У «Ноч музеяў» Мінск стане горадам сонца

Матэрыял з унікальнага мастацкага перформанса будзе прадстаўлены на Берлінскім біенале…

 

У ноч з 17 на 18 мая ў вялікім цэху заводу «Гарызонт» (вул. Куйбышава, 22, 2 паверх) пройдзе нават не канцэрт, а мастацкі перформанс пад назвай «Прамень Сонца».

Дзея пачнецца ў 23.00 і працягнецца да 04.00, а пасля ўсе ўдзельнікі разам сустрэнуць узыход сонца.

На канцэрце выступяць знакаміты гурт N.R.M., менавіта іх песня «Прамень» будзе галоўнай кампазіцыяй ўсяго мерапрыемства, малады панк-гурт AMAROKA, DJ Laurel, які выканае свой спецыяльна падрыхтаваны сэт. Замежным госцем стане адзін з лепшых рэгі-гуртоў Польшчы Paprika Korps.

«Ідэя канцэрту належыць Паўлу Альтхамеру — вядомаму польскаму дызайнеру, — распавёў Naviny.by арганізатар мерапрыемства Пётр Клюеў. — Яму спадабалася канцэпцыя, якую прапанаваў беларускі мастак і пісьменнік Артур Клінаў пра тое, што «Мінск — горад сонца». І вось на падставе гэтай ідэі і нарадзілася канцэпцыя мерапрыемства, якое будзе паказваць, што Мінск — сапраўды горад сонца. Пад гэты канцэрт яшчэ зімой быў зняты кліп на песню гурта N.R.M. «Прамень». Хацелася, каб канцэрт быў менавіта начным і менавіта ў цікавым месцы. Начным — каб усе, хто прыйдзе, змаглі разам сустрэць узыход сонца ў горадзе сонца. І такое месца правядзення, як цэх заводу, было абрана за-за таго, што пасля выставы «Радыус нуля», якая праходзіла на «Гарызонце», польскім сябрам спадабалася гэта месца так, што яны знайшлі яго найлепшым і для нашага мерапрыемства».

Арганізатар кажа, што «Прамень Сонца» прымеркаваны да «Ночы музеяў». «Можа, гэта памяшканне не зусім з’яўляецца экспазіцыйнай пляцоўкай, але нам хацелася падкрэсліць канцэпцыю ночы, світанку. Да таго ж, гэта будзе творчае мерапрыемства, таму, як мне падаецца, яно будзе дарэчы ў такую ноч», — дадаў Пётр Клюеў.

Між тым, матэрыял з канцэрту будзе прадстаўлены на Берлінскім біенале: «Паколькі ўдзельнікам мерапрыемства будзе Павел Альтхамер, вынікі ён прэзентуе на Берлінскім біенале».

Па словах арганізатара, усе патрэбныя для правядзення канцэрта дамовы падпісаны, справа застаецца за афіцыйным дазволам Мінгарвыканкаму: «Мінгарвыканкам бліжэйшым часам павінен даць сваю канчатковую рэзалюцыю. Нам паабяцалі, што дазвол будзе хутка падпісаны».

Дарэчы, канцэрт будзе дабрачынным — сабраныя грошы пайдуць на набыццё музычных інструментаў для дзіцячых інтэрнатаў сталіцы.