Другие материалы рубрики «Спорт»

  1. ФХРБ и «Динамо»: кто-то должен уйти
    Что успели и что не успели сделать Евгений Ворсин и Юрий Бородич?..
  2. Новое ЧП в хоккейном чемпионате страны, или Театр абсурда
    На фоне шумихи вокруг дозаявки игроков «Юности» из ВХЛ в ОЧБ, минская команда вышла на очередной матч плей-офф в две пятерки пацанов…

Спорт

Спартсменка Людміла Ваўчок. Стала чэмпіёнкай пасля пералому пазваночніка


Праект парталу
“Будзьма Беларусамі!” ― “Байцоўскі ген”


Гэтая беларуская жанчына не раз ішла насуперак лёсу і стварала сенсацыі.

Перспектыўная лёгкаатлетка, яна атрымала траўму і амаль у нерухомым стане правяла паўтара года ў лякарні. Але пасля вярнулася ў іншыя віды спорту і здабыла шэраг алімпійскіх медалёў.

Летась спартсменка вярнулася на лыжню праз два тыдні пасля родаў.



Людміла Ваўчок нарадзілася ў чэрвені 1981 года ў Смілавічах пад Мінскам. Расла з двума братамі ў працавітай сям’і.

З дзяцінства дзяўчынка вылучалася бурлівым характарам — сапраўдны генератар энергіі. Але аддаваць яе ў спорт дактары забаранілі: парок сэрца. Справа амаль дайшла да аперацыі. Але доктар узяў на сябе адказнасць і адмяніў хірургічнае ўмяшальніцтва.

Потым праблемы са здароўем збольшага адступілі, і Людміла пачала займацца лёгкай атлетыкай, стала чэмпіёнкай Беларусі, узяла бронзу на Кубку Еўропы сярод дарослых. Наперадзе чакала зорная кар’ера.


Пачатак 2000-х. Людміла — перспектыўная лёгкаатлетка.

— Вялася падрыхтоўка да сіднейскай Алімпіяды (2000), але ў апошні момант я не паехала, — згадвае Людміла. — І да Афінаў (Гульні 2004 года) мяне рыхтавалі. Але лёс склаўся інакш.

***

11 верасня 2001 года ў Нью-Ёрку пасажырскія самалёты зруйнавалі два хмарачосы. За трансляцыяй трагедыі сачыў, відаць, увесь свет. Людміла таксама глядзела рэпартажы пра здарэнне ў спартовым інтэрнаце. Тэлевізар дрэнна паказваў. Дзяўчына палезла на дах, каб паправіць антэну.

— І ўпала. Так атрымалася. Усё жыццё рызыкавала, скакала ў ваду з вершаліны дрэва, а тут… Атрымала анатамічны разрыў спіннога мозгу, хоць вышыня была несур'ёзная — усяго два паверхі, — апавядае Людміла пра здарэнне, якое перавярнула яе жыццё. — У бальніцах я праляжала паўтара года. Рухацца амаль не магла. Мышцы прэса адчула толькі праз год.

— І як з такой безнадзейнай сітуацыі ўдалося выйсці?

— Я разумела, што калі адчаюся, лягчэй нікому не будзе. Асабліва цяжка прыйшлося маім блізкім. Сям'я мужна падтрымлівала, асабліва старэйшы брат Саша. Ён нават маці не падпускаў часам мяне даглядаць. Гэта сапраўды няпроста…


Людміла разам з братам Аляксандрам

Людміла ўсё ж пачала рухацца, хоць і давялося сесці ў вазок. Пасля выпіскі з лякарні яна пэўны час працавала з дзецьмі, у якіх ДЦП. Думала пра будучыню. І прыняла рашэнне вяртацца ў спорт. Людміле, як гэта ні дзіўна, мроіліся змаганне і алімпійскія медалі.

***

Трэніраваць яе спачатку ніхто не браўся. Пазней узялася трэнер па лыжных гонках Тамара Шыманская.

Усяго праз дзесяць месяцаў яны паехалі на Паралімпіяду ў Турын, заваявалі золата і два срэбры.

Каб спаборнічаць, Людміла сядае на спецыяльныя санкі. Кажуць, на трэніроўках яна выконвае такі аб’ём працы, што лыжнікі і біятланісты, якія ўдзельнічаюць у звычайных Алімпіядах, хапаюцца за галаву.

Каб было чым займацца ўлетку, Людміла перайшла ў акадэмічнае веславанне. На летніх Гульнях у Пекіне (2008) яна заняла другое месца.

Выступіла спартсменка і на апошніх Гульнях у Лондане, хоць літаральна за паўгода да гэтага нарадзіла дачку.



***

— Насценька з’явілася на свет 1 лютага мінулага года, — кажа маладая мама-спартсменка. — Роды не былі лёгкімі, але праз два тыдні я зноў выйшла на лыжню і пачала рыхтавацца да Лондана.



Дарэчы, як выявілася, кваліфікацыю да Паралімпіяды Людміла праходзіла ў Славеніі, калі была на чацвёртым месяцы цяжарнасці.

У Лондане спартсменка ўзяла бронзавы медаль:

— Раней у веславанні было срэбра. Атрымліваецца, што для поўнага камплекту не хапае аднаго залатога медаля.

У беларускім спорце яна па сапраўднаму заўважная персона не толькі дзякуючы сваім вынікам. Цяжка знайсці больш актыўных людзей, чым Людміла Ваўчок. Яна і з парашутам скокнула, і на футбольных матчах Лігі чэмпіёнаў заўзее за сваіх.



— Люблю актыўнае жыццё, пазітыўнае. І паміж трэніроўкамі-спаборніцтвамі здабываю эмоцыі такім вось чынам. Разнастайваю сваё жыццё. Магу і дачку з сабой на гульні ўзяць. Прывучаю яе да харошых мерапрыемстваў, да актыўнасці. Яна ў мяне таксама аматар такіх паходаў.

Трэба сказаць, што свой побыт Людміла арганізавала так, што пазайздросціць любы мужык. І на машыне ездзіць, і кватэру сабе збудавала.

Не спыняюць яе ніякія перашкоды: нават па сходах на любы паверх, паверце, Людміла заскочыць хутчэй за вас, хоць і ёсць адным з самых публічных змагароў за правы беларусаў, у якіх абмежаваныя магчымасці.

Калі гутарыш з Людмілай Ваўчок, яе мудры аптымізм, рух і шчырасць чаруюць. Вось што такое байцоўскі ген.


Фота Аляксандра Ждановіча

Оценить материал:
Средний балл - 4.87 (всего оценок: 28)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...