Аляксей Стрэльнікаў. ТАЕТР. Ураджайны год

Раз'яднаная тэатральная супольнасць, разгубленае тэатральнае кіраўніцтва, асцярожная сталасць і пытлівая моладзь. Перакананасць, што тое, што маем, мы ўжо не згубім. Але задаволенасці як не было, так і няма...

 

Аляксей Стрэльнікаў
Аляксей Стрэльнікаў. 25 год. Тэатральны аглядальнік. Хаджу ў тэатр. Пішу пра яго. Размаўляю пра яго. Але люблю, напэўна, ТАЕТР. Тэрмін вынайшаў Б.Брэхт: маўляў, займайцеся самі сваім ТЭАТРАМ, а мы паспрабуем стварыць нешта іншае.

2010 год для беларускага тэатра застанецца годам назапашвання магчымасцяў. Эканамічны крызіс амаль не адбіўся на колькасці і якасці пастановак. Аднак і якасных прарываў амаль не адбылося, а ў адзіным «прарыўным» выпадку — ужо можна канстатаваць, што поспех не атрымалася развіць.

Такім прарывам для Тэатра імя Янкі Купалы і беларускага тэатра ўвогуле зрабіўся сумесны праект с расійскім рэжысёрам Уладзімірам Панковым. Спектакль «Вяселле», лепшы спектакль года, на маю думку, выклікаў менавіта тыя супярэчлівыя водгукі, як і планавалася. Тыя, хто ўспрымае творчасць Антона Чэхава традыцыйна, і тыя, хто прызвычаіўся да ўдумлівай манатоннасці беларускіх спектакляў — гэтай пастаноўкі адназначна не прынялі. Але было і многа такіх, якія здолелі разглядзець у назойлівай рэжысёрскай канструкцыі, у нязвыклых вобразах артыстаў і цікавыя сэнсы, і доўгачаканыя «новыя формы». На фоне іншых прэм'ер тэатра спектакль працягвае вылучацца сваёй мадэрновай вобразнасцю: Аляксандр Гарцуеў і Мікалай Пінігін адзначыліся ў мінулым годзе традыцыйнымі задуменнымі спектаклямі.

Год выдаўся надзіва багаты цікавымі акцёрскімі работамі, як у мужчынскай, так і ў жаночай намінацыі. Ігар Дзянісаў адзначыўся дзвюма цікавымі ролямі ў спектаклі «Вяселле» і «Хам», Ігар Сігаў сыграў Хлудава на сцэне Тэатра імя М.Горкага, пра выкананне Аляксея Бычкова ў гомельскім «Рэвізоры» мы пісалі. Але, тым не менш, звярнуць увагу хацелася б на Дзяніса Паршына, які раптам высунуўся на першыя ролі ў Тэатры беларускай драматургіі. Культавы спектакль «Сталіца Around» надаў артысту смеласці і досведу, і вось минулы год акцёр адпрацаваў многа і па-рознаму, падрыхтаваўшы шэраг падрабязных і акуратных роляў. Яго герой — пытлівы інтэлектуал, які, мажліва, не ў стане змяніць абставіны, але прыстасоўвацца да іх таксама не будзе, такім ён выяўляецца і ў фантазіі пра Максіма Багдановіча, і ў юбілейнай хроніцы пра вайну.

Сярод жаночых роляў асабліва хацелася б падкрэсліць ігру Зінаіды Зубковай у спектаклі «Вяселле». Прызначыць на ролю Нявесты артыстку сталага ўзросту — гэта магло застацца банальным эпатажам. Але на сцэне выявілася стыхія, здань, раптам сфармаваўся стрыжневы вобраз спектакля — гэта цудоўнае патрапленне ў нерв, патрэбу часу.

Цікавае адкрыццё падарыў нам спектакль М.Пінігіна «Translations» — Манус у выкананні артыста Аляксандра Казэла. Артыст сапраўды паказвае, што такое падтрымліваць на сцэне, таму цалкам заслугоўвае ўзнагароды ў намінацыі «the best in supporting role». Сярод жанчын у такой самай ролі самым яскравым уражаннем у 2009 годзе было выкананне шэрагу эпізодаў Марынай Юрэвіч у спектаклі «Кветка для Піны Бауш» Свабоднага тэатра. Бабулька ў адным эпізодзе, артыстка-фанатка ў другім, ёй сапраўды атрымалася ўвасобіць цёмныя мроі герояў, што з'яўляецца прадметам разгледжання ў апошнім спектаклі калектыву.

Рэжысёрам году для мяне адназначна з'яўляецца Кацярына Аверкава, якая якасна заявіла пра сябе як паўнафарматнымі спектаклямі («Вяртанне галадара» у РТБД, «Зіма» ў Купалаўскім), так і яскравымі ўрыўкамі ў рамках фестывальных праектаў («Ана і ананас» на «Март-Кантакце», «Дыялог #1» на «Панараме»). Рэжысёр рэалізаваны і запатрабаваны, Кацярына не стамляецца заклікаць да стварэння ўмоў для лабараторнай работы, каб вынікі творцаў не залежалі ад іх камерцыйных перспектыў. Пакуль такія магчымасці з заканчэннем творчых вну ў творчых людзей сканчваюцца.

Асабістым адкрыццём стаў «Спектакль такой-то» Дзіцячага тэатра «Рондстудыя». Цалкам дарослае выказванне вуснамі сталых ужо падлеткаў. На дзіва па-даросламу дзея была арганізавана, хоць рэжысёрам значыцца дваццацігадовая дзяўчына Любоў Журомская. Спектакль вызначаецца высокай нотай шчырасці і адначасова такім ўзроўнем падтрымкі партнёрамі адно аднаго, які не заўсёды можна назіраць у дарослых спектаклях.

Цікавая тэндэнцыя, што выявілася ў гэтым годзе — феномен мовы і маўлення зрабіўся прадметам тэатральнага мастацтва. Сутыкненні розных маўленчых стыхій мы можам назіраць у спектаклі «Вяселле» і «Translations», а таксама раптам у спектаклі «Калі скончыцца вайна» Тэатра беларускай драматургіі. Для краіны, якая жыве ў абдымках білінгвізму, гэта тэма вельмі і вельмі важная.

Сярод астатніх падзей галопам вылучым цікавы сцэнаграфічны дэбют дызайнера Сяргея Шабохіна (лялечны спектакль «Чэрві»/«Vermes»), вяртанне ў тэатр Паўла Харланчука, гучныя поспехі драматурга Паўла Пражко (Нарэшце і на радзіме! Я маю на ўвазе поспех чыткі «Ураджая»), акцёрскія дэбюты Анастасіі Бабровай (РТБД) і Аляксандра Абрамовіча (Купалаўскі тэатр). Негатыўна год запомніцца мітуснёй вакол рэканструкцый і млявасцю творчай моладзі, стрыманым расчараваннем ад фестываляў.

Год падсумаваў дзесяцігоддзе. Раз'яднаная тэатральная супольнасць, разгубленае тэатральнае кіраўніцтва, асцярожная сталасць і пытлівая моладзь. Перакананасць, што тое, што маем, мы ўжо не згубім. Але задаволенасці як не было, так і няма.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.