце не баяцца жорсткай тэрміналогіі. Давайце размаўляць нарэшце пра тэатр, а не пра тэатральных дзеячоў! Давайце нарэшце перастанем плакацца пра «Тутэйшых» і паспрабуем зразумець, які б яшчэ нам зрабіць дрэнны спектакль.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева