Общество

Гомельская міліцыя верыць у бамжоў, а не ў прывіды

Апошнім часам ў Гомелі вакол прыватных дамоў на вуліцы Хатаевіча ходзіць шмат розных чутак з серыі “відавочнае-неверагоднае”. Нават “Комсомольская правда” в Беларуси” напісала артыкул, што ў Гомелі прывід напаў на міліцыянтаў.

 

У Цэнтральным райаддзеле міліцыі сапраўды ёсць заява жыхаркі з вуліцы Хатаевіча аб тым, што ў вокны яе дома ўвечары стукаў нехта невядомы. Да таго ж тэлепатычным чынам уключаў тэлевізар.

 

Заяву загадана праверыць участковаму інспектару Уладзіславу Шукелю. Па выкліку на вуліцу Хатаевіча выязджала таксама аператыўна-следчая група з кінолагам і экспертам-крыміналістам. Але нейкіх слядоў прысутнасці здані міліцыянты не здабылі.

 

У гэтыя дні на вуліцы Хатаевіча працуюць рабочыя спецыялізаванага прадпрыемства “Палессе” - зносяць старыя драўляныя дамы ды шматлікія прыбудоўкі, каб пашырыць вуліцу і звязаць тралейбусным рухам 17-ты мікраён з цэнтральнай часткай горада. Некалькі дамоў рабочыя ўжо знеслі, і сёння ці заўтра пачнуць разбіраць і дом №18, дзе нібыта і шкодзілі прывіды.

 

Слядоў прысутнасці нейкіх зданяў рабочыя не заўважылі нават на чыстым снезе.

Рыхтуем вуліцу пад аўтамагістраль. Пакуль знесьлі чатыры дамы. Бабайку не бачылі”, - развесяліўся майстра Андрэй.

 

Вуліца носіць імя бальшавіцкага партыйнага дзеяча даваенных часоў Мэндэля Хатаевіча, рэпрэсаванага яшчэ ў 39-м годзе. Таму трактарыст, схільны да прымхаў, выказвае сваё меркаванне: “Можа быць, ходзіць дух гэтага Хатаевіча? А, можа, барабашка які”?

 

Аднак бальшыня рабочых, што маюць справу з гарадскімі трушчобамі, адмаўляюць існаванне нейкіх звышнатуральных зданяў: “Каб пабачыў, то паверыў бы. А так - не! У Нова-Прудкоўскім завулку мы зносілі дамы, дык там бамжы жылі. Мы прыехалі, і яны сышлі”.

 

Жанчына з кандытарскай фабрыкі “Спартак”, што месціцца на другім баку вуліцы Хатаевіча, жартуе наконт прывідаў: “А-а, мы самі ў прывідах ужо ходзім. Можна верыць ва ўсё - і ў прывіды, і ў што хочаш”.

 

Эксперт-крыміналіст Цэнтральнага райаддзела міліцыі Уладзімір Белавусаў, які выязджаў па выкліку на вуліцу Хатаевіча, падаецца, паставіць кропку ў гісторыі з прывідамі.

 

“Я думаю, што гэта ўсё выдумкі. Там дамы на знос, дык можа які бомж і атабарыўся. Жыльцы самі казалі, што нейкі мужчына неахайнага выгляду там бегаў, не раз быў заўважаны, камяні кідаў, стукаў у вокны. Гэта ён, відаць, і быў. Так што ўсе гэтыя прывіды, падаецца, выдумкі поўныя,” - лічыць эксперт-крыміналіст Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Уладзімір Белавусаў.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева