Дата публикации:
24.08.2010
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2010/08/24/ic_articles_112_170176/

Зянон Пазьняк. ДЭПУТАТЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. 2. Змаганьне за беларускае войска

Автор:

 

(Працяг. Пачатак)

Як паведамлялі «Белорусские новости», у Варшаве выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка «Дэпутаты Незалежнасьці», у якой распавядаецца пра падзеі 1990-1991 гадоў і іх уплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Прапануем урыўкі з кнігі — раздзелы, напісаныя Зянонам Пазьняком, — са згоды аўтара.

У Варшаве ў выдавецтве «Беларускія Ведамасьці» выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка «Дэпутаты Незалежнасьці». Пасьля сымволікі найцяжэйшая барацьба разгарэлася па двух атрыбутах незалежнасьці: па войску і грошах. Адбылося па гэтых пытаньнях некалькі закрытых паседжаньняў Вярхоўнага Савета. Намэнклятура ўсяляк супраціўлялася стварэньню беларускага войска. І гэта ў той час, калі на тэрыторыі Беларусі знаходзілася 200-тысячная групоўка савецкай арміі, ядзерная зброя, аэрадромы, ракеты; усё гэта неабходна ўтрымліваць, а войска фармальна (ды й фактычна) было ня нашым.

Становішча абсурднае і небясьпечнае. Было відаць, што «ветэраны НКВД» у Вярхоўным Савеце і прамаскоўская савецкая намэнклятура гатовыя былі разваліць, зьнішчыць нашу незалежную дзяржаўнасьць у самым пачатку. Яны супраціўляліся прыняцьцю абароннага заканадаўства, увядзеньню пасады міністра абароны, выступалі супраць увядзеньняі беларускай вайсковай прысягі і г. д.

У рэшце рэшт і тут удалося абыйсьці цемрашалаў. Перамог здаровы сэнс, і тыя, хто яго хоць трохі мелі, прагаласавалі за стварэньне міністэрства і выбралі першага міністра абароны Беларусі (генэрала Пётру Чауса).

Але пасьля гэтага намэнклятура ў Вярхоўным Савеце адмовілася зацьвярджаць тэкст беларускай вайсковай прысягі. «Бэтон» стаў рогам: «НЕ» — і ўсё. Паталёгія. Але нам зразумелыя яе прычыны. Так цягнулася амаль год. Мелі войска без прысягі. (Прытым ўвесь гэты намэнклятурны сабатаж фактычна падтрымліваў сьпікер Шушкевіч.)

Мы, аднак, знайшлі спосаб грамадзкім напорам пераламаць гэтае бэтоннае супраціўленьне. Група беларускіх афіцэраў — сяброў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ) — выступіла з прапановай правесьці публічную грамадзкую прысягу беларускіх вайскоўцаў запасу, не чакаючы рашэньня парляманту (якое сабатавалі савецкія дэпутаты намэнклятуры). Мы падтрымалі гэтую прапанову і разам узяліся за арганізацыю. Падключыўся ўвесь Народны Фронт. На плошчы Незалежнасьці насупраць Вярхоўнага Савета зрабілі шырокія дашчатыя трыбуны, луналі беларускія сьцягі і плякаты беларускіх вайсковых харугваў «Вітаўт Вялікі», «Касьцюшка», «Астрожскі» і інш., граў вайсковы аркестар. Тысячы мужчынаў у вайсковай параднай форме і ў цывільным урачыста застылі ў позах «зважай!». На трыбунах былі Васіль Быкаў, Анатоль Грыцкевіч, Артур Вольскі, усе нашыя дэпутаты Апазыцыі БНФ. У першых шэрагах стаялі дзейныя афіцэры войска і афіцэры запасу. Над плошчай гучэлі словы прысягі на гонар і вернасьць Беларусі. Некаторыя станавіліся на калені, цалавалі Сьцяг. А калі прысяга ўжо прагучэла, аркестар зайграў адзін з пранікнёных беларускіх гімнаў — мэлёдыю паланэза Агінскіга. Пад гукі гэтага несьмяротнага гімна-паланэза нашыя дзьве дэпутаткі Апазыцыі Галіна Сямдзянава і Вольга Галубовіч падносілі кветкі дзейным афіцэрам, якія толькі што прысягнулі Беларусі. Гэта сталася 8 верасьня 1992 года на Дзень Беларускай Вайсковай Славы.

Прысяга мела вялікі розгалас, і потым акцыя прадаўжалася ў парках, скверах, на вуліцах і плошчах — усюды, дзе БНФ праводзіў свае акцыі і мерапрыемствы. Ставілі стол і зьбіралі подпісы вайскоўцаў і ваеннаабавязаных пад тэкстам прысягі Беларусі.

Галіна Пазьняк, удзельніца тых падзеяў, успамінае: «Подпісы ставіліся і на плошчы Незалежнасьці. Я памятаю, што пасьля агульнай прысягі, якую паўтарала ўся плошча, амаль уся наша Койданаўская Рада БНФ стала ў чаргу, каб падпісацца пад прысягай, і я (паколькі ваеннаабавязаная і ў мяне быў вайсковы білет як медсястры ў запасе) таксама стаяла ў чарзе і падпісалася. Такіх чэргаў было шмат, па ўсёй плошчы Незалежнасьці. Падпісваліся — і мелі ўрачысты настрой, а пасьля подпісу віншавалі адзін аднаго, усе ўсьміхаліся. Было сапраўды ўрачыста.»

Намэнклятура капітулявала, скрыпучы зубамі. Неўзабаве мы мелі беларускае войска пад прысягай і адпаведнае заканадаўства. Першы міністар абароны генэрал Пётра Чаус імкнуўся гаварыць па-беларуску, прыслухоўваўся да нашых фронтаўскіх меркаваньняў і пачаў плянаваць стварэньне новага войска Беларусі. Цемрашалы ва ўрадзе і Вярхоўным Савеце не маглі такога перажыць. Неўзабаве ім удалося адхіліць ад пасады шчырага генэрала. Прызначылі іншага, Паўла Казлоўскага. Гэты пачаў выганяць з войска беларускіх афіцэраў, перасьледваў БЗВ, навучыўся мянціць языком, трымаць нос па ветры і затрымаўся на пасадзе даўжэй.

(Працяг)