Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Горад наш


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Вясна зьяўляецца раптоўна. Як крышнаіты на Замкавай — з бразгатам і расьпевам — укліньваюцца ў навакольнае жыцьцё са сваім, іншым. Пачынаецца суіснаваньне.

А яшчэ ў вясны ёсьць свой знак. Сёлетняя пачалася з малітвы. Малітва была сьвецкая, але ў небе яе пачулі, і неба паміж двух дажджоў паказала вясёлку.

Гэта адбылося ў мінулую суботу. А сёмай вечара над Вострай Брамай раптам перастаў ліць дождж, вызірнула сонца і паўстала вясёлка! На вузкай вуліцы перад алтаром зьявіліся людзі — там, там, там. Яшчэ крыху, і іх стала шмат, яны запоўнілі сабою ўсю вуліцу і стаялі нерухома, каб не парушыць настрой, які стваралі неба, вуліца і музыка, што гучала з Вострае Брамы. Неўзабаве музыка сьціхла і мы пачулі ціхі і сьпеўны голас. Гэта была «Малітва да Вільні» (Т.С.), падобная на «Ойча наш», але зьвернутая да горада. Хоць, зразумела, да каго б ні была зьвернутая малітва, яна ўсё адно — да Бога.

«Горад наш, які ёсьць у нябёсах, нябёсы якога ёсьць памяць пра пакутнікаў, творцаў, герояў: Антоні, Астах, Іаан, Скарына Францішак, Каліноўскі Кастусь, ксёндз Станкевіч Адам, і Луцкевічы, і Аляхновіч...

Горад наш, які ёсьць на зямлі, а зямлёю якога ёсьць мы; хто належыць табе і цябе сатварае, табою сатвораны будзе.

Дай нам мудрасьці, Горад, каб вызначыць межы і месца сваё беларускае роўна з табою, на адлегласьці мары прасьветлай.

Дай нам голасу чыстага, славіць імя тваё, Горад, тут, цяпер, і далёка, і блізка, і заўтра, і потым, і вечна,

Вільня».

Словы сьціхлі, а разам зьнікла вясёлка. І зноў загучала музыка, і зноў паліў дождж. Людзі разышліся, разумеючы, што настала вясна і што цяпер так будзе заўсёды.

Нам кажуць: Вільня цяпер чужая і мы тут чужыя, бо Вільня — адрэзаны ломаць. Але што можна адрэзаць ад крыві, ад памяці, ад душы? Вільня, бадай, тая самая, што і заўсёды, — горад, дзе няма чужых, а ёсьць іншыя. Мы — іншыя. Як тутэйшыя палякі ці як літоўцы, як вулічныя музыкі ці крышнаіты — іншыя. Толькі ў монаэтнічным, монамоўным, монагістарычным горадзе іншыя становяцца чужымі. Але гэта не пра Вільню.

Іншым цікава з іншымі — жыць, суіснаваць, разумецца.

Вільня

Нам кажуць: гэта цяпер замежжа. Але што мяжа для вясны, для вясёлкі, для нас? Мы тут нікому не апазыцыя і ніхто не апазыцыя нам. Можа быць, таму, што ў нас тут так шмат сваіх і таму, што вакол — сьцены, якія бачаць нас сёньняшніх, помняць нас колішніх і пазаколішніх.

У адрозьненьне ад аднамернага Горада Сонца, тут — Горад Сэрца. І кожнаму іншаму Вільня — дом.

Мы тут дома, калі дом вымяраць ня межамі, а паселішчамі душы. Мы тут — іншыя. І, як героі Амэнабара, можам колькі хочам паўтараць: «Мы не памерлі. Гэты дом наш».

Мы молімся да Вільні, і Вільня, чуючы нас, не кіпіць ад абурэньня, і Вострая Брама не здрыганецца, і Маці Божая не насупіць бровы. Значыць, усё нармалёва, усё правільна, усё як заўжды. Вясна.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы
.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • I пра тое, што у Вiльнi не размауляюць на роднай мове?
  • Ну няма ў гэтай віртуальнай прасторы нічога драўлянага, каб шчыра і радасна пастукаць. Ты зразумеў. Дзякуй.
  • Такі сьветлы й добры тэкст. І хоць я асабіста ня маю ніякіх сантыментаў да Вільні апроч шкадаваньня за яе вострую непрытульнасьць, неахайнасьць, нічыйнасьць, чыясьці так моцная любоў да яе асьвятляе і мне яе вобраз. Хай бы было як мага болей такіх выплескаў пяшчоты й пачуцьця хараства. Адно любоўю ратуемся. Дзякуй, Сяргей.
  • Дзякуй табе вялiкi, Сярожка, за паэзiю!
  • Вiдавочна, што арол не разумее вужа, "ён парыць у вышынi" ((с) Варашкевiч), а вужык поузае па глебе - няма у яго крылау, у думках ён можа палятаць, але гэта нiчога не зменiць.
  • Як казаў Сталкер, галоўнае -- верыць. Прыгадайце, чаму Дзікаабраз павесіўся. Ён пайшоў у зону за брата прасіць, а яго грашыма заваліла. Напэўна, камусьці выгадна, каб людзі першым чынам думалі пра межы, візы, грошы. Вы кажаце пра транспартныя выдаткі, а паэт пяе -- прылячу, як птушка, думкаю адзінай... Ня варта і такі "від транспарту" скідаць з рахункаў.