Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. 50

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Ну вось, 17 верасьня мне споўніцца 50. Але ніякай новай якасьці я ў сабе не адчуў. Ані кроплі хваляваньня, ані, наадварот, цэмэнту саліднасьці “во мне”, як напісалі б у саліднай газэце. Толькі вакол стала меней жывых. І сяброў стала меней і стала болей.

Біл Пэрыш пра свае 65 сказаў: “Як яны хутка прайшлі!..” Мае 50 такімі хуткабежнымі не выглядаюць. Наадварот, столькі ўсяго! І столькі клопатаў – на заўтра, на пасьлязаўтра і на праз тыдзень! Ты — нібы Наташа Растова перад балем: трэба тое, трэба сёе, хто прыедзе, што скажуць, што надзець...

Акурат да 17-га выходзіць з друку новая кніжка з кароткай назваю “Як?” Пад грыфам Беларускай службы Радыё Свабода... Відаць, віншаваньня прэзыдэнта мне не відаць. І ордэна Францішка Скарыны таксама. Хаця...

17 верасьня на прэзэнтацыю кніжкі “Як?” прыйдуць тыя, хто для мяне сам падарунак. Па вялікім рахунку, больш нічога й ня трэба – пабачыць сваіх. Нават калі нічога не казаць. Настолькі ўсё зразумела бяз словаў.

Магчыма, будуць замежныя паслы. Швэды традыцыйна выступяць па-беларуску, а палякі па-расейску. Чаму палякі так любяць загаворваць зь беларусамі па-расейску? (Мы ж і па-польску зразумеем.) Пэўне, ад неабыякавасьці да ўсяго расейскага. Прынамсі, Высоцкага з Пугачыхай у Польшчы заўсёды “обожали” больш, чым у Беларусі.

За сталом Куінс перадасьць мне хлеб... Як жывому. Як сапраўднаму юбіляру.

Насамрэч кожнаму праз усё жыцьцё пэўная колькасьць гадоў. Мне, напрыклад, 13. Чаму я так думаю? Бо калі ў 14 у будынку на Чырвонаармейскай нам уручалі камсамольскія ксівы, я адчуў, што пачаў жыць чыёсьці чужое жыцьцё. Навонкі. А ўсярэдзіне ўсё засталося па-ранейшаму.

Калі ў Доме літаратара адзначалі 50 гадоў Караткевіча, мне здавалася, што чалавеку на сцэне так шмат гадоў, што не дажыць. Праўда, калі ён заўпарціўся выступаць, я зразумеў, што яму насамрэч 13. Ён выйшаў да мікрафону і ўсё, што змог сказаць перапоўненай залі: “Бяз вас я нішто!”

І гэта слушна. Бо ніхто не адзначае юбілеі тваёй прыроды (калі такія ўвогуле бываюць), а ўшаноўваюць толькі фізыку цела. Хоць што там шанаваць – у целе: мяса, косткі ды балячкі? Нішто.

На маю прэзэнтацыю Дом літаратара, мабыць, не дадуць. Хаця... Часы зьмяніліся. Няўжо свабоды стала меней у параўнаньні з пачаткам 1980-х? Можа й так. Яе становіцца меней не тады, калі вяртаюць савецкія сымбалі, а тады, калі яе меней становіцца ў саміх людзях.

Ня проста цяпер знайсьці ў Менску месца для прэзэнтацыі кніжкі. Але ўсё атрымаецца найлепшым чынам. Я гэта ведаю, калі прыгадваю Біла Пэрыша. Ён сказаў:

“Сёньня я парушу правіла і раскажу пра тое, што задумаў, калі задзімаў сьвечкі. Каб вам у жыцьці шанцавала, як мне!”

А?!

Вось і ўсё. Крыху сумбурна, але, самі разумееце, гэтыя прыгатаваньні такія мітусьлівыя. Добра, што хоць так.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • З хуткім сьвятам! Пасьпяшайцеся да яго як мага больш зрабіць - вы адзін зы тых нямногіх, хто можа. Каханьня і свабоды!
  • віншую вас з надыходзячым юбілеем дзякуй вам за арыентыры здароўя, цеплыні і сьвятла з павагай
  • Pavel_R 27.08.2009 // 11:33 - гэта я на на выдалены пост Имя Фамилия >а палякі па-расейску. Чаму палякі так любяць загаворваць зь беларусамі па-расейску? Для мяне зразумела. Гадоў 6 таму быў на экскурсіі у Вялічцы. У мясцовым гіперіаркеце у кніжным аддзеле было штук 30 вельмі багата ілюстраваных кніжак пра Крэсы Всходні. Больш паловы Беларусі - гэта аказваецца польскія крэсы. Шкада, што не купіў ;)
  • Удален пост Имя Фамилия за неэтичные высказывания в адрес авторов сайта. Последующие нарушения регламента повлекут удаление учетной записи.
  • Чытай зімоўскага і задавольвайся