Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАРЫ. Новае пакаленьне Беларусі

 

Зьміцер Дашкевіч. Нарадзіўся ў 1981 годзе на беларускім Палесьсі, да 1986 пражываў з бацькамі ў Магаданскім краі, з 1986 года – ў невялікім гарадку Старыя Дарогі Менскай вобласьці, з 2000-га — ў Менску. У 2001 годзе далучыўся да дзейнасьці моладзевага руху “Малады Фронт”, кіраўніком якога зьяўляецца з 2004 года. Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх вулічных акцыяў, за ўдзел у якіх мае больш за паўгода адміністратыўных арыштаў. За дзейнасьць “МФ” у верасьні 2006 быў арыштаваны і пазьней асуджаны на паўтары гады зьняволеньня. У студзені 2008 году Вярхоўным судом вызвалены на паўтары месяцы раней тэрміну. У 2006 годзе штотыднёвікам “Наша Ніва” прызнаны “Героем года”, у 2008 “За мужнасьць і пасьлядоўнасьць у змаганьні за свабоду” ўзнагароджаны ордэнам Кастуся Каліноўскага.

Пасьля “выбараў” 2001 году Лукашэнка заявіў, што ягоная ўлада будзе трымацца на трох складніках – мясцовых саветах, прафсаюзах і моладзі. Зусім за кароткі тэрмін была зьдзейсьнена зачыстка мясцовых саветаў. Цяпер, да прыкладу, сярод блізу з 22 500 дэпутатаў мясцовых саветаў каля 10 чалавек прадстаўляюць дэмакратычную супольнасьць, што ў працэнтным вымярэньні складае 0,044%. Нішто не гаворыць на карысьць таго, што пасьля выбарчага маратону-2010 адсотак гэты павялічыцца. Таксама вельмі хутка было праведзена “ператрахіваньне” кіруючых кадраў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Стартавая пляцоўка кандыдата Ганчарыка перайшла пад поўны кантроль гаранта Канстытуцыі.

Для выкананьня трэцяга пасьлявыбарчага абяцаньня, напярэдадні выбарчай кампаніі-2006, пачаў дзейнічаць артыкул 193’1 Крымінальнага кодэксу, які прадуглежваў і прадугледжвае дагэтуль адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванае арганізацыі. Першымі пад дзеяньне новаўвядзеньня патрапілі лідэры “Партнэрства”, якія плянавалі зьдзейсьніць назіраньне за “выбарамі”. Крымінальны працэс паставіў кропку на дзейнасьці “Партнэрства” і гэтым артыкул 193’1 пацьвердзіў сваю эфэктыўнасьць у барацьбе зь іншадумствам. Правёўшы тэставыя выпрабаваньні, рэжым вырашыў узяцца за моладзь. Крымінальная справа на лідэраў Маладога Фронту была ўзбуджана ў дзень разгону “Плошчы Каліноўскага” , 24 сакавіка 2006 году, і даведзеная да ладу 1 лістапада, калі мне самому пашчасьціла з двух мажлівых гадоў па гэтым артыкуле атрымаць паўтары. Лукашэнку рапартавалі аб выкананьні ягонага палітычнага пажаданьня, агучанага на паседжаньні Рады Бясьпекі яшчэ ў 2004 годзе. “Я не дазволю ў Беларусі дзейнасьці такіх арганізацыяў, як Малады Фронт і Зубр”, – заявіў тады гарант стабільнасьці. Але рапарты былі заўчаснымі. Рэпрэсіўнаму апарату спатрэбілася засудзіць па артыкуле 193’1 КК РБ яшчэ дзесяць маладафронтаўцаў(!), каб зразумець, што трэці пункт пасьлявыбарчай праграмы 2001 году выканаць будзе немажліва.

Цэласны сьветапогляд

Чаму даволі пасьпяховыя і вядомыя ў свой час “зубры” палічылі за лепшае самараспусьціцца і што, з другога боку, дазволіла Маладому Фронту выстаяць у гэтым выпрабаваньні? Адказ на гэтыя пытаньні трэба шукаць у каштоўнасным падмурку.
Многія грамадзка-палітычныя лідэры Беларусі базуюць сваю праграмную дзейнасьць на крытыцы існуючага ладу і таго, хто гэты лад утрымоўвае. Ня дзіва, што і моладзевыя актывісты ставяць за асноўную мэту сваёй дзейнасьці пратэст, які ўвасабляецца ў даволі пашыраным меркаваньні: “Скінем (кагалам) Лукашэнку, а там ужо разьбярэмся”. І першыя, і другія пры гэтым забываюцца, што Лукашэнка ёсьць адно толькі лагічным вынікам нашага з вамі грамадзтва, косьць ад касьці свайго народу. У 1994 годзе яго абралі на дэмакратычных выбарах пераважнаю большасьцю галасоў. І тады, ды і цяпер ён увасабляе чаканьні і ідэалагічныя арыентыры пераважнай/значнай часткі беларускага грамадзтва. У дадатак да гэтага цалкам мажліва такое разьвіцьцё падзеяў, калі з пратэстна-дэмакратычнага асяродзьдзя на зьмену Лукашэнку прыдзе яшчэ горшы за яго. Ужо цяпер можна пачуць галасы барацьбітоў за дэмакратыю аб тым, што Лукашэнка вядзе нас да саюзнай дзяржавы кепска, а яны, гэтыя барацьбіты, зробяць тое лепей. Ужо цяпер некаторыя зь іх прапаноўваюць увесьці расейскі рубель замест апастылеўшага ім “зайчыка”. А што будзе, калі такія лідэры возьмуцца кіраваць 10-мільённым народам? Пытаньне вялікае…

Па гэтых прычынах Малады Фронт ніколі не базаваў сваю дзейнасьць на крытыканстве і не яднаўся вакол лозунгаў: “Супраць ...!”, “Далоў …!” і г. д. Але наадварот, МФ заўсёды надаваў першасную ўвагу каштоўнасным аспэктам, распрацоўцы праграмных і стратэгічных дакумантаў, якія б ставілі за мэту ня крытыку і адно толькі пратэст, але бачаньне разьвіцьця Беларусі на падмурку спавядаемых намі каштоўнасьцяў – нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў. Як гаварыў вядомы рэвалюцыянэр Валодзя Ўльянаў: “Сапраўдная рэвалюцыйнасьць вызначаецца ня гучнасьцю лёзунгаў, але цэласнасьцю сьветапогляду”.

Менавіта каштоўнасны падмурак дазволіў Маладому Фронту вытрываць на няпростым трынаццацігадовым шляху, у той час, калі многія “масавыя рухі”, што меліся аб’яднаць вакол пратэстных лозунгаў моладзь і “пакласьці канец дыктатуры”, згаслі, гаснуць і будуць надалей працягваць гаснуць пры іх узьнікненьні. Дзейнасьць па прынцыпу: “зьяднаемся супраць” яшчэ ніколі і нікому не прыносіла вынікаў. Ва ўсялякім выпадку, станоўчых і доўгатэрміновых.

Ёсьць яшчэ адзін вельмі важкі чыньнік, які адрозьнівае Малады Фронт нават ад некаторых ідэалагічна блізкіх арганізацыяў. Гэтае адрозьненьне палягае ў хрысьціянскім стрыжні, на якім трымаецца наша нацыянальная ідэя. Для значнай часткі і пратэстных дэмакратаў, і нацыянальна арыентаваных патрыётаў гэты хрысьціянскі стрыжань ёсьць “камянём спатыкненьня”, аб які спатыкаюцца і разьбіваюцца многія.

Дастаткова шмат у свой час атрымаў Малады Фронт, ды і працягвае атрымоўвываць, крытыкі за “радыкалізм”, “рэлігійны фанатызм”, “клерыканства” і г.д. Тым ня менш, мы цьвёрда стаім на тым, што нацыянальная ідэя Беларусі, а адпаведна – нацыянальнае Адраджэньне, перамены ў нашай краіне могуць базавацца толькі на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. І толькі хрысьціянскія каштоўнасьці могуць зрабіць гэтыя перамены якаснымі па сутнасьці і трывалымі ў часе. Ну, для ілюстрацыі, абярэм мы заўтра дэмакратычны Ўрад і заменім чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы, але п’яных грамадзянаў будзе больш чым цьвярозых. Ці можна будзе гаварыць нам пра нейкія перамены ў Беларусі? Ну, перавядзем мы заўтра ўсе навучальныя ўстановы краіны на беларускую мову, але абартаваных дзяцей будзе больш, чым народжаных. Хто будзе вучыцца на той мове і размаўляць на ёй, калі, па прагнозах экспэртаў ААН, да канца стагодзьдзя беларусаў застанецца ў чатыры разы меней?! Ці можна будзе гаварыць нам пра нацыянальнае Адраджэньне Беларусі? Адказы на гэтыя пытаньні відавочныя: без духовага стрыжня уся нашая праца – проста нішто. Якая розьніца будзе беларусам напачатку ХХІІ стагодзьдзя ў тым, за што, супраць каго і пад якімі сьцягамі мы змагаліся, калі іх застанецца каля двух мільёнаў?..

У дадатак да ўсяго нацыянальная ідэя, не базуючыся на духовым падмурку хрысьціянства, рызыкуе вельмі хутка пераўтварыцца ў адарваную ад жыцьця дэспатычную ідэалогію. Прыклад імпэрскага мысьленьня і расейскага шавінізму перад намі.

Нашая апазыцыянайнасьць да моладзевых суб’ектаў аўтарытарнай дзяржавы таксама палягае ў ідэалагічнай сфэры, але, канешне, у яшчэ больш шырокіх аспэктах, што ставіць нас у прамое і радыкальнае супрацьпастаўленьне (якраз ад лац. oppositio) беларускаму рэжыму.

Па гэтай прычыне не выпадае зьдзіўляцца, чаму Малады Фронт знаходзіцца ў жорсткай і пасьлядоўнай апазыцыі да кіруючага рэжыму. Хачу тут адразу адзначыць – менавіта рэжыму, які мы ніколі не называем “уладаю”, бо ўлада – гэта Божы інстытут, які ўсталяваны, як гаворыць Біблія, для таго, каб дапамагаць тым, хто робіць дабро, і караць тых, хто робіць зло. Калі ж кіраўнік ня толькі робіць усё з дакладнасьцю наадварот, але яшчэ зьяўляецца і самаабвешчаным, любы чалавек мае поўнае маральнае і законнае права не падпарадкоўвацца такому кіраўніцтву. У гэтым і палягае адзін з асноўных прынцыпаў свабоды. Як гаварыў Джон Лок: “Без свабоды супраціўляцца незаконнай уладзе усе астатнія свабоды губляюць сваё значэньне”.

Але мы пакуль пра іншае. Пра ідэалагічныя адрозьненьні Маладога Фронту ад БРСМаў, піянэраў і іншых нашчадкаў “кастрычніка”.

У той час, калі ідэалогія Маладога Фронту нацыянальная па форме і хрысьціянская па зьмесьце, БРСМаўцы і піянэры лічаць сябе прамымі правапераемнікамі Усесаюзнага ленінскага камсамолу моладзі. Ужо непасрэдна ў гэтым палягае адказ на пытаньне ідэалагічных разыходжаньняў Маладога Фронту з імі. Як могуць супрацоўнічаць людзі, атаясамляючыя сябе з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі і тыя, хто называе сябе імём заснавальніка “чырвонага тэрору”, каторы заклікаў сваіх пасьлядоўнікаў, што рабавалі царкоўную маёмасьць: “Чым большую колькасьць прадстаўнікоў рэакцыйнага духавенства пры гэтым мы здолеем зьнішчыць, тым лепш”(У. Ленін)?

Але, з другога боку, трэба разумець, што пераважная большасьць чальцоў БРСМ абсалютна не ўсьведамляюць, што за каштоўнасьці спавядае арганізацыя, у якую іх загналі ў школе ці ўнівэрсітэце. Больш за тое, гэта не разумеюць нават многія лідэры на месцах. Нават частка актывістаў МФ у свой час былі сябрамі БРСМ. Такім чынам, калі мы гаворым пра мажлівасьць супрацы такіх антаганістычных аб’яднаньняў, як Малады Фронт і БРСМ, можна гаварыць толькі аб пэрсальнальнай супрацы маладафронтаўцаў з актывам і лідэрамі піянэрскіх і камсамольскіх аб’яднаньняў. Мы ведаем шэраг выпадкаў, калі маладафронтаўскіх лідэраў у рэгіёнах запрашалі ў камітэт па ідэалогіі ці ЦК БРСМ і прапаноўвалі падтрымку ў рэалізацыі сумесных праграмаў па беларусізацыі альбо іншых кампаніяў. Натуральна ў такіх выпадках мы не адмаўляліся ад супрацы і лічым яе эфэктыўнай. Бо, па-першае, яна цалкам заснавана на спавядаемых намі каштоўнасьцях і, па-другое, прыносіць канкрэтны вынік для нашага грамадзтва. І гэта ня ёсьць адступленьнем ад нашых перакананьняў, як не было адступленьнем ад Сваіх перакананьняў для Ісуса Хрыста прыходзіць у дамы да фарысеяў і пераконваць іх Свамі поглядамі. Галоўнае – не перамяняцца пад каштоўнасьці гэтага сьвету, а сьвет перамяняць сваімі каштоўнасьцямі.

Адна з задачаў Маладога Фронту – ня толькі закладаць каштоўнасны падмурак у маладое пакаленьне, але яднаць вакол гэтых каштоўнасьцяў і іншыя моладзевыя арганізацыі дэмакратычнага руху. Калі адштурхоўвацца ад прэзэнтаванага Маладым Фронтам інфармацыйнага маніторынгу, які адлюстроўвае дзейнасьць грамадзкіх і палітычных аб’яднаньняў за 2009 год, у Беларусі дзейнічае ня менш 13 моладзевых арганізацыяў і ініцыятываў. Ад абвешчанага у 2007 годзе “Бунту”, які 15 незалежных СМІ цягам 2009 году ўзгадалі 8 разоў, да Маладога Фронту, аб дзейнасьці якога было зьмешчана 2 485 навінаў цягам мінулага году.

У сьнежні 2009 году Малады Фронт стаўся ініцыятарам стварэньня моладзевай кааліцыі “Новае Пакаленьне”, у якую, апроч Маладога Фронту, увайшлі восем аб’яднаньняў – моладзевыя крылы партыяў “ПБНФ”, БХД, БСДП “НГ”, руху салідарнасьці “Разам”, незалежныя арганізацыі Правы Альянс, Ініцыятыва, Вольная моладзь, МХСС “Маладыя Дэмакраты”. Мэта кааліцыі “Новае Пакаленьне” – ня проста каардынаваць сваю дзейнасьць падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы і іншых, але зрабіць усё мажлівае, каб моладзь сталася сур’ёзнай ідэйнай і палітычнай сілаю, якая б уплывала на палітычны працэс, чаго не назіралася падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году і практычна не назіралася падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году. Абсалютна відавочна, што без кансалідацыі моладзевага патэнцыялу ў Беларусі ня можа быць праведзена ніводная сур’ёзная палітычная кампанія, не гаворачы ўжо аб прэзыдэнцкай кампаніі 2011 году. І нашая задача – зрабіць усё мажлівае, каб кансалідаваць гэты патэнцыял, мабілізаваць маладое пакаленьне беларусаў на ўчасткі для галасаваньня і, самае галоўнае, на адстойваньне свайго голасу на плошчы.

Мясцовыя “выбары” як мажлівасьць атрымаць досьвед

Этапам па кансалідацыі моладзевага патэнцыялу ў Беларусі ёсьць і выбарчая кампанія 2010 году ў мясцовыя саветы. Натуральна, мы ўсьведамляем і канстатуем, што выбараў у Беларусі няма з таго самага 1994 году. Па гэтай прычыне панятак “выбары” мы ўжываем даволі ўмоўна і цалкам разумеем тых нашых сябраў, хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Зь іншага боку, для нас вельмі важна ня толькі ідэалагічна фармаваць новае пакаленьне беларускага грамадзтва, але і фактычна, дапамагаючы нашым актывістам набываць досьвед удзелу ў важкіх электаральных кампаніях. Відавочна, што рэжым Лукашэнкі ня доўгатэрміновы. Колькі б яму ні засталося, год ці адзінаццаць. І мы імкнемся, каб тады, калі насьпеюць перамены, нашыя актывісты былі да іх падрыхтаванымі, каб яны мелі досьвед ня толькі арганізацыі мітынгаў і ўдзелу ў іх, але і працы ў сур’ёзных, у тым ліку і выбарчых кампаніях. У адваротным выпадку мы, гадамі ламаючы гэты мур і прабіўшы яго ў рэшце рэшт, апынемся на пэрэфэрыі. У ворганы ўлады ўсіх узроўняў прыдзе чынавенства, перафарбаваная ідэалагічная вэртыкаль, зьмяніўшыя значкі БРСМаўцы. Менавіта неразуменьне гэтых законаў прывяло да нараджэньня ісьціны, паводле якой рэвалюцыю робяць адны, а вынікамі яе карыстаюцца іншыя. Мы ж не жадаем, каб вынікамі нашае работы карыстаўся нехта іншы. Працаваць і зьбіраць плады будзем мы самі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 3.73 (всего оценок: 22)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Рана ранкам маці-квочка гаварыла так сыночку:ТЫ НЕ БІСЯ,НЕ КРЫЧЫ,ТАМ ДЗЕ ТРЭБА- ПАМАУЧЫ!НУ СПЯШАЙСЯ,БО ПАРА,.НУ : НЕ ПУХУ,НІ ПЯРА! ПРАЗ ГАДЗІНУ...МОЖА...ДЗВЕ ЁН ДАМОУ УЖО ІДЗЕ.КАВЫЛЯЕ У ЛЕВА ,УПРАВА,ХОЦЬ СПЯШАЦЦА НЕ ПАРА, А НА ІМ НА САМАЙ СПРАВЕ І НІ ПУХУ ,І НЕ ПЯРА. Вельмі хочацца каб вы паверылі у БОГА.