Юбілей Акудовіча: 60 год у стылі «Мяне няма»

Сам філосаф «паспяхова пайшоў у водную вандроўку, свята перакананы, што без яго не настане ягоны дзень народзінаў», аднак дзень настаў…

 

18 чэрвеня ў сталічнай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» прайшла вечарына, прысвечаная 60-годдзю вядомага філосафа і культуролага Валянціна Акудовіча. Вечарына адбылася ў лепшых традыцыях мысляра, якога за шматразовае прыгадванне адсутнасці ў тэкстах часта асацыююць з выразам з назвы адной з яго кніг — «Мяне няма...».

Акудовіча і сапраўды на імпрэзе не было.

Валянціну Акудовічу 3 гады, паштоўка
Трохгадовы Валянцін Акудовіч

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, паэт Андрэй Хадановіч паведаміў, што калі шматлікія прыхільнікі, чытачы, крытыкі і паплечнікі Акудовіча «духоўна і інтэлектуальна святкуюць», ён 14 чэрвеня «паспяхова пайшоў у водную вандроўку, свята перакананы, што без яго не настане ягоны дзень народзінаў».

 60-годдзе Валянціна Акудовіча. Андрэй Хадановіч

Паводле слоў мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, Акудовіч вырас у мястэчку, дзе да гэтай пары стаяць бюсты Кастусю Каліноўскаму, Іосіфу Сталіну і Уладзіміру Леніну. «У атачэнні гэтых герояў вырас скрозь іранічны, бліскучы метафарыст, шчыры чалавек, які шчодра дзеліцца сваімі ідэямі і разам з намі штодня прадукуе гэтыя ідэі», — сказаў Харэўскі. Ён выказаў упэўненасць, што «нешта можа змяніцца ў гэтым свеце толькі тады, калі на радзіме Акудовіча паўстане яшчэ адзін бюст, які будзе сузіраць астатніх герояў з іранічнай усмешкай, як гэта робіць спадар Валянцін».

Філосаф Аляксандр Грыцанаў назваў Акудовіча «чалавекам еўрапейскага маштабу і геніяльным сучаснікам», які стаў мостам паміж нацыянальным адраджэннем XX стагоддзя і новай Беларуссю XXI стагоддзя.

Культуролаг Максім Жбанкоў падкрэсліў, што ў адзіноце з невялікай суполкай хаўруснікаў Акудовіч «па-партызанску зрабіў неверагодна істотную рэч — рэанімаваў беларускае мысленне». Паводле яго слоў, як любы сапраўдны мысляр Акудовіч з’яўляецца правакатарам і спакушальнікам.

 60-годдзе Валянціна Акудовіча

Падчас вечарыны можна было напісаць на шпалеры верш ў гонар Акудовіча, прыдбаць паштоўку з яго выявай ў трохгадовым узросце, а таксама кнігі з аўтографамі аўтара.

 60-годдзе Валянціна Акудовіча

Акудовіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1950 года у гарпасёлку Свіслач Гродзенскай вобласці, скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут імя Максіма Горкага, служыў ў войску, працаваў экспедытарам, токарам, слесарам, інжынерам, кіраўніком турыстычнага гуртка, вартаўніком, лодачнікам, намеснікам дырэктара Мінскай школы турызму, старшым выкладчыкам беларускага філіяла Інстытута турызму, выкладчыкам і куратарам аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага калегіума, рэдактарам газеты «Культура», часопісаў «Крыніца», «Фрагмэнты», «Перекрестки». Майстар спорту СССР па турызме, лаўрэат шматлікіх прэмій, у тым ліку імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру і «Гліняны Вялес». Узнагароджаны медалём «За воінскую доблесць».

Творы Акудовіча, у тым ліку «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж», «Дыялогі з Богам» і «Код адсутнасці», якія вызначаюцца арыгінальнасцю канцэпцый, глыбінёй, яднаннем думкі і пачуцця, духоўнымі пошукамі, публікаваліся ў шэрагу краін свету.