Дата публикации:
02.08.2014
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2014/08/02/ic_articles_410_186202/

Аляксей Янукевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Альтэрнатыўны сцэнар будучыні

Автор: Аляксей ЯНУКЕВІЧ

Аляксей Янукевіч. Фота photo.bymedia.net

Аляксей Янукевіч. Нарадзіўся ў 1976 годзе ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (1997), спэцыялізацыя — кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю; вучыўся ў аспірантуры БДЭУ (2003-2004). Працаваў выкладчыкам эканомікі ў Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Коласа (2002-2003), намесьнікам генеральнага дырэктара сумеснага прадпрыемства “Аркадзія” (2004-2005). Сябра Партыі БНФ з 1996, сябра Сойму Партыі БНФ з 1999), намесьнік старшыні Партыі БНФ (2003-2009). Быў дэлегатам устаноўчага сойму “Маладога фронту” (1997), сябрам цэнтральнай рады (1997-2000), намесьнікам старшыні (1999-2000). У 2009 г. абраны старшынём Партыі БНФ. У 2011 годзе пераабраны Старшынём партыі БНФ. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на выбарах у мясцовыя саветы 2003 і 2007 гадоў, у Палату прадстаўнікоў — у 2004 і 2008. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 года ўзначальваў выбарчы штаб Рыгора Кастусёва.

Мінулыя месяцы на прыкладзе расейскай агрэсіі ва Украіне выразна паказалі, наколькі небясьпечным можа быць Крэмль сёньня. Прычым ягоная небясьпека палягае ня толькі ў той зброі, якой Крэмль валодае і гатовы ўжываць дзеля задавальненьня ўласных вар’яцкіх імпэрскіх амбіцыяў.

Надзвычай вялікую небясьпеку як для суседніх нацыяў, так і для народаў самой Расеі ўяўляе тая хлусьлівая прапагандыская машына, якая атручвае розумы людзей і паралізуе іх здольнасьць разважаць, якая падмяняе думкі таннымі штампамі.

Некалькі месяцаў таму Уладзімір Пуцін заявіў, што «русский мир» сканчваецца там, дзе сканчваецца расейская мова. Гэтым выразам ён імкнуўся акрэсьліць геаграфічныя межы сваіх амбіцыяў. Аднак, па сваёй сутнасьці, «русский мир» сканчваецца там, дзе сканчваецца расейская прапаганда. Бо ён падмацоўваецца гэтай прапагандай.

Сёньня крамлёўскі імпэрыялізм апынуўся каля нашае брамы. Ён ломіцца ў нашыя дзьверы. Ён мэтанакіравана імкнецца паглынуць Беларусь і беларусаў. Ня толькі праз палітычную ды эканамічную экспансыю, калі за фінансавую падтрымку існуючай сёньня ў Беларусі неэфэктыўнай аўтарытарнай палітычнай ды эканамічнай мадэлі вымушае цяперашнія ўлады ўцягваць краіну ў невыгодныя і небясьпечныя палітычныя ды эканамічныя інтэграцыйныя ўтварэньні. Але таксама і праз экспансыю культурніцкую, праз тэлеканалы, праз дзейнасьць пятай калёны.

Крамлёўскі імпэрыялізм навязьліва прапануе беларусам (як, вядома, і украінцам ды іншым нацыям) вярнуцца ў «сьвет галодных і рабоў», у зомбі-інтэрнацыянал, дзе кожнаму ўзамен за свабоду і дабрабыт прапануюць адчуць сябе драбнюткай частачкай агромністай бязьлітаснай машыны, якая можа ператварыць любую краіну ды ўвесь сьвет у атамны попел.

У дадатак крамлёўская прапаганда імкнецца пераканаць людзей, што выбару няма, і што адсутнасьць выбару – гэта проста, надзейна і бясьпечна.

Найлепшы сродак супрацьдзеяньня – паказаць людзям, што выбар ёсьць. Што існуе ясная рэальная цывілізацыйная альтэрнатыва. Менавіта на гэта і скіраваны Народны Рэфэрэндум. Ён ня толькі прапануе беларусам мэханізм мірных сыстэмных пераменаў. Народны рэфэрэндум паказвае беларусам каштоўнасную альтэрнатыву па кожным з тых шасьці пытаньняў, якія людзі вызначылі як найбольш важныя для іх.

Народны рэфэрэндум дае людзям магчымасьць уявіць іншы сцэнар уласнай будучыні чым той, які малюе крамлёўская прапаганда. Дае падставу задумацца аб тым, што магчыма разбудоўваць стасункі ды інтэгравацца з заможнымі і бясьпечнымі краінамі Эўропы. Магчыма надзейна абараняць краіну і без расейскіх вайсковых базаў. Магчыма абіраць і кантраляваць уладу на розных узроўнях.

Самае істотнае – народны рэфэрэндум нагадвае беларусам, што яны маюць выбар. Што яны маюць голас. І ў гэтым палягае асноўная цывілізацыйная альтэрнатыва крамлёўскаму імпэрыялізму.

Падчас кампаніі мясцовых выбараў 2014 году, маючы на ўвазе заклапочанасьць беларусаў тым гвалтам, які пашыраўся ва Украіне, некаторыя агітатары за НР гаварылі, што Народны рэфэрэндум – гэта альтэрнатыва украінскаму сцэнару. Аднак насамрэч сцэнары гвалту, я перакананы, рыхтаваліся не ва Украіне. Таму больш слушна будзе сказаць, што Народны рэфэрэндум – альтэрнатыва не украінскаму, а расейскаму, а дакладней – крамлёўскаму сцэнару. І нашая праца на карысьць Народнага рэфэрэндуму – гэта праца дзеля таго, каб крамлёўскі сцэнар быў адкінуты беларусамі і ніколі не ажыцьцявіўся на нашай зямлі.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.