Сёмы AD.NAK! Беларускамоўная рэклама шукае ген крэатыўнасці

5 мая стартаваў сёмы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!

5 мая стартаваў сёмы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!. 

Кожны год фестываль прапаноўвае новую ідэю, звяртаючы ўвагу грамадскасці і прафесійнай супольнасці на актуальныя пытанні ў сферы камунікацыі і рэкламы. Ідэя сёлетняга AD.NAK! — “аDNаK — ген беларускага крэатыву”. 

“Фестываль ужо стаў актуальнай і чаканай з’явай. Як пісалі СМІ сем гадоў таму, правёўшы першы фестываль, “Будзьма!” запусціла рухавік беларускамоўнай рэкламы, — тлумачыць канцэпцыю фестывалю каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ініцыятара aDNaK! Ніна Шыдлоўская. — Цягам гэтых гадоў мы імкнуліся акцэнтаваць увагу на розных момантах: і агулам вызначыць становішча беларускамоўнай рэкламы, і даць штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку, і замацаваць беларускую мову ў сферы бізнесу як паўнавартасны і адметны сродак камунікацыі. У мінулым годзе мы надалі асаблівую ўвагу асобе самога рэкламіста. А ў гэтым годзе вырашылі зноў вярнуць увагу рэкламістаў і рэкламадаўцаў да больш глыбокіх, падставовых рэчаў: сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, якія ўжо закладзеныя ў нашых генах”.

За апошнія гады ў Мінску і рэгіёнах Беларусі стала заўважна болей беларускамоўных і беларускаарыентаваных праектаў, а таксама з’явілася пэўная колькасць камунікацыйных прадуктаў па-за ўласна беларускамоўным культурным полем, якія папулярызуюць абсалютна розныя рэчы і паслугі, выкарыстоўваючы візуальныя элементы нашай традыцыйнай культуры.

Спрадвечныя беларускія ўзоры цяпер можна сустрэць не толькі на рушніках або ў музеі, але і на вопратцы, аўто, апошняй мадэлі смартфона і нават на ўпакоўцы харчовых прадуктаў. Тэматыка аўтэнтыкі ўсё больш прываблівае беларускую моладзь. І бізнес, як звычайна, найперш рэагуе на попыт, усё ахвотней стварае рэкламны і камунікацыйны прадукт на падставе традыцыйных каштоўнасцяў.

Фестываль AD.NAK! прапаноўвае аб’яднаць намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе раскрыць свой ген крэатыўнасці!

На думку арганізатараў, прысутнасць беларускай культуры ў рэкламе не павінна зводзіцца да пераносу традыцыйных арнаментаў на сучасныя вырабы. Каб зрабіць прыкметы беларускасці натуральнымі, а нашую рэкламу — адметнай і арыгінальнай, варта іх пераасэнсоўваць і асучасніваць.

“Па сутнасці, фестываль звярнуўся да сваіх вытокаў, але ўжо на іншым узроўні, — адзначыў сустаршыня аргкамітэта фестывалю aDNaK! Сяргей Скараход. — Ідэя гена беларускасці ў тым ці іншым выглядзе была асновай і першага фестывалю, калі мы вылучылі беларускамоўную камунікацыю з усяго таго патоку рэкламы, што існаваў напрыканцы мінулага дзесяцігоддзя. Але сёння мы ўжо не рамантыкі-даследчыкі, сёння, калі мы кажам пра беларускамоўную і беларускаарыентаваную рэкламу, на першы план выходзяць эфектыўнасць праектаў і бізнес-вынікі, якія мы назіраем у гэтым сегменце ў сучасных эканамічных абставінах”. 

Генеральным партнёрам фестывалю трэці год запар выступае кампанія velcom. Да правядзення фестывалю далучыліся таксама 45 арганізацыйных і медыяпартнёраў.

 

Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах фестывалю aDNaK! пачынаецца 5 мая. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 10 чэрвеня. А неад’емная фінальная частка фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску.

Падчас фестывалю плануецца разнастайная адукацыйная праграма з удзелам як беларускіх і замежных рэкламістаў, так і цікавых асобаў з іншых сфераў, якія пашыраюць еўрапейскія падыходы і тэндэнцыі, уплываючы на рэкламу і бізнес-камунікацыю.

Падрабязная праграма будзе абвешчаная напрыканцы мая.




Оставьте комментарий (0)