Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Віктар Лупасін. СУЧБЕЛЛІТ. Margaritas ante porcos


Лупасiн папярэджвае, што можа не падзяляць некаторых меркаваньняў, выказаных ў тэксьце.

Дружа! Навукоўцы давялi, што з усiх людзей толькi дзесяць адсоткаў здольныя разумець паэзiю. Гэта значыць, што калi, да прыкладу, у Беларусi дзесяць мiльёнаў жыхароў, то ўдзячных чытачоў вершаў сярод гэтае колькасьцi набярэцца ўсяго адзiн мiльён. Калi ты пiшаш для менчукоў, аўдыторыя яшчэ паменшыцца i складзе дзьвесьце тысячаў; нарэшце, калi твая паэзiя настолькi камэрная ды гэрмэтычная, што ацанiць яе здатныя толькi жыхары Гомелю, тады наклады большыя за 50 000 асобнiкаў будуць выглядаць проста глупствам. Кожнаму сваё!

Вiктар Лупасiн 
Вiктар Лупасiн нарадзiўся ў 1982 годзе ў Мiнску, дзе жыве i пацяпер. Працуе ў лiтаратуры з 1998 года, да 2002 выступаў пад iмём Вiктар Iваноў, да 2008 — як Вiктар Ываноў. У 1999-2001 вучыўся на мехмаце БДУ, у 2003-2008 — на фiлалагiчным факультэце БДУ, якi паспяхова скончыў. Аўтар блiзу 400 вершаў i больш за 25 паэм, а таксама значнага аб'ёму прозы. Выступаў i як драматург, i нават як перакладчык. Творы друкавалiся ў наступных выданнях: «Лiтаратура i мастацтва», «Дзеяслоў», «Беларусь сегодня», «Маладосць», «Партызан», таксама ў самвыдатаўскiм друку («Ё», «Вясковыя могiлкi», «Хню») i калектыўных зборнiках («Лiтаратурны квартал», «In Вiльня veritas», магчыма i iншых). У дадзены момант у выдавецтве «Галiяфы» да друку рыхтуецца дэбютная кнiга аўтара пад назвай «Асарцi». Таксама ён распачынальнiк разнастайных музычных праектаў. Творы перакладалiся на балгарскую мову, былi аб'ектамi пародыi. Апавяданне «Слонiкi» аналiзуецца на фiлалагiчным факультэце БДУ ў курсе найноўшай беларускай лiтаратуры, а санетны цыкл «Аўтамабiлi СССР» з'яўляецца першым у славянскай паэзii цыклам аўтамабiльных санетаў. 

Але ж i гэта ня ўсё. Ад дзесяцi працэнтаў (лiчба сама па сабе сьмешная, пагадзiся) трэба яшчэ адкiнуць вар'ятаў, старпёраў i непрыцямных немаўлятаў. Рэальна беларускi паэт можа разьлiчваць на семсот — васемсот тысяч людзей «тут i цяпер» i на некалькi мiльёнаў у будучых пакаленьнях. Усе астатнiя чытачы будуць спасьцiгаць тваю высокую паэзiю празь пераклады.

Такiм чынам, маем семсот-васемсот (для роўнага лiку хай будзе семсот шэсьцьдзесят восем) тысяч патэнцыйных чытачоў. Вiдавочна, першая твая задача — ператварыць iх усiх да аднаго ў чытачоў кiнэтычных. Як гэта зрабiць?

Зрабiць гэта вельмi лёгка. Сакрэт у тым, што пiсаць трэба не сабе — сам ты безь нiякага вершаваньня помнiш тыя пачуцьцi, пра якiя пiсацьмеш. Вершы, як вядома, служаць нам для перадачы паэтычнага перажываньня, а перадаем мы звычайна тым, у каго ў самiх няма, а займець гэта хочуць. Менавiта гэтая перадача перажываньняў адрозьнiвае паэтаў прафэсiйных (як во мы з табой) ад паэтаў у душы (параўн. сьпявак у душы:-). Апошнiя, уласна, складаюць тыя 768 000 чалавек, для якiх мае сэнс пiсаць. Назавем такiх людзей пасыўнымi паэтамi.

Вiдавочна ў гэтай сувязi, што твая мастацкая мова мае быць:

1) у актыўным запасе тваiм

i 2) у пасыўным, але НЕ актыўным запасе тваёй аўдыторыi.

Гэта дакладная матэматычная дэфiнiцыя творчай самабытнасьцi.

(Наконт звычайнай мовы скажу, дарэчы, што людзi, якiя перайшлi з расейскай у беларускую, праз паўгода, авалодаўшы мовай, пачынаюць пiсаць аб'ектыўна лепей за расейскамоўны пэрыяд. Прыклады — ад Крапiвы i Багдановiча да Джэцi, мяне i Людзьмiлы Рублеўскай. Антыпрыкладаў так адразу не накiдаю, можа, якi Мартыненка).

Пагаворым цяпер пра некаторыя памылкi, характэрныя для пачаткоўцаў.

Памылка № 1. Сьцiпласьць

О так. Ня ведаю, што там каго дзе ўпрыгожвае, але, прынамсi, для чалавека творчага сьцiпласьць — сьмяротны грэх. Сьмяротны таму, што ад яе памiраюць.

Колькi ўжо разоў i сам назiраў, i ў расповедах чуў адну й тую карцiну. Вось глядзеце: прыходзiць у лiтаратуру дзяўчынка-паэтка. Слухаеш яе, думаеш: ах, якi будзе цуд, як яна ўжо зараз у свае «наццаць» дакладна перадае свае думкi, як тонка адчувае, якая чысьцiня, шчырасьць або, прыкладам, досьцiп… ага. Праз год зь невялiкiм чуеш наместа паэзii наступны маналёг: маўляў, ну я ж усё адно жа ж ня генiй, дык што я буду лезьцi наперад, што я буду сябе навязваць людзям, якiм я, па вялiкiм рахунку… на гэтым месцы яны змаўкаюць, i паэзii надыходзiць хэпiэнд.

Аналiз беларускай паэзii апошнiх гадоў выявiў канкрэтную лiчбу. Зараз вы яе прачытаеце.

♣ = 97% (1)

97% паэтаў памерлi. Памерлi ад сьцiпласьцi.

Хочаш iмёнаў? Назаву табе адно iмя. Гэтую дзяўчыну я знаю асабiста, адзiн час ведаў даволi блiзка. Алеся Серада. Нiчога табе iмя ня кажа? Рыхтык, нiчога. А цяпер падымi «Першацьвет» за 2000 год або пагартай «Анталогiю маладога верша» прыблiзна гэтых жа часоў — i скажы, што магло атрымацца зь дзяўчыны далей, калi такiя вершы пiсалiся ў дзясятай-адзiнаццатай клясе. Магло. А рэальна — дзеля сьцiпласьцi, якая, як вядома, упрыгожвае чалавека, — з паэткi Алесi Серады не атрымалася нiчога.

Лешак Калакоўскi выдаў ксёнжку пад назвай «Мае слушныя погляды на ўсё». Я не чытаў ксёнжку, але назва дакладная: усе пiсьменьнiкi займаюцца тым, што навязваюць свае слушныя погляды на ўсё. Чым лепей яны гэта робяць, тым лепшыя яны пiсьменьнiкi, а чым горш, тым горшыя. Навязваць сваю творчасьць — ня мэта, а сродак, але: а) дзейсны; б) для творчага чалавека абавязковы.

Падлiчым канкрэтны эфэкт нашых з табою навязкаў.

Задача.

Малады паэт N. N. надрукаваўся ў «Галiяфах» накладам 200 асобнiкаў. Адэкватная аўдыторыя склала 100 чытачоў. У колькi разоў кiнэтычная аўдыторыя паэта N. N. меншая за патэнцыйную, калi вядома, што ў Беларусi налiчваецца 768.000 людзей, здатных да разуменьня паэзii?

Р а з ь в я з а к. Падзелiм аб'ём патэнцыйнай аўдыторыi на аб'ём кiнэтычнае, тады iх суадносiны будуць роўныя

768 000 : 100 = 7 680 (разоў).

А д к а з: у 7 680 разоў.
П ы т а н ь н е: чаму?

Ты скажаш: ну, ня ўсе ж выдаюцца ў «Галiяфах» накладам дзьвесьце асобнiкаў. Ёсьць, скажаш ты далей, i такiя монстры, што выдаюцца ў сэрыi «Дэбют» накладам аж пад тысячу асобнiкаў, ага. Ну-ну, адкажу табе я. Ну-ну, адкажу я i буду мець рацыю.

Зараз патлумачу. Справа, канечне, у тым, што Вiшнёў i кампанiя ладзяць для сваiх пратэжэ шумныя скандальныя прэзэнтацыi, прасоўваюць, працуюць нават i над iмiджам. Кнiжкi гэтыя разьбiраюць як гарачыя пiражкi, прытым тыя, хто iх купляе, ведаюць, што й навошта купляецца. Адсюль вынiк: эфэкт ад 200 асобнiкаў у Вiшнёва можна параўнаць з тысячай у «Мастацкай лiтаратуры» i зь пяцьцю тысячамi ў якiм «Тэхнапрыньце». Такiм чынам паэты-небумбамлiтаўцы, пры ўсёй павазе да iхных лэйблаў, маюць у сярэднiм яшчэ меншую колькасьць адэкватных прачытаньняў. Сто — гэта вельмi шмат. Сто прачытаньняў — гэта максымум.

Цяпер зробiм вось што. Раней дзялiлi 768.000 чытачоў на 100 прачытаньняў, а цяпер падзелiм 100 прачытаньняў на 768.000 чытачоў. Гэта робiцца, каб знайсьцi каэфiцыент карыснага дзеяньня дадзенага паэта.

α = 0,013% (2)

Уражвае лiчба?

Лiчба ўражвае. Вынiк маiх лупасiнскiх падлiкаў уражвае сваёй горкай праўдзiвасьцю, i гэта зусiм не нагода ганарыцца.

Калi мы хочам падлiчыць каэфiцыент карыснага дзеяньня не для аднаго асобна ўзятага паэта, а для ўсёй белпаэзii ў цэлым, нам давядзецца згадаць яшчэ адну лiчбу. Дзевяноста сем адсоткаў. Як ты памятаеш, гэта — доля сьцiплых паэтаў. Вiдавочна, што эфэкт (любы) ад паэзii сьцiплага паэта заўсёды строга роўны дакладнаму нулю, таму мы можам памножыць 0,013%, якiя паказваюць эфэктыўнасьць асобна ўзятага паэта, на тыя 3%, што не памерлi ад сьцiпласьцi. У вынiку атрымаецца наступнае:

β = 0,0004% (3)

Гэта i будзе каэфiцыент карыснага дзеяньня беларускае паэзii пры той утапiчнай умове, што ўсе маладыя паэты выдаюцца выключна ў «Бiблiятэчцы ББЛ», належным чынам рэклямуюцца й адэкватна прачытваюцца. Iншымi словамi, у рэальным жыцьцi каэфiцыент β меншы за 0,0004%, прытым у разы.

Такiя на сёньняшнiм этапе ўмовы функцыянаваньня беларускай паэзii. Вiдавочна, што нам з табой давядзецца гэта пераадольваць.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Я гэты прыклад быў выкiнуў. Яго без майго ведама ў артыкул вярнулi.
  • Віця, мёртвая паэтка А.С. хацела дадаць, што ёсць нашмат больш банальныя рэчы, якія яе забілі :) Наогул я вельмі рада, што ў цябе выходзяць публікацыі і ёсць кніжка, і што ты тут даволі слушна выказаўся.
  • Праблема №2 - мярзотнае скарачэньне "сучбеллiт", але цi вартая яна асобнага артыкула?
  • Праблемы 2, 3 i да т. п. будуць у наступных артыкулах, калi iх хто-небудзь запатрабуе. Iба ё ў мяне справы i памiма журналiстыкi!
  • Перастрахоўка гэтая - 1) ПАРОДЫЯ на гэтую самую сьцiпласьць 2) папярэджаньне, што апублiкаваная вэрсiя можа не супадаць з аўтэнтычнай (у выпадку навiнбайскай публiкацыi яна сабраная рэдактарам зь дзьвюх аўтарскiх i крыху папляжана iнтэрнэтнаю вёрсткай). 3) папярэджаньне, што артыкул стары i лупасiнскае меркаваньне магло памяняцца, як i апiсаная сытуацыя (у выпадку навiнбайскай публiкацыi гэтага, верагодна, не назiраецца). Цяпер да твайго канкрэтнага. Калi браць дзевяноста працэнтаў чытачоў, то ў target group яны не ўваходзяць. А калi дзесяць працэнтаў, то справа не ў чытачох, а менавiта ў пiсьменьнiках. Апроч таго, зьмянiць пiсьменьнiка пiсьменьнiк можа непасрэдна. А зьмянiць чытача - толькi праз уласную творчасьць. Вiдавочна, што ўплываць трэба на тое, на што можна паўплываць.
  • Па логіцы, калі ёсць праблема №1, абавязкова будзе і №2, а можа нават і №3 . Але, як я разумею, разглядацца яна, ці яны, будуць у наступным(ых) артыкуле(ах). Нездарма аўтар Віктар Лупасін перастрахаваўся на самым пачатку сваіх разважанняў-падлікаў, а мабыць і прагаварыўся -- "Лупасiн папярэджвае, што можа не падзяляць некаторых меркаваньняў, выказаных ў тэксьце" Што гэта, як не праява сьціпласьці, пра якую нам аўтар далей і распавядае? Калі ўжо ўзяўся дружа пісаць пра гэтую праблему, так будзь больш жорсткім, упэўненым і паслядоўным у сваіх разважаннях, без усялякіх там "магу не падзяляць". Тым больш, што ты сабраўся пераадольваць сьціпласьць. А цяпер да канкрэтнага. Віктар, табе не здаецца, што насамрэч справа не толькі ў паэтах, а ў часе, а дакладней у чытачах, якія тут і зараз жывуць?